Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхась Тычына: “Новыя навучальныя праграмы па літаратуры – гэта адыход назад у адукацыйным працэсе”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 1 верасьня)

На 1 верасьня школьныя настаўнікі беларускай літаратуры атрымалі ад Міністэрства адукацыі своеасаблівы “падарунак” – новыя навучальныя праграмы па літаратуры. Цяпер выкладчыкі на ўроках мусяць старанна абмінаць тэму рэпрэсій у 30-я гады, ім таксама забаронена гаварыць пра творчасьць некаторых выдатных сучасных пісьменьнікаў. Пра новыя праграмы – гутарка з літаратуразнаўцам, супрацоўнікам Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Міхасём Тычынам.

“Праграмы ананімныя, чаго ніколі не было. Невядома, хто іх аўтары, хто арганізатары, хто кіраўнікі”

Міхась Скобла: “Спадар Міхась, тое, пра што так многа гаварылі й паведамлялі сродкі масавай інфармацыі, – сталася. Новыя навучальныя праграмы па беларускай літаратуры паступілі ў школы. Якое ваша агульнае ўражаньне ад гэтых праграмаў, што займаюць ажно 300 старонак?”

Міхась Тычына: “Хоць пра зьмены ў школьнай літаратурнай адукацыі й сапраўды многа гаварылася, усё ж зьявіліся новыя праграмы нечакана – сама перад новым навучальным годам. І гэтая нечаканасьць прадыктавана, мабыць, нейкімі патаемнымі праектамі. Каб тых, хто мае дачыненьне да нацыянальнай адукацыі, застаць зьнянацку, каб яны не пасьпелі нават адумацца, паразважаць, пытаньні задаць. Што праўда, пытаньні задаваць няма каму: праграмы, як ні дзіўна, ананімныя, чаго ніколі не было. Невядома, хто іх аўтары, хто складальнікі, хто ініцыятары, хто кіраўнікі”.

Скобла: “Са старых праграмаў патрабавалася выдаліць “апазыцыйна настроеных” пісьменьнікаў. Ці адбылося гэтае выдаленьне?”

Тычына: “З праграмаў зьніклі ўсе імёны беларускага замежжа – Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Ларыса Геніюш. Хоць яшчэ нядаўна, гады два-тры таму, гэтыя імёны прысутнічалі ў падручніках. Заўважу тут, што адначасова з беларускімі выйшлі й новыя праграмы па расейскай літаратуры. Дык вось, там эміграцыя прысутнічае ў поўным аб’ёме: і Бунін, і Салжаніцын, і другія. Ну, як Салжаніцына можна выкрасьліць? Гэта немагчыма. А вось беларускія падручнікі могуць абысьціся й без літаратуры замежжа. Хоць ведаю з практыкі, як вучні захапляюцца творчасьцю Натальлі Арсеньневай. Прадстаўнікоў мэтраполіі таксама “пачысьцілі”. Калі Генадзь Бураўкін і Сяргей Законьнікаў хоць у нейкай меры прысутнічаюць (адзін-два вершы, ды й тыя для пазакляснага чытаньня), то Ўладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Вольга Іпатава, Сьвятлана Алексіевіч, Анатоль Сыс з праграмаў зьніклі зусім”.

“Творы Васіля Быкава апошняга дзесяцігодзьдзя ў новай праграме адсутнічаюць”

Скобла: “Мяне трохі зьдзівіла, што не зачапілі Васіля Быкава. Толькі замянілі “Аблаву” на “Сотнікава”...

Тычына: “Тлумачэньне тут простае: у праграме амаль адсутнічае новы Быкаў. Той Быкаў, які незнаёмы, нечаканы, які пракладае новыя шляхі для беларускай літаратуры, акурат гэтаму Быкаву ў школе месца не знайшлося. А наконт замены “Аблавы” на “Сотнікава”... Я лічу, што “Аблава” лягчэй успрымаецца навучэнцамі, асабліва калі гаварыць пра базавую адукацыю. Але для паглыбленага навучаньня ўсё ж, думаецца, найлепш падыходзіць аповесьць “Сотнікаў”. Яна выводзіць навучэнца на шырокія развагі, паралелі, філязофскі роздум”.

Скобла: “Замест выдаленых з праграмы пісьменьнікаў зьявіліся новыя. Адзін зь іх – Георгі Марчук. Яго твораў сапраўды бракавала ў школьных праграмах?”

Тычына: “Думаю, адсутнасьць гэтага імя не заўважылі б ні выкладчыкі, ні вучні... Найперш я наткнуўся на праграму для пятай клясы, дзе зьявіліся Марчуковы казкі “Чужое багацьце” й “Дзікая груша”. Мяне вельмі зьдзівіла, што ўзьніклі яны на месцы выдатнай філязофскай казкі Зьмітрака Бядулі “Сярэбраная табакерка”, якую можна сьмела залічваць у скарбніцу ўсясьветных шэдэўраў. Ня будуць больш чытаць пяціклясьнікі й казкі Ўладзімера Караткевіча. А творчасьць Марчука прадстаўленая даволі шырока: і ў 5-ай, і ў 8-ай, і ў 12-ай клясе, прычым, рознымі жанрамі: і казкамі, і раманам, і п’есай, і “Давыд-Гарадоцкімі канонамі”. Ды яшчэ імя ягонае зьмешчанае паміж імёнамі Рыгора Барадуліна й Аляксея Дударава. Узьнікае пытаньне, як Марчук пачувае сябе паміж “жывымі клясыкамі”?

Скобла: “Думаю, што не камплексуе”.

Тычына: “Хай сабе. Але мне здаецца, што пра той жа Давыд-Гарадок куды лепш у сваіх вершаваных творах напісаў Леанід Дранько-Майсюк. Вось Дранько-Майсюка ў праграме якраз і не хапае”.

“Калі шырока адчыніць браму, то ў яе ўварвецца натоўп графаманаў”

Скобла: “Тут адна цікавая акалічнасьць. Сёлета галоўным інспэктарам па літаратуры ў Міністэрстве адукацыі стала працаваць Зоя Падліпская. Яе імя (вядома ж: так проста супала) зьявілася і ў новай праграме. Цікава, што тамсама зьявілася й імя Таісы Трафімавай – сястры чыноўніцы Падліпскай. Cправа ў тым, што сёстры пішуць вершы, а тут такая надарылася магчымасьць... Я не ўтрымаўся, каб не патэлефанаваць у Мінадукацыі й не спытаць у спадарыні Падліпскай: як яна сябе адчувае ў такой пікантнай сытуацыі?”

Зоя Падліпская: “Гэта ўсё з дазволу кіраўніцтва. Было напісана пісьмо ад Саюзу пісьменьнікаў Беларусі на Міністэрства адукацыі з просьбай уключыць у праграму новыя імёны. І там ня толькі Трафімава й Падліпская, там многа і другіх. Я ж не сама іх уключала. Яшчэ й пыталася дзесяць разоў, наколькі гэта карэктна. Паўтараю, гэта ж не самасудам вырашана: вось я хачу быць у школьнай праграме, дык сама сябе й пастаўлю”.

Скобла: “А што вы, спадар Міхась, думаеце пра гэтыя “новыя імёны”?”

Тычына: “Я ведаю, што некаторыя службовыя асобы, якія займаюць адказныя пасады ў міністэрствах, любяць вершы, самі пішуць і нават зборнікі выдаюць. Але гэта не азначае, што менавіта іх творы павінны прысутнічаць у навучальных праграмах! У савецкія часы такія выпадкі таксама здараліся, калі людзі імкнуліся заняць нейкія пасады, маючы на ўвазе й такую асабістую пэрспэктыву. І калі на гэта не зважаць, то будзе амаль паводле Льва Талстога, які пісаў: “Калі шырока адчыніць браму, то ў яе адразу ўварвецца натоўп графаманаў”. Баюся, што тут мы сутыкаемся якраз з падобным выпадкам. Бо пра творчасьць Трафімавай і Падліпскай я нічога не магу сказаць – ні добрага, ні благога. Я цікаўлюся сучасным літаратурным працэсам, але мне гэтыя імёны нічога не гавораць”.

Скобла: “У праграме яшчэ адно “новае імя” зьявілася – Мікола Мятліцкі. Прычым, у вельмі цікавай рубрыцы “Пошукі наватарства ў галіне формы”, і ў ня менш цікавым суседзтве з Алесем Разанавым. Вам што-небудзь вядома пра Мятліцкага-наватара?”

Тычына: “Мне вядома, што гэта паэт-традыцыяналіст па сваім накірунку, эстэтычных запатрабаваньнях. Найбольш вядомыя ягоныя творы пра Чарнобыль. Думаю, тое, што ён апынуўся побач з Алесем Разанавым, то гэта не на карысьць самому Мятліцкаму. Пры такім супастаўленьні й параўнаньні адразу будзе відаць, хто ёсьць хто. Такі сьпіс для Мятліцкага проста небясьпечны”.

“У праграме слова “рэпрэсіі” нават не сустракаецца. Ня трапілі ў яе і імёны рэпрэсаваных творцаў: Сяргея Грахоўскага, Яна Скрыгана, Алеся Звонака”

Скобла: “Памятаецца, у той сакрэтнай інструкцыі, якая прыйшла з Адміністрацыі прэзыдэнта ў Нацыянальны інстытут адукацыі ўвесну, вымагалася “выключыць са старых праграмаў нэгатыўныя палітызаваныя ацэнкі літаратуры 30-х гадоў”. Ці закранаецца тэма рэпрэсій у новасьпечаных праграмах?”

Тычына: “У разьдзеле “Беларуская літаратура 1930-х – першай паловы 1950-х гадоў” слова “рэпрэсіі” нават не сустракаецца. Не згадваюцца там імёны ні Сяргея Грахоўскага, як аўтара ўспамінаў пра гады, праведзеныя ў лягерах, ні Паўла Пруднікава, ні Яна Скрыгана, ні Алеся Звонака – тых пісьменьнікаў, якія пісалі пра той трагічны час. Гэта, я лічу, вялікі прагал, і, вядома ж, ён не на нашу карысьць. Гэта не працуе на наш нацыянальны гонар, годнасьць”.

“У ангельскіх школах “Гамлета” вывучаюць цэлы месяц!”

Скобла: “Затое (я заглядаю ў праграму) настаўнік будзе змушаны расказваць вучням пра “ўплыў сацыялістычнага рэалізму на літаратуру Ўсходняй Эўропы”. І гэта пры вострым недахопе гадзінаў на айчынную клясыку.”

Тычына: “Літаратура – гэта не абавязкова колькасьць і мноства. Літаратура – гэта найперш імёны й тэксты. Адзін прыклад: навучэнцы ангельскіх гімназій і каледжаў “Гамлета” вывучаюць – цэлы месяц! Там лічыцца, што калі ты ня ведаеш Шэксьпіра, то табе няма чаго рабіць у вялікім сьвеце. Сядзі ў сваім фальварку й нікуды не вытыркайся. Ня ведаеш “Гамлета”, значыць ты – непаўнацэнны англічанін”.

“Новыя праграмы – як перавернуты пясочны гадзіньнік, зь якога высыпаўся ўвесь пясок”

Скобла: “У тлумачальнай запісцы, прыкладзенай да новых праграмаў, гаворыцца пра выхад Беларусі ва ўсясьветную адукацыйную прастору, пра вывучэньне нацыянальнай літаратуры ў суадносінах з усясьветнай. Як вы лічыце, новыя праграмы па літаратуры дапамагаюць гэтым працэсам?”

Тычына: “Вядома ж, гэты парыў ёсьць. Але такое адчуваньне, што тут жа нехта хапае за рукавы, за крысо й адцягвае ўсё назад. Праўда, аб’ём новай праграмы (трыста старонак) дазваляе ўставіць туды шмат новых замежных імёнаў: там і Умбэрта Эка, і Борхэс, і Павіч... Але калі іх вывучаць? Часу на простае знаёмства з гэтымі імёнамі й тэкстамі няма. У ранейшых праграмах для паглыбленага вывучэньня беларускай літаратуры ў старэйшых клясах адводзілася 170 гадзінаў. Цяпер – толькі 51 гадзіна, нават адной гадзіны на тыдзень не прыпадае. Наогул, у мяне ўражаньне ад новай праграмы – як ад перавернутага пясочнага гадзіньніка. Увесь пясок высыпаўся, трэба гадзіньнік назад перавярнуць, каб час у ім не “спыніўся”. Як не “спыняўся” час у тых праграмах, якія гадоў пяць таму складалі выкладчыкі філялягічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам доктара навук Вячаслава Рагойшы... А тут пясок выцек, гадзіньнік спыніўся, адбываецца адыход назад. Вось гэты адыход назад мяне вельмі расчараваў”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
XS
SM
MD
LG