Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла незалежных гарадзенскіх журналістаў


Міхал Карневіч, Горадня Натальлі Макушынай вынесьлі папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным радыё “Нямецкая хваля”, Івану Роману — з радыё “Рацыя”. Абодвум журналістам аб’явілі, што іх матэрыялы носяць тэндэнцыйны характар і могуць пашкодзіць міжнароднаму іміджу Рэспублікі Беларусь.

І Натальля Макушына, і Іван Роман адмовіліся даваць паказаньні супраць сябе. Пракурор Кастрычніцкага раёну Горадні Валеры Павядайка паказаў Макушынай некалькі раздруковак матэрыялаў з сайту “Нямецкая хваля”.

“Гэта былі артыкулы пра тое, як міліцыя шукала бомбу ў будынку, дзе праходзіў зьезд руху “За свабоду!” ў Горадні, і нейкі матэрыял з 2006 году аб фэстывалі нацыянальных культураў. Што ў іх там магло дыскрэдытаваць краіну, ня ведаю”, — кажа журналістка Натальля Макушына.

Пракурор Павядайка адмовіўся выдаць Натальлі Макушынай копію пісьмовага папярэджаньня, хаця сам сказаў, што яна можа яго абскардзіць у судзе:

“А што абскарджваць, калі ў мяне няма ніякіх дакумэнтаў на руках. А пракурор сказаў, што гэта адпавядае заканадаўству, і адмовіўся даваць гэтую паперу, гэтае папярэджаньне”.

Івана Романа сёньня выклікалі ўжо другі раз у пракуратуру Ленінскага раёну Горадні. Яму таксама паказалі раздрукоўкі з сайту радыё “Рацыя”, падпісаныя ягоным прозьвішчам, і зачыталі папярэджаньне. Копію папярэджаньня Іван Роман атрымаў без праблемаў.

Вось што сказаў Іван Роман нашаму радыё пасьля таго, як выйшаў ад пракурора:

“Лічу, што гэтыя дзеяньні ўладаў скіраваныя на тое, каб запалохаць незалежных журналістаў, якіх і так тут адзінкі, але якія не баяцца падаваць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў гэтым горадзе, у гэтай краіне і ў гэтым грамадзтве”.

• БАЖ патрабуе адмяніць папярэджаньне журналісту П.Гузаеўскаму, 08.02.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG