Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі чыноўнік - назіральнік на канфэрэнцыі ЭЗ


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Брусэлі адбываецца міжнародная канфэрэнцыя "Супольныя дзеяньні – умацаваньне Эўрапейскай палітыкі суседзтва". У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаваў Зьвязу, а таксама 16 краінаў, на якія распаўсюджваецца Эўрапейская палітыка суседзтва. На канфэрэнцыі прысутнічае намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі.

Паводле назіральнікаў, галоўнае пасланьне ад Эўразьвязу краінам-суседзям, якое прагучала на сёньняшняй канфэрэнцыі ў Брусэлі: эканамічнаму супрацоўніцтву – так, сяброўству ў Зьвязе – не.

У выніку Зьвяз праяўляе істотна меншую, чым раней, заклапочанасьць палітычнымі рэформамі і праблемай правоў чалавека ў краінах-суседзях. Гэтых праблемаў наагул не было ў парадку дня канфэрэнцыі, не гучалі яны і ў прамовах выступоўцаў.

Разглядаліся такія праблемы, як паляпшэньне эканамічнай інтэграцыі краінаў Зьвязу і краінаў-суседзяў, энэргетычная бясьпека, праблемы міграцыі. Старшыня Эўракамісіі Жузэ Мануэль Барозу ва ўступнай прамове падкрэсьліў, што праграма супрацоўніцтва – асобная для кожнай краіны-суседа:

Барозу: “Фундамэнтальны прынцып Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва – гэта дыфэрэнцыяваны падыход. Гэтая палітыка ня мела і ніколі ня будзе мець адзінага стандарту для ўсіх. Мы ня можам і ня хочам ігнараваць адрозьненьні паміж нашымі партнэрамі”.

Праўда, пры гэтым спадар Барозу выказаўся супраць дыфэрэнцыяваньня краінаў-сябраў па рэгіёнах, цяпер для Эўразьвязу няма краінаў ці рэгіёнаў, больш ці менш гатовых для ўступленьня ў Зьвяз. Паводле Зьвязу, не гатовы ніхто.

Адносна Беларусі дыфэрэнцыяваны падыход выявіўся ў тым, што краіна была выключаная зь некаторых праграмаў эўрапейскага суседзтва, фактычна яна да Эўрапейскай палітыкі суседзтва не далучаная.

Напрыклад, варта адзначыць, што візы ў краіны Эўразьвязу для беларусаў даражэйшыя ня толькі за візы для ўкраінцаў, але і для расейцаў – грамадзянаў краіны, на якую наагул не распаўсюджваецца праграма Эўрапейскага суседзтва.

Летась у лістападзе Эўразьвяз сфармуляваў 12 умоў паляпшэньня дачыненьняў з афіцыйным Менскам, сярод якіх – дэмакратычныя рэформы, вызваленьне палітычных зьняволеных і правядзеньне свабодных выбараў. Аднак беларускія ўлады лічаць эўрапейскія ўмовы непрымальнымі.

Дарэчы, некаторыя СМІ са спасылкай на эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніту Фэрэру-Вальднэр паведамлялі, што на канфэрэнцыі ў Брусэлі Беларусь будзе прадстаўленая першым намесьнікам прэм''ер-міністра Беларусі Ўладзімерам Сямашкам. Аднак насамрэч прыехаў чыноўнік больш нізкага рангу – намесьнік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі.

Варта адзначыць, што Ўкраіна была прадстаўленая на яшчэ больш нізкім узроўні – яе паслом у Эўразьвязе. Гэта было своеасаблівай дэманстрацыяй Кіева, што праграма добрасуседзтва – ня самая ўдалая форма супрацоўніцтва са Зьвязам, што Ўкраіна – не сусед Эўропы, а яе частка.

Праграма Эўрапейская палітыка суседзтва была абвешчаная пасьля апошняга пашырэньня Эўразьвязу ў 2004 годзе, калі ў яго ўвайшлі 10 дзяржаваў, у тым ліку тры суседкі Беларусі – Літва, Латвія і Польшча. Праграма распаўсюджваецца на 16 краінаў – Альжыр, Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Эгіпет, Грузію, Ізраіль, Ярданію, Лібан, Лібію, Малдову, Марока, Палестынскую аўтаномію, Сірыю, Туніс і Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG