Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бацькоў С.Скрабца хочуць адабраць маёмасьць, набытую ў “Бярозцы”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Першамайскім судзе Менску пачаўся працэс, на якім будзе вырашаны лёс маёмасьці бацькоў вядомага палітыка Сяргея Скрабца. Мэблю, насьценны гадзіньнік і дыван, якія бацькі апазыцыянэра купілі трыццаць гадоў таму, хоча забраць сабе “Беларусбанк” за даўгі Сяргея Скрабца.

Ці мусяць бацькі адказваць за даўгі сыноў? У Мікалая Скрабца, былога дырэктара заводу ў Лідзе, хочуць адабраць маёмасьць, каб кампэнсаваць частку даўгоў сына.

Сын былога дырэктара, вядомы апазыцыянэр Сяргей Скрабец, ужо адседзеў у турме паўтара году паводле абвінавачаньня ў невяртаньні крэдыту. Палітык тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі і не адмаўляецца вярнуць крэдыт,– у тым выпадку, калі будзе адноўлена дзейнасьць фірмы.

Мікалай Скрабец абураны

Ягоны бацька Мікалай Скрабец абураны тым, што і зь ім абышліся як са злодзеем:

“Дырэктар заводу цягам пятнаццаці гадоў! Разам працоўнага стажу пяцьдзясят гадоў! Вы мяне разумееце ці не?”

Пазоў “Беларусбанку” да Сяргея Скрабца пачалі 31 жніўня разглядаць у Першамайскім раённым судзе Менску.

Суду трэба вырашыць, ці сапраўды банк мае права разьлічваць на маёмасьць, якая знаходзілася ў хаце бацькоў Сяргея Скрабца. Банк спасылаецца на вопіс, які зрабілі сьледчыя яшчэ ў 2005 годзе, пасьля арышту палітыка. Маўляў, тады Сяргей Скрабец жыў у бацькоў, і таму ўсё ў кватэры належыць яму.

Мае спробы атрымаць ў судзе камэнтар да гэтай пазыцыі ў прадстаўніцы банку аказаліся няўдалымі. Яна адмовілася размаўляць і нават не назвала свайго прозьвішча.

Сьведка: рэчы былі набытыя, калі Сяргею Скрабцу не было і 10 гадоў

Дык каму сапраўды належаць крэслы, лядоўня “Менск”, стары насьценны гадзіньнік ды іншыя рэчы са сьпісу арыштаванай маёмасьці бацькоў Сяргея Скрабца?

Пытаюся ў сьведкі, сваячкі Скрабцоў Людмілы Астрэйкі. Жанчына згадала, як болей за трыццаць гадоў таму бацькі палітыка працавалі ў Іраку і дасылалі ў Менск гэтак званыя сэртыфікаты — заменьнікі валюты. На іх яна ў адмысловай краме “Бярозка” набыла для Скрабцоў дыван, які цяпер фігуруе ў сьпісе арыштаванай маёмасьці.

“Але Сяргею тады было менш за дзесяць гадоў Няўжо за трыццаць гадоў яны не маглі набыць сабе мэблі? У іх жа акрамя гэтай мэблі нічога няма. Ані аўтамабіля, ані лецішча. Нічога”,— абураецца жанчына.

Судзьдзя Вікторыя Макуха пачала вывучаць дакумэнты, якія прапанавалі бакі, а таксама паказаньні сьведак. На гэты момант рашэньне ў справе не прынятае.

Даўгі Сяргея Скрабца спаганяюць зь ягоных бацькоў, 31.08.2007 Сяргей Скрабец зоймецца рэабілітацыяй несправядліва асуджаных, 9.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG