Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на "Свабоду": "Прадукты даражэюць і даражэюць без канца"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 3 верасьня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Спадар: “Дарагая “Свабода,” скажыце, калі ласка, як могуць будавацца спартыўныя пляцоўкі, займаюцца землі. Для чаго гэта усё? А хто ж будзе карміць? Прадукты даражэюць і даражэюць без канца. Хто будзе карміць нас? Кітай? У Кітаі паўтары мільярды і зямлі менш, і тое лепш жывуць, чым мы. Як можна далей так жыць з такімі прэзыдэнтам і урадам, якія толькі сабе грабуць і больш нічога?! А народ ніколі ня жыў добра. Пры савецкай уладзе прыгняталі і цяпер таксама прыгнечваюць. Колькі можна такое трываць?! Не дадуць жыць спакойна. Чалавек працаваў-працаваў і ня можа пражыць дастойна. Таблеткі – падробка, мёд – падробка. Зусім нельга вылечыцца. Што гэта за урад?! Няўжо ў яго няма ні сумленьня, ні літасьці?! Да якога часу будзе гэты зьдзек?!"

Спадарыня: “Усё, што пагражае Беларусі ў эканамічным пляне – падвышэньне коштаў, яшчэ больш нізкі ўзровень жыцьця і гэтак далей – Прыбалтыка і краіны Ўсходняй Эўропы перажывалі 15 год таму. Пераходзячы на рынкавую эканоміку. Падманваючы Расею і выгінаючыся перад ёю, Лукашэнка клапаціўся і думаў толькі пра сябе: катаўся на каньках, гуляў у футбол, адпачываў у Сочы і гэтак далей. Пакуты і беды простага беларускага народа яго зусім не турбавалі. Бязьмежны эгаізм гэтага чалавека скалечыў лёс Беларусі і яе насельніцтва. Яго абмежаваны розум апіраецца на хлусьню і падман. Такому чалавеку нельга давяраць лёс нашай Беларусі. Вельмі прыемна было пачуць пра вылучэньне нашага Станіслава Шушкевіча ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Калі б увесь гэты час заміж Лукашэнкі быў Станіслаў Шушкевіч, жылі б мы лепш. Магчыма, ня так, як хацелася б, але лепш, чым цяпер”.

Ігар Пасноў, урач зь Віцебску: “Наконт учорашняга агляду пісьмаў паводле сытуацыі ў школах Беларусі. Катэгарычна ня згодны. Сам я школьны лекар, таму ведаю сытуацыю. Тое, што былы школьнік піша такое, гэта, відаць, выключэньне з правілаў. Сытуацыя з насваем, наркотыкамі і алькаголем у нашых школах значна лепш, чым у Расеі. Мой камэнтар як урача для слухачоў Радыё Свабода. Насвай – гэта ня лёгкі наркотык, гэта курыны памёт... Менавіта таму зь ім цяжка змагацца, таму што да наркотыкаў яго не прыраўноўваюць і за гэта не караюць. Але мы з гэтым змагаемся, тлумачым, і менавіта дзякуючы таму, што ў нас шырока разьвіта сыстэма спорту, далучэньне дзяцей да спартыўных бясплатных сэкцый. Сытуацыя з гэтым у нас такім чынам нашмат лепш, чым у Расеі. Таксама ёсьць у нашай моладзі такая тэндэнцыя: каб нібыта кідаць паліць, яны пачынаюць жаваць насвай. Гэта вельмі шкодна, таму што гэта таксін, атрута, якая ў дзесяткі разоў хутчэй разбурае арганізм, чым цыгарэты. І вось з гэтым мы як раз змагаемся. Пішам у “Мэдычным весьніку,” у часопісе “Здароўе і Посьпех”. Ніхто нам не перашкаджае. Дык давайце ж і на “Свабодзе” будзем весьці барацьбу з гэтым зельлем, з гэтым брудам, з наркотыкамі, а ня будзем ліць бруд на людзей. Давайце будзем гаварыць пра гэта. Запрасіце урача нарколяга, пагаварыце на гэту тэму. Каб моладзь. Якая слухае “Свабоду,” даведалася пра гэта праўду і нічога акрамя праўды. Тады гэта будзе карысна. Вось маё меркаваньне. А калі мы будзем проста крытыкаваць, неправераны бруд пускаць, гэта шкодна для усіх, у тым ліку для моладзі".

Спадар, Ашмяны: “Добры вечар! Слухаў Вашу перадачу сёньня. Там некаторыя грамадзяне выказваліся мянушкамі “лукашысты”. А што калі ў Мілінкевіча прозьвішча Баран, то усю апазыцыю “баранамі” называць? Прыхільнікаў Казуліна “казламі”? Вы запомніце раз і назаўсёды: ёсьць грамадзяне Беларусі. Кожны са сваімі поглядамі, кожны са сваімі меркаваньнямі. І мянушкі ня трэба даваць, таму што усё кіраўніцтва апазыцыі: і Мілінкевіч, і Лябедзька – усе былыя камуністы. Разумееце? Калі разабрацца цьвяроза, то іх усіх трэба адправіць лес пілаваць лобзікам. Меней будуць брахаць, болей будзе парадку. І яшчэ. Я чакаў, што Вы скажаце на маю прапанову. Я раіў усіх гэтых дзівакоў з апазыцыі і дапамагчы убраць хлеб. Ці зрабілі Вы што-небудзь? Ну, пакуль”.

(v0903-13, 14) Спадарыня: “Прысьвячэньне тым, хто церпіць цяпер за свае палітычныя погляды і усім астатнім. Чорны колер такі невясёлы. Ён і я – не суседзі. Так бывае, што людзі-анёлы Уночы шлях ваш асьвецяць. Пад аблёкамі роднымі Крыўда праўду шукае. Абыякавы, згодлівы, Лёс цябе выклікае!”

Уладзімер Зьвернік, рускі чалавек, народжаны ў Маскве: “Паслушнаму вызначэньню аднаго са слухачоў “Свабоды” зацятая бальшавічка лукашыстка, нягледзячы на сваё вясковае беларускае паходжаньне, абазваўшы беларускую мову “гадасьцю,” моцна абразіла ўвесь наш народ. Але ж Бог ёй судзьдзя. Дарэчы, пра судзьдзяў і іншых службоўцаў. Хочацца параіць сапраўднаму беларускаму патрыёту гамельчуку Сяржуку Сямёнаву зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на тую “судзьдзю,” якая “ўкатала” яму амаль што мільённы штраф. А па-другое, на таго памежніка-мытніка, які ў стылі бальшавічкі-лукашысткі асабіста абразіў маладога хлопца, склаўшы на яго пратакол за патрабаваньне блянку дэклярацыі на беларускай мове. Падстава – грубае парушэньне абодвума чынушамі закона Рэспублікі Беларусь аб абавязковым ужываньні двухмоўя ў нашай краіне. Яны ня мелі права паводле гэтага закону: першае – адмовіць маладзёну ў ягонай законнай просьбе, а другое – прысудзіць яму такі велізарны штраф. Гэта яны парушылі беларускае заканадаўства, а не Сяржук Сямёнаў. І тут вельмі добра узгадаць словы Паўла Севярынца ў берасьцейскім судзе аб тым, што ў свой час такіх людзей будуць судзіць так, як яны судзяць нас самі”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу падзякаваць Леху Валенсу і ўсяму польскаму ўраду за тое, што ён вылучыў Шушкевіча на прэмію, што ён яго памятае. Дзякую Вам. Дай Вам Бог здароўя. Таксама дзякую ўсім беларусам, якія падтрымалі Шушкевіча...."

Міхась Барута: “Учора ў праграме “Панарама” вядучы ўзгадаў пра вылучэньне кандыдатуры Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію, абвінаваціў яго ў распадзе Савецкага Саюзу, зьвязваў яго імя зь нейкай карэйскай сэктай, добра што яшчэ не з Аль Каідай, а таксама сказаў, што той паедзе атрымліваць заробак ад гэтай сэкты. Час ведаць лукашэнкаўскаму падпявалу, што не Шушкевіч разваліў Савецкі Саюз, а Савецкі Саюз зваліўся пад цяжарам сваіх злачынстваў. А Шушкевіч і іншыя толькі зафіксавалі факт гэтага развалу. І няхай ён не клапоціцца пра заробак Шушкевіча. Станіслаў Станіслававіч атрымлівае заробак, чытаючы лекцыі ў прэстыжных унівэрсытэтах заходніх краінаў, куды гаспадароў таго вядучага і на парог не пускаюць”.
XS
SM
MD
LG