Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Скрабец: “Нам вярнулі ня толькі мэблю, але веру ў справядлівасьць”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Першамайскі суд Менску цалкам задаволіў пазоў бацькоў вядомага апазыцыянэра Сяргея Скрабца, якія прасілі вызваліць з-пад арышту іх хатнюю маёмасьць. Бацькі Скрабца кажуць, што ім вярнулі ня толькі мэблевую сэкцыю, але і веру ў справядлівасьць.

Два дні судзьдзя Вікторыя Макуха вырашала спрэчку пра тое, ці мае права “Беларусбанк” за даўгі Сяргея Скрабца забіраць хатнюю маёмасьць ягоных бацькоў.

Рашэньне прынялі сёньня — на карысьць старэйшых Скрабцоў.

Гаворыць маці палітыка Ніна Скрабец:

“Я была ўпэўненая, што калі справядлівасьць існуе, то будзе рашэньне на нашу карысьць. А калі не, дык прайграем. Мы вельмі задаволеныя вынікам. Ён азначае, што ёсьць яшчэ справядлівасьць і людзі яшчэ засталіся нармальныя, у тым ліку сярод судзьдзяў”.

Нагадаю, Сяргей Скрабец паводле Вярхоўнага Суду павінен выплаціць “Беларусбанку” болей за 500 тысяч даляраў. Палітык ужо адседзеў за кратамі паўтара году, а вось з даўгамі дагэтуль не разьлічыўся.

“Беларусбанк” вырашыў скараціць доўг за кошт маёмасьці, апісанай у кватэры бацькоў апазыцыянэра. Маўляў, перад арыштам Сяргей Скрабец жыў у бацькоў і там схаваў частку сваёй маёмасьці. Аднак старэйшыя Скрабцы з такім падыходам не пагадзіліся.

Бацька экс-дэпутата Мікалай Скрабец — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, былы дырэктар двух заводаў у Лідзе. Мікалай Скрабец прывёў у суд сьведкаў, якія даказвалі, што кватэра ў Менску на вуліцы Гарадзецкай — ягоная, як і маёмасьць у ёй, набытая за пяцьдзясят гадоў працы.

Адметна, што прадстаўніца пракуратуры прапанавала задаволіць пазоў Скрабцоў да банку часткова — старую мэблю бацькам Скрабца пакінуць, а тое, што набыта ў апошнія гады, забраць на карысьць “Беларусбанку”. Але судзьдзя вырашыла, што факт сталага пражываньня Сяргея Скрабца ў кватэры бацькоў не даказаны, таму ягонай маёмасьці ў кватэры няма.

Прадстаўніца “Беларусбанку” сказала, што пакуль ня ведае, ці будзе банк аспрэчваць рашэньне суду. Паводле закону гэта можна зрабіць цягам дзесяці дзён.

Ці аддасьць Сяргей Скрабец калі-небудзе свой доўг банку? Экс-дэпутат кажа, што найлепшым выйсьцем было б аднаўленьне фірмы, у якой ён раней працаваў, але гэтага не дазваляе ўлада. “Улада проста арыштавала грашовыя рахункі фірмы, інакш крэдыт бы даўно вярнулі”, — згадвае Сяргей Скрабец падзеі двухгадовай даўніны.

Перасьлед ён тлумачыць помстай за сваю апазыцыйную дзейнасьць ў складзе дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Магчымасьць аддаць банку паўмільёна даляраў зь цяперашніх заробкаў, паводле Сяргея Скрабца, вельмі малая:

“Для гэтага трэба ўладкавацца на працу. Я быў знайшоў працу у адной фірме, папрацаваў там два месяцы, але дырэктару пазванілі й запатрабавалі мяне звольніць. Ён звольніў, хаця яго гэта ўсё роўна ня выратавала — атрымаў два з паловай гады “хіміі”. А я цяпер увогуле нікуды ўладкавацца не магу”.

• Даўгі Сяргея Скрабца спаганяюць з ягоных бацькоў, 31.08.2007

• У бацькоў С.Скрабца хочуць адабраць маёмасьць, набытую ў “Бярозцы”, 31.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG