Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускае замежжа": "Падаруй Лукашэнку яго LuNet!"


Тацяна Поклад (pokladt@yahoo.co.uk) Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа” (эфір 28 жніўня).

Актыўныя беларусы з розных кантынэнтаў гэтай восеньню распачынаюць кампанію «Супраць кантролю і цэнзуры ў Байнэце», ініцыяваную некалькімі моладзевымі арганізацыямі з розных краінаў. Гэта, паводле арганізатараў, «цалкам нефармальная ініцыятыва» па правядзеньні сэрыі масавых акцыяў на беларускіх сайтах цягам восені 2007 году, калі ў Беларусі будзе разглядацца закон пра СМІ.

Кампанію арганізавалі беларускія грамадзкія ініцыятывы, якія актыўна працуюць у Інтэрнэце: «Паветра», «Трэці Шлях», а таксама іншыя ініцыятывы-удзельніцы маніфэсту «Разам да Перамогі!».

Ініцыятыву падтрымаў офіс «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі, Камітэт абароны рэпрэсаваных, праект «Наше Мнение», агенцтва «Белапан», АФН, больш за 40 сайтаў Байнэта, многія іншыя грамадзкія ініцыятывы зь Беларусі, а таксама з Расеі і Украіны. 30 жніўня, у дзень нараджэньня кіраўніка Беларусі, стартавала першая акцыя кампаніі – «Падаруй Лукашэнку яго LuNet!»



У ліку асноўных ініцыятараў і арганізатараў – Беларускі моладзевы рух Амэрыкі. Яго лідэр Алесь Вінакураў адзначае, што за болей як за паўтары гады існаваньня арганізацыі ўся яе дзейнасьць і ёсьць змаганьне з цэнзурай і кантролем у Байнэце.

Бясплатные сэрвэры – змаганьне за свабоду слова

«На нашым сайце бачна, што гэтае змаганьне фактычна мы распачалі паўтары гады таму: гэта падтрымка незалежных сродкаў інфармацыі, – кажа алесь Вінакураў. – Так што мы даўно гэта робім, і ўжо ёсьць давер да нас. Мы даем бясплатныя сэрвэры для незалежных беларускамоўных сайтаў. Такім чынам мы падтрымліваем болей за 70 сайтаў, у іх ліку такія вядомыя, як saligorsk.org, www.maladechna.org, mensk.by.

Падтрымліваюцца рэгіянальныя сайты «Маладога фронту» – Сьветлагорскі, Салігорскі, Гомельскі, Гарадзенскі (dzida.org), галоўны сайт Таварыства Беларускай Мовы, які мы і распрацавалі, і рэгіянальныя сайты ТБМ, такія як Салігорскі, Магілёўскі, і шмат іншых сайтаў. Да нас зьвяртаюцца як партыі, так і асобныя палітыкі, – мы падтрымліваем сайт КХП-БНФ, напрыклад, – гэтак і цалкам непалітычныя арганізацыі, і асобныя творцы, мастакі.

На гэтым тыдні распачаў сваю працу сайт пра Народны мэмарыял у Курапатах. Шмат працы робіцца, і будзе яшчэ болей – мы дапаможам усім, хто да нас зьвернецца. На многіх сайтах можна бачыць нашую прапанову пра бясплатны хостынг для незалежных сайтаў.

Віталь, адміністратар moladz.org: «Калі пачнецца інтэрнэт-цэнзура, то многія праблемы так і застануцца ня вырашанымі»

Віталь, адміністратар парталу moladz.org, які далучыўся да кампаніі супраць цэнзуры ў байнэце, адзначае: «Рэальна ў кожным грамадзтве, у кожнай краіне ёсьць праблемы. Гэта зразумела. Гэтыя праблемы трэба вырашаць. Трэба разам і дзяржаўным, і недзяржаўным СМІ ўздымаць гэтыя праблемы, каб зьвярнула ўвагу дзяржава, людзі, і сумесна шукаць шляхі вырашэньня гэтых праблемаў. Калі пачнецца інтэрнэт-цэнзура, інтэрнэт-блякада, то многія праблемы так і застануцца ня вырашанымі».

«Для гэтага мала дзяржаўнай ці незалежнай прэсы, – падкрэсьлівае Віталь. – Нам патрэбныя сайты, блогі, форумы, на якія заходзяць звычайныя людзі і выказваюць свае думкі ці дзеляцца інфармацыяй. Вось гэта асноўная прычына, чаму мы далучыліся і выступаем супраць блякады ў інтэрнэце».

Дарэчы, сайт moladz.org зьявіўся ў выніку забароны моладзевай ініцыятывы «Вока», якая дзейнічала спачатку не ў віртуальнай, а ў рэальнай, фізычнай прасторы. Калі гэта сталася немагчымым, моладзь захавала сваю суполку дзякуючы інтэрнэту.

Цяпер, калі цэнзура і кантроль пагражаюць інтэрнэту, шмат моладзевых праектаў, і ня толькі палітычных, – пад пагрозай, кажа Віталь.

«Інфармацыйны праект moladz.org узьнік на базе моладзевай ініцыятывы «Вока», якая вельмі актыўна працавала – гэта і фан-клюбы беларускай музыкі, і акцыя «Вярніце праспэкт Скарыны», і штурм фм-а, і акцыя «Хочам вучыцца па-беларуску», якая працягнецца і сёлета. Але ў 2005 годзе «Вока» было закрытае, таму што выйшаў новы загад аб рэгістрацыі ініцыятываў і рухаў. І мы былі вымушаныя закрыць арганізацыю, каб не парушаць закон.

Але мы працягваем жыць актыўна. У выніку нарадзіўся праект такой інтэрнэт-супольнасьці, дзе мы проста зьбіраемся, абмяркоўваем навіны, слухаем музыку.

Цэнзура пагражае нашаму існаваньню. Сайт moladz.org – гэта унікальны праект, там злучаецца і інфармацыя (і ня толькі з незалежных крыніцаў, але й з дзяржаўных), ёсьць маладзёвыя кліпы, маладзёвы флэнг, плянуецца запусьціць беларускую музыку, рынг-тоны для мабільнікаў. Гэты праект – непалітычны. Ён створаны дзеля падтрыманьня беларускай мовы і культуры, захаваньня гісторыі, цалкам у рамках закону».

Апошняе апірышча свабоды ў Беларусі

«Праблема кантролю Інтэрнэта датычыць некалькіх мільёнаў беларусаў. Таму мы лічым важным узняць гэтую тэму на беларускай і замежнай мэдыяпрасторах, зьвярнуць на яе ўвагу палітыкаў, СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Нельга дапусціць, каб апошняе апірышча свабоды ў Беларусі зьнікла. Настаў час паказаць, што нават ва ўмовах віртуальнага сьвету мы можам прадэманстраваць рэальную салідарнасьць. Мы не павінны дапусьціць пераўтварэньня Беларусі ў варожы Інтэрнэту Кітай!», – заявіў адзін зь ініцыятараў акцыі, каардынатар інтэрнэт-супольнасьці «Трэці Шлях» Павал Марозаў.

У нядаўняй справаздачы праваабарончай арганізацыі “Freedom House” Беларусь названая ў тройцы краінаў СНД, дзе сытуацыя са свабодай друку найгоршая. “Freedom House” канстатуе, што «беларускі рэжым мае і жаданьне, і магчымасьці абмяжоўваць інтэрнэт, і гэтыя магчымасьці нашмат больш шырокія, чым проста блякаваць і фільтраваць інтэрнэт».

У справаздачы гаворыцца, што «пагроза адкрытасьці інтэрнэту ў Беларусі будзе павялічвацца, калі набудзе моц закон, які павялічыць кантроль дзяржавы над сецівам, з тым каб улады мелі магчымасьць рэгуляваць і блякаваць інтэрнэт».

«Інтэрнэт-цэнзура ўжо пачынаецца»

Віталь кажа, што пагроза свабодзе слова ў інтэрнэце ў Беларусі сапраўды вельмі сур''ёзная.

«Падчас палітычных кампаніяў, акцыяў у Беларусі сапраўды адбываюцца DOS-атакі. Праўда, ніхто ня можа даказаць, ці дзяржава гэта робіць, ці нейкая прыватная асоба, але гэта факт, што DOS-атакі на сайты былі і сайты блякаваліся. Незалежным сайтам было асабліва цяжка працаваць у часе палітычных кампаніяў у Беларусі, і беларускім карыстальнікам было цяжка альбо ўвогуле немагчыма адкрываць незалежныя сайты. У Беларусі таксама зараз распачатая справа супраць сайту АГП, зь ім судзяцца, і хутчэй за ўсё сайт прайграе і будзе вымушаны плаціць штраф. Гэта ўжо пачынаецца інтэрнэт-цэнзура».

Праграміст Алесь Вінакураў з ЗША, спасылаючыся на свой досьвед працы для беларускіх незалежных сайтаў, перакананы, што напады на незалежныя сайты чыняць беларускія ўлады, і гэта настолькі відавочна, што не патрабуе асаблівых доказаў:

«Ну, што тут даказваць, – сьмяецца Алесь, – і як гэта можна зрабіць у такой краіне, як Беларусь, дзе няма незалежных судоў?! Але хто ў такіх нападах зацікаўлены, апрача беларускіх спэцслужбаў?! Камэрцыйнай выгады ад нападаў на беларускія незалежныя сайты ніякай няма. Ці маглі б гэта зрабіць нейкія прыватныя асобы, хакеры? Думаю, не, – навошта ім гэтым займацца?! Так што тут відавочна, хто гэта робіць – беларускія ўлады. І я не думаю, што нейкія доказы патрэбныя».

Беларускія ўлады засылаюць шпіёнаў у моладзевыя інтэрнэт-супольнасьці

Алесь Вінакураў падае і канкрэтны прыклад нападу на адзін зь незалежных сайтаў – сайт maladechna.org, для якога, у ліку іншых 70 незалежных беларускамоўных сайтаў, Беларускі моладзевы рух Амэрыкі забясьпечвае бясплатны хостынг:

«Напрыклад, спэцслужбы ўводзяць свайго чалавека ў моладзевую суполку, каб мець свайго чалавека на тыя моманты, калі трэба прыпыніць працу сайту. Я дакладна ведаю, што адбывалася з сайтам maladechna.org у сакавіку. Яго спрабавалі зачыніць, і было некалькі нападаў.

Мы аднаўлялі гэты сайт ня раз, дапамагалі там хлопцам разабрацца. І мы дакладна высьветлілі, што адбывалася. Спэцслужбы здолелі ўвесьці ў іх суполку сваіх шпіёнаў, каб яны, у ліку іншага, адключылі сайт maladechna.org напярэдадні 25 сакавіка. І яны гэта зрабілі. Але мы здолелі ўсё адладзіць, калі зразумелі, у чым справа. Так што барацьба ідзе. Абаронцы дыктатарскага рэжыму ня сьпяць, але і мы ня сьпім».

«Параўнайце сайт БРСМ і сайт «Н.Р.М.»

Беларускія актывісты ў сеціве адчуваюць сябе упэўнена, яны перакананыя, што дыктатура прайграе. Алесь Вінакураў кажа, што змаганьне беларускай дыктатуры зь сецівам падобнае да барацьбы зь ветракамі, а слабыя здольнасьці беларускай улады ў віртуальнай прасторы прызнае і сам кіраўнік Беларусі. «У інтэрнэце прысутнасьць беларускай дзяржавы – нязначная. У ліку дзяржаўных сайтаў няма ніводнага з аўдыторыяй большай за 5 тысяч», сказаў Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы з журналістамі «Советской Белоруссии» ў жніўні сёлета.

Мой суразмоўца заўважыў, што незалежныя беларускія сайты выйграюць у параўнаньні зь дзяржаўнымі таму, што робяцца не паводле загаду, а сапраўды з душой. «Параўнайце сайт БРСМ з сайтам гурту «Н.Р.М.», напрыклад, і самі скажыце – на які сайт вам захочацца вярнуцца ізноў», кажа Алесь Вінакураў.

Кампанія супраць цэнзуры і кантролю ў Байнэце – магчымасьць для беларусаў абараніць апошнюю выспу свабоды, якая існуе ў інтэрнэце, сваё права на свабодныя інтэрнэт-супольнасьці, дадае Алесь.

Таму, адзначаюць моладзевыя актывісты, патрэбная салідарнасьць беларусаў у змаганьні супраць цэнзуры і кантролю ў Байнэце. Ініцыяваная кампанія мае быць доўгатэрміновай і разнастайнай.

LuNet – гэта інтэрнэт, пра які марыць Лукашэнка

Першая акцыя гэтай новай вялікай кампаніі – «Падаруй Лукашэнку яго LuNet!», – прымеркаваная да дня нараджэньня кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, 30 жніўня. У гэты дзень прынамсі 40 сайтаў размясьцілі ў сябе спэцыяльныя банэры, якія вядуць іх наведвальнікаў у LuNet – правобраз Інтэрнэта ў разуменьні Лукашэнкі – у прыватнасці, на яго пошукавы сэрвіс Lundex, відэа-сэрвіс LuTube, блогі LuJournal, “самы чэсны партал” Tut.Lu.



Акцыя закліканая прадэманстраваць абсурд і небясьпеку патрабаваньняў Лукашэнкі кантраляваць Інтэрнэт у Беларусі больш жорстка.

Як далучыцца да кампаніі і да першай акцыі? Ініцыятары прапаноўваюць кожнаму ахвотнаму сайту ўсталяваць у сябе адмысловы плагін, які будзе адкрываць пры загрузцы першай старонкі сайту на кароткі час банэр зь інфармацыяй аб праблеме і салідарным стаўленьні да яе неабыякавых да свабоды слова ў інтэрнэце беларусаў.

На глябальным узроўні

«Мы плянуем зрабіць віртуальны ІТ-цэнтар, – распавядае пра далейшыя пляны Алесь Вінакураў. – Мы і цяпер дапамагаем нямала, але паспрабуем больш дапамагаць беларускім незалежным сайтам, і на лепшым узроўні. Будзем спрабаваць браць новыя сэрвэры, каб хутчэй сайты працавалі.

Мы ўжо паўтары гады ўсім, хто сапраўды хоча стварыць беларускамоўны незалежны сайт, дапамагаем і падтрымліваем. Не было ні разу такога выпадку, каб мы адмовілі. Так што гэта ўжо робіцца ў глябальным памеры. Ну, і зараз мы спрабуем аб''яднаць намаганьні актывістаў, якія гэтым займаюцца, з розных арганізацыяў, і прыватных асобаў, каб стварыць нешта больш глябальнае, на лепшым узроўні».

Беларусь у дзясятцы найгоршых парушальнікаў свабоды слова, 22.06.2007 Глябальная дыяспара маладых беларусаў, 14.11.2006
XS
SM
MD
LG