Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс “БНР-2008”


Радыё Свабода Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? Уявім сабе: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году... Пра гэта мы прапануем нашым слухачам напісаць нам у рамках новага конкурсу “Свабоды” – "Адзін дзень у БНР-2008". Конкурс прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А пакуль – на нашыя пытаньні адказвае сябра журы конкурсу Сяргей Шупа.

Бушлякоў: Сяргей, Вы некалі выдалі двухтомнік “Архівы БНР”. Як Вы ставіцеся да твораў у жанры ўтопіі, альтэрнатыўнай гісторыі?

Шупа: Сьпярша пра архівы - яны, можа, з прычыны няпоўнай “рэаалізаванасьці” самой БНР, сёньня чытаюцца амаль як бэлетрыстыка, літаратура ў стылі “фэнтэзі”. Тым ня менш, калі гаварыць пра такі жанр - альтэрнатыўная гісторыя, утопія-антыўтопія – ён зусім не пярэчыць гістарыяграфічнай “строгасьці”. Такія творы я чытаю зь вялікай прыемнасьцю - у галаву найперш прыходзяць прыклады расейскай літаратуры, можа, з-за геаграфічнай блізкасьці і пэўнай павязанасьці з гісторыяй Беларусі. Назаву тут хоць бы “Востраў Крым“ Васіля Аксёнава, “Масква 2042” Ўладзіміра Вайновіча або “Невяртанец” Аляксандра Кабакова.

Розьніца паміж імі ў тым - дзе знаходзіцца “пункт біфуркацыі” , дзе сьцежкі гісторыі разыходзяцца. Калі “сёньня”, а гаворка ў творы пра будучыню - дык гэта літаратурная футуралёгія, накшталт Орвэлава “1984”. А калі недзе ў мінулым, а ў творы апавядаецца пра тое, што магло б быць сёньня - тады ўжо гэта альтэрнатыўная гісторыя, як і ў нашым выпадку. Паводле ўмоваў нашага конкурсу, да 25 сакавіка 1918 году падзеі разьвіваліся як і ў “нашай” рэальнасьці, а пасьля... вось пра тое, што адбывалася пасьля і напішуць удзельнікі конкурсу.

Бушлякоў: Што для Вас важнейшае ў такіх творах – арыгінальнасьць, яскравасьць фантазіі або праўдападобнасьць?

Шупа: Мабыць, важнае і адно і другое. Што да праўдападобнасьці... У тых, хто зьбіраецца падыйсьці да конкурсу сур''ёзна з гістарычнага гледзішча будзе даволі складаная задача. Бо ўжо гісторыкі зрабілі заўвагу, што знайсьці тую “пераможную” для БНР гістарычную сьцежку, упісаць перамогу БНР у тагачасны палітычны кантэкст будзе даволі цяжка. Спэкуляцыі могуць быць розныя – або немцы мусілі не прайграць так лёгка, або нешта мусіла здарыцца ў бальшавіцкай Расеі... Гэта мне нагадвае складаную шахматную задачу – вось вам сытуацыя на дошцы, трэба знайсьці рашэньне, дзе бел-чырвона-белыя выйграюць.

Можна, праўда, знайсьці і нетрывіяльнае рашэньне. Аксёнаў зрабіў з Крымскага паўвострава востраў, што дапамагло Белай арміі там утрымацца і стварыць незалежную дзяржаву,

Бушлякоў: Калі б Вы сам удзельнічалі ў гэтым конкурсе – што б Вы напісалі?

Шупа: Я, мабыць, напісаў бы тое, што мне сёньня найбліжэйшае жанрам – выпуск навінаў Беларускага дзяржаўнага радыё.

***



Творы ў электронным фармаце дасылайце на адрас svaboda@rferl.org да 15 сьнежня 2007 году.

Найлепшыя творы прагучаць у эфіры і будуць апублікаваныя ў выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.
XS
SM
MD
LG