Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: працягваюцца суды над актывістамі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня суд Маскоўскага раёну Берасьця вярнуўся да разгляду справы Юркі Бакура — сябра руху “За Свабоду”. Але рашэньне зноў не прынятае. Адклалі суды і яшчэ над шэрагам грамадзкіх актывістаў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня.

На прапанову Юркі Бакура сёньня ў суд выклікалі старшыню Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Шыманскага. Ён даў суду пісьмовыя даведкі пра законнасьць арэнды памяшканьня, дзе 19 жніўня адбывалася прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”.

Судзьдзя пачынае ўсьведамляць абсурднасьць сытуацыі

Пасьля адказаў на іншыя пытаньні судзьдзі Вольгі Сьмірновай Зьміцер Шыманскі патлумачыў Радыё Свабода:

“Ведаеце, з кожным днём да самой судзьдзі пачынае даходзіць уся абсурднасьць сытуацыі, у якую яна трапіла дзякуючы міліцыянтам. Цяпер яна проста шукае выйсьце з гэтай сытуацыі. Відавочна, што будзе фармальна адхіляць усе пратаколы з фармальных падставаў, а не па сутнасьці справы”.

У мінулую пятніцу судзьдзя Вольга Сьмірнова спыніла разгляд адміністрацыйных спраў Андрэя Шарэнды і Кацярыны Бельскай. Суд высьветліў, што міліцыянты дапісалі пратаколы і зьмянілі вэрсію абвінавачаньня.

“Яны ўжо самі запарыліся ад усёй гэтай хлусьні”

Тое самае і ў справе Юркі Бакура. Ён кажа:

“Мне ўжо проста абрыдла хадзіць у гэты суд. Павал Севярынец ужо 15 сутак сядзіць, а я 15 сутак хаджу ў суд. Яны ўжо самі запарыліся ад гэтай усёй хлусьні”.

Пасьля затрыманьняў у Берасьці 19 жніўня міліцэйскія пратаколы склалі на шаснаццаць актывістаў апазыцыі. Зь іх арыштавалі і асудзілі толькі аднаго — Паўла Севярынца. Але і яму ўжо заўтра час пакідаць турму ў Берасьці. Як далей складзецца судовая сытуацыя?

Людзей будуць трымаць у няпэўнасьці два месяцы

Камэнтуе праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

“Галоўная мэта такая — усіх маладых людзей будуць трымаць у так званым напружаньні два месяцы. Улада мяркуе, што гэтыя людзі будуць сумнявацца — удзельнічаць у акцыях апазыцыі ці не, прыходзіць на іх ці не прыходзіць, распаўсюджваць улёткі ці не, сустракацца — не сустракацца... Ствараецца такі своеасаблівы тормаз”.

Уладзімер Вялічкін таксама паведаміў, што адвакат Паўла Севярынца Павал Алесін падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў Маскоўскага райаддзелу Берасьця падчас затрыманьня 19 жніўня.

І яшчэ адна навіна да тэмы. У гэтыя хвіліны ў суд Маскоўскага раёну Берасьця выклікалі мясцовую журналістку Любоў Праневіч. Яе таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. Падрабязнасьці — пазьней на сайце Радыё Свабода.

• Суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Паўлу Севярынцу 15 сутак арышту, 22.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007
XS
SM
MD
LG