Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Канец цытаты: 25.08.2007 – 31.08.2007</B>


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Увогуле, вінавацяць яны проста жудасна. Мы будзем абскарджваць, бо нас вінавацяць у хуліганстве. Нібыта наш надпіс зьневажаў грамадзтва. Я ня думаю, што надпіс “Беларусь – гэта сьвятое!” можна залічыць як хуліганства. Яшчэ няхай калі б яны напісалі, што нешта пашкоджана, патрэбны рамонт. Не, яны напісалі, што гэта хуліганка, што мы гэтым надпісам некага прыніжаем. Карацей, вось такія жахі".

Наста Палажанка, моладзевая актывістка – пра затрыманьне ў Нясьвіжы трох яе паплечнікаў.

"Гэта залежыць ад узроўню нашай палітычнай інтэграцыі, а таксама ад меркаваньняў экспэртаў, дыпляматаў, вайскоўцаў: патрэбна, можна, калі, як. Я маю на ўвазе аб''екты, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі".

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” у адказ на пытаньне “Ці будзе Расея разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя вайсковыя аб’екты (у сувязі з разьмяшчэньнем амэрыканскай СПА ў Эўропе?)”.

“Ніякіх плянаў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі ў РФ няма”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – у інтэрвію агенцтву ИТАР-ТАСС, у якім ён тлумачыў сваё інтэрвію “Інтэрфаксу”.

“Расейскі амбасадар у Беларусі дазволіў сабе, мякка кажучы, несяброўскія выказваньні на адрас нашай краіны. У інтэрвію ён казаў, што ў Беларусі магчымае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі. Ні расейскае міністэрства замежных справаў, ні расейскі ўрад, ні расейскі прэзыдэнт ніяк не адрэагавалі на гэтую заяву, не абверглі яе. Таму мы робім выснову, што гэта пазыцыя расейскага ўраду, пазыцыя расейскага прэзыдэнта. На знак пратэсту супраць такога стаўленьня да нашай краіны мы рвалі партрэты прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна. Беларуская моладзь абірае Эўропу, абірае незалежную Беларусь, а з усходняга боку ўвесь час зыходзіць пагроза незалежнасьці нашай краіны”.

Яўген Афнагель, моладзевы актывіст , адзін з арганізатараў «Эўрапейскага маршу» – пра разрываньне партрэта прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

"Галоўным было зьнішчыць інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Сталін баяўся людзей, як ён казаў, “мыслящих”. Кожны дзень наркамам унутраных спраў БССР у 1937-38 гадох Берману і Наседкіну недзе каля 11-й званілі з Масквы і дапытвалі, колькі расстраляна, колькі арыштавана. Прычым арыштоўваць загадвалася людзей менавіта адукаваных. Паэты Сяргей Грахоўскі і Павел Пруднікаў, якія зьведалі жах той пары, узгадвалі: з арыштаванымі на допытах заключаліся своеасаблівыя дамовы – здай ня менш за пяць адукаваных знаёмцаў – і ты вольны... Так нацыю рабілі бяздумнай”.

Леанід Маракаў, пісьменьнік, дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў – у адказе на пытаньні слухачоў у перадачы «Госьць на Свабодзе».

“Калі ніводзін прадстаўнік апазыцыі не аддае сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы... Дзе тыя людзі з БНФ, АГП, Грамады — у іх жа дзеці ёсьць, чаму яны не дабіваюцца, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску? Не, яны спакойна адпраўляюць дзяцей у расейскамоўныя школы. А потым там дзе-небудзь у Варшаве, у Беластоку расказваюць пра дэмакратыю”.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы – пра стан беларускамоўнага навучаньня.

"Здароўе жанчыны залежыць ад таго, хто зь ёй побач. Кахаючы муж можа нават хворую жанчыну зрабіць здаровай, і наадварот".

Леанід Путырскі, галоўны мамоляг Міністэрства аховы здароўя Беларусі – падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце "Свабоды".

"Праца пачалася і, я думаю, мы яе завершым да 1 кастрычніка. Мы ўжо прыблізна ведаем, як правільна карыстацца формулай, якая прапісана ў кантракце. Разуменьне наша і "Газпрому" па яе выкарыстаньні павінна цалкам супадаць... цана на газ на 2008 год вызначыцца ў канцы гэтага году або нават да сярэдзіны студзеня".

Вінэрый Ваўчуга, намесьнік кіраўніка «Белтрансгазу» – пра пэрспэктывы ўзгадненьня цаны на газ для Беларусі на наступны год

“У нас не было ніякага допінгу. Сала! Лепшы допінг – сала”.

Рамуальд Клім, алімпійскі чэмпіён па кіданьні молату 1964 і 1968 гадоў – у перадачы «Начная Свабода».

“Думаю, што прычынай татальнай зачысткі школьных праграмаў ад маіх тэкстаў ёсьць ня толькі падазроная асоба аўтара, але і самі творы. Падкрэсьліваю, што школьнікі вывучалі менавіта мае гістарычныя апавяданьні і аповесьць, найперш адрасаваныя маладому чытачу, у якога фармуецца гістарычная, а значыць і нацыянальная сьвядомасьць. Ва ўяўленьні цяперашняй улады гісторыя Беларусі павінна быць вельмі кароткай і складаць ня дзесяць вякоў, а ўсяго некалькі дзесяцігодзьдзяў. Рэжыму значна прасьцей мець справу не зь беларусам, які адчувае за сабой стагодзьдзі эўрапейскай гісторыі, а з тым, для каго гісторыя пачынаецца з таго часу, калі піва каштавала 37 капеек, а яшчэ лепей з тым, для каго кропкай адліку гэтай гісторыі наагул стаў 1994 год”.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік – пра выключэньне ягоных твораў са школьных падручнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG