Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анонсы падзеяў у Беларусі: 3 – 10 верасьня


Падрыхтавала Юлія Шарова

4 верасьня будуць судзіць двух маладафронтаўцаў – салігорскага актывіста Івана Шылу й нясьвіскую актывістку Насту Азарку. Паводле артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу, па якім раней быў асуджаны лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч – за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

“Рэжым ня здолеў задушыць “Малады Фронт” у самым цэнтры, у Менску, і цяпер спрабуе паказаць сваю сілу ў рэгіёнах – у Салігорску, у Нясьвіжы, у Баранавічах, дзе будзе 10 верасьня суд таксама. Каб сапраўды паспрабаваць паказаць сваю сілу напярэдадні вырашэньня пытаньняў і з прэфэрэнцыямі, і напярэдадні “Эўрапейскага маршу”, – мяркуе адзін з кіраўнікоў Маладога Фронту Зьміцер Хведарук.

* * *

4 верасьня Вярхоўны суд разгледзіць скаргу на рашэньне Цэнтарвыбаркаму, які адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, што плянавала зьбіраць подпісы за адмену кантрактаў. Тлумачыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Генадзь Фядыніч:

“Мінюст наагул сказаў, што ня можа такім чынам нам дазволіць зьбіраць подпісы, бо ў нас ёсьць дэкрэт прэзыдэнта, і ён вышэйшы за ўсе працоўныя кодэксы, таму мы гэтага ня можам вам дазволіць. Мы, грамадзяне, з гэтым не пагадзіліся і таму падалі скаргу ў суд”.

* * *

7 верасьня споўнілася б 50 гадоў былому старшыні Цэнтарвыбаркаму Віктару Ганчару. 17 верасьня 1999 году ён зьнік, і ягоны лёс дагэтуль невядомы.

“Разам мы пражылі 17 год, – узгадвае жонка палітыка Зінаіда Ганчар. – Гэта былі вельмі добрыя гады, канечне – цудоўны муж, цудоўны бацька. І гэта жахліва – усё тое, што адбылося. Як ні дзіўна, я працягваю спадзявацца на лепшае”.

* * *

8 верасьня як Дзень беларускай вайсковай славы адзначаюцца ўгодкі знакамітай баталіі пад Воршай. Тады, у 1514 годзе, 30-тысячнае войска пад камандаваньнем Канстанціна Астроскага перамагло больш як 80-тысячнае маскоўскае войска. Ці варта зрабіць такую дату нацыянальным сьвятам? Думка генэрала Паўла Казлоўскага:

“Я мяркую, гэта трэба ўлічваць як гістарычную зьяву таго часу. Пра гэта пісаць у падручніках, казаць у школе. Я мяркую, гэтага дастаткова, бо пасьля гэтага былі больш значныя падзеі, нашмат больш значныя падзеі”.
XS
SM
MD
LG