Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Бураўкін: “Сьвята пісьменства пераўтвараецца ў філіял “Дажынак”


Віталь Цыганкоў, Менск У Шклове прайшло сьвята беларускага пісьменства. Ці не пераўтварыўся гэты дзень у шараговае намэнклятурнае мерапрыемства? Як сёньня выглядаюць узаемадачыненьні паміж дзяржавай і літаратурай? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з паэтам Генадзем Бураўкіным.

Цыганкоў: “Вы не прымалі ўдзелу ў Сьвяце пісьменства. Чаму?”

Бураўкін: “Пытаньне не да мяне. Менавіта ў такім сьвяце я быў бы рады прымаць удзел і, як мне хочацца спадзявацца і верыць, можа, быў бы на ім ня лішнім. У першыя гады існаваньня Sьвята пісьменства я заўсёды з задавальненьнем у ім удзельнічаў.

Але, на жаль, чым далей працягваецца гэта сьвята, тым больш у мяне сумна на душы. Ня толькі таму, што не запрашаюць многіх выдатных нашых пісьменьнікаў, якіх паважаюць у грамадзтве і якіх называюць клясыкамі, але і таму, што сьвяты гэтыя робяцца нейкімі шараговымі мерапрыемствамі. Яны становяцца ці то філіяламі дзён гораду, ці то нейкіх “Дажынак”. Зь Дня пісьменства зьнікае ягоная непаўторнасьць.

І яшчэ адно, што для мяне проста жахліва – усё менш гучыць на такіх сьвятах беларускае слова. Якое гэта сьвята пісьменства, калі яно не па-беларуску?” Цыганкоў: “Па тэлерэпартажах можна ўбачыць, што на сьвята пісьменства пайшлі даволі вялікія бюджэтныя сродкі. Можа, прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі няма на што скардзіцца: маўляў, гэта паказвае ўвагу дзяржавы да беларускага слова?”

Бураўкін: “Але давайце падумаем, на што пайшлі гэтыя грошы. Хіба на падтрымку беларускай кнігі, пісьменьнікаў? Яны пайшлі на добраўпарадкаваньне, на фэервэрк. Але ж галоўныя сродкі павінны накіроўвацца на разьвіцьцё духоўнасьці, на жыцьцё літаратуры, на беларускае слова”.

Цыганкоў: “Падчас Сьвята пісьменства яе арганізатарамі былі ўручаныя літаратурныя прэміі “Залаты Купідон”. Іх атрымалі Ўладзімер Гніламёдаў за раман “Уліс з Прускі”, за раман і за паэзію – Віктар Шніп. Я баюся, што ня ўсе нашы слухачы ведаюць гэтыя імёны – што вы можаце сказаць пра гэтых літаратараў?”

Бураўкін: “Я, бясспрэчна, ведаю, гэтыя імёны. І я бачу, што пры вызначэньні лепшых аўтараў і твораў чамусьці ўлічваліся пісьменьнікі толькі адной суполкі. Ніколькі ня крыўдзячы ані Гніламёдава, ані Шніпа, хачу сказаць, што за апошні час былі куды больш значныя, яркія і таленавітыя кнігі – гэта, напрыклад, Віктар Казько ў прозе, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў у паэзіі.

Вартасьць літаратуры вызначае не прыналежнасьць да нейкай арганізацыі, не палітычныя пазыцыя – у літаратуры ўсё вызначае талент і творы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG