Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 31 жніўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Наведнікі форумаў парталу tut.by актыўна абмяркоўваць публікацыю Лявона Баршчэўскага ў “Нашай ніве”, у якой ён згадаў, што ў нававыдадзеных праграмах па літаратуры няма вызначальных твораў Купалы, Быкава, Шамякіна, затое ёсьць Чаргінец і Аўруцін.

Фатограф адзначае: “Адзінае выйсьце – гэта бацькі, якія маюць уплываць на выхаваньне дзяцей па-за школай. Але з гэтым у нас яшчэ горш, бо нікому гэта не патрэбна...”

Яму пярэчыць Aleh_K: “Чаму нiкому? Мне патрэбна. Маім сябрам патрэбна. Вам, спадзяюся, таксама. Вучыць сваіх дзетак будзем, вось толькі замала гэтага”.

А вось meeshootkin у чаканьні: “Калі ўжо ў праграму ўвойдуць прамовы Лукашэнкі? Чакаю зь нецярплівасьцю!”

Сайт Народныя навіны з усіх куткоў сёньня паведамляе, што каля гарадзкога пасёлку Парычы ў Сьветлагорскім раёне знойдзены рэшткі карабля, які за сваю гісторыю належаў дзьвюм дзяржавам, меў тры назвы і двойчы быў затоплены. Гэта – адзін з двух першых у Беларусі браніраваных рачных караблёў, пабудаваных у Данцыгу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны карабель быў сур''ёзна пашкоджаны ў баі і падарваны, а ініцыятарамі падыманьня яго рэшткаў стала грамадзкае аб''яднаньне “Таварыства вэтэранаў выведкі вайскова-марскога флёту”, якое дзейнічае ў Кіеве. У падыманьні, якое адбылося 26 жніўня, удзельнічалі чальцы шклоўскага клюбу “Пошук”.

Глеб Лабадзенка надрукаваў у газэце “Комсомольская правда в Белоруссии” артыкул, дзе разам з суразмоўнікамі сьцьвярджае, быццам на характар і мэнталітэт беларусаў паўплывала бульба і нястача ў арганізьме ёду.

Артыкул выклікаў незвычайную дыскусію на форуме газэты “Комсомольская правда в Белоруссии”. Да пракладу, Nika напісала: “Выдатны, сьмешны артыкул. Аўтар – прыкаліст. Уменьне пажартаваць зь сябе – прыкмета розуму. Зьдзівілася, што некаторыя адрэагавалі балюча”.

Рэакцыя ўдзельніка дыскусіі на імя Паліцай: “Балоты якраз даюць чыстае паветра. Ніякі ёд з гэтым не параўнаецца. А крэтыны ў краіне ад алькаголікаў”.

Тутэйшы: “Хопіць самім сябе аб... і пагаджацца з усялякімі ідыётамі! Насамрэч крэтынамі зробімся. Нармальныя мы людзі. З гісторыяй, культурай і звычаямі... Па ідэі, у суд за такое трызьненьне і распальваньне расавай нянавісьці да беларусаў як адсталай нацыі цягнуць газэту з аўтарам трэба”.

У сеціве зьявілася пародыя на ідэалягічна вывераны “Жывы журнал” ЖЖ lujournal. Створаны ён, як там патлумачана, “з рознымі мэтамі: як патрыятычны дзёньнік, для пошуку прыхаваных апазыцыянэраў, для ананімных даносаў і іншых рэчаў” і зьяўляецца гэткім адказам на спробы ўладаў апанаваць інтэрнэт. Праца гэтага сайту надзвычай забюракратызаваная. Напрыклад, калі вы захочаце напісаць данос, адразу зьяўляецца аконца з такім тэкстам: “Прабачце, але ў цяперашні час прыём паведамленьняў ад насельніцтва часова прыпынены. Паспрабуйце скарыстацца тэлефонам даверу КДБ”. А калі вы паспрабуеце стварыць дзёньнік, вам паведамяць: “Прабачце, але цяпер у аддзеле рэгістрацыі карыстальнікаў lujournal перазьменка. Паспрабуйце пазьней”.

На сайце “Белорусская деловая газета” пачаў працаваць новы рэсурс – “Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь?”. У гэтым своеасаблівым даведніку прадстаўлены вядомыя людзі з галінаў палітыкі, бізнэсу, мэдыяў, навукі, культуры, шоў-бізнэсу. Таксама там зьмешчаны рэйтынгі найбольш папулярных пэрсонаў і прадпрыемстваў краіны. Гэтыя рэйтынгі фармуюцца аўтаматычна штодня цягам месяца паводле колькасьці згадваньняў удзельнікаў каталёгу ў СМІ.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG