Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра пачнуць судзіць маладафронтаўцаў


Алесь Дашчынскі, Менск 4 верасьня пачнуцца суды над двума маладафронтаўцамі — Настай Азаркай зь Нясьвіжу й Іванам Шылам з Салігорску. 10 верасьня будуць судзіць Яраслава Грышчэню ў Баранавічах. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Крымінальную справу на рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту” распачаў КДБ.

Суд у Нясьвіжы над 25-гадовай актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай пачнецца раніцай 4 верасьня.

Наста Азарка нагадала, што ўлады адмаўляюцца зарэгістраваць “Малады фронт”. Гэты суд не паўплывае на ейную дзейнасьць у моладзевым дэмакратычным руху, кажа дзяўчына:

“Адмаўляцца я ні ад чаго ня буду. Я буду працягваць сваю дзейнасьць, нягледзячы ні на што, ні на які прысуд. І працаваць больш старанна і прадумана, больш грунтоўна”.

Працэс над вучнем 11-й клясы Іванам Шылам пачнецца раніцай 4 верасьня ў Салігорскім раённым судзе. Калі паседжаньне ня будзе пераносіцца, то яно працягнецца два дні. Справа складаецца зь пяці тамоў, а сьведак — больш дзесяці.

Іван Шыла спадзяецца на падтрымку сваіх аднадумцаў:

“Я не хвалююся, не баюся, бо не лічу сябе злачынцам. Я не парушаў заканадаўства. Заканадаўства мусіць супадаць зь нейкімі чалавечымі нормамі й чалавечымі каштоўнасьцямі. І тое, што ёсьць Крымінальны кодэкс, у якім уведзены такі артыкул, я лічу, што гэты Крымінальны кодэкс няправільны і супярэчыць Канстытуцыі.

На судзе, як і цяпер, я не прызнаю сваёй віны. Я ня буду ўдзельнічаць у судзе. І адразу выкажу недавер судзьдзі, бо не лічу гэты суд легітымным наагул. І абвінавачаньні лічу нелегітымнымі”.

5 верасьня Івана Шылу выклікаюць яшчэ й на адміністрацыйную камісію ў справах непаўналетніх. На ёй будуць разглядаць два пратаколы, што склалі нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі падчас вэляпрабегу.

Мікалай Статкевіч мяркуе, што “Малады фронт” найбольш дынамічная, актыўная і таму небясьпечная для ўладаў арганізацыя.

“І ўлада рэагуе абсалютна незаконнымі й абсалютна немаральнымі мэтадамі. Створаны вялікі гвалтоўны апарат падаўленьня. І ён проста пастаянна шукае сабе працу. Пытаньне аб рэпрэсіях можа прыняць ужо самы дробны чыноўнік. Гэта ўнутраная лёгіка аўтарытарнай дзяржавы, унутраная лёгіка сілавых структураў, якія нацкоўваюцца на падаўленьне іншадумства”.

Беларускія ўлады завялі дванаццаць крымінальных справаў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Дзевяць зь іх — на актывістаў “Маладога фронту”. Шасьцёх чалавек судзілі. Лідэра маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча пакаралі зьняволеньнем на паўтара году, а пяцёх актывістаў аштрафавалі. Цяпер суды зоймуцца актывістамі ў Нясьвіжы, Салігорску і Баранавічах.


• “Малады фронт” – пад крымінальным перасьледам, 10.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG