Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці заўважаеце вы рост цэнаў?


Радыё Свабода Днямі намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч абвясьціў, што неўзабаве падвысяцца цэны на хлеб, малако, іншыя харчы. Учора падаражэў праезд на грамадзкім транспарце. На што рост цэнаў найбольш заўважны? Гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала менчукам.

Спадарыня: “На малочныя прадукты, на хлеб. Зразумела, на транспарт”.

Спадарыня: “Я лічу, што гэта больш за ўсё адаб’ецца на малазабясьпечаных слаях насельніцтва, пэнсіянэрах, да прыкладу. Багатых, забясьпечаных гэта не закране”.

Дзядок: “Крыху адаб’ецца, цэны растуць”.

Карэспандэнтка: “А што канкрэтна заўважыце, што падаражэе?”

Спадарыня: “Даслоўна ўсё: хлеб, гародніна, малако”.

Спадарыня: “Ды ўсё падаражэла раней, яшчэ два тыдні таму. Малако, садавіна, гародніна. А цяпер пачнецца ацяпленьне, камунальныя паслугі, праезд!”

Бабуля: “Што дабавяць нам пэнсію на 20 тысяч, то забралі ўжо ў тры разы болей. А цэны падвысілі даўно. Ніхто цяпер пра народ ня думае”.

Спадарыня: “Канечне, адаб’ецца! Паглядзіце, якія кошты на Камароўскім рынку! На 2 тысячы цэны падняліся на кожны прадукт”.

Спадар: “Дзевяць месяцаў нам не павышалі пэнсіі, а цэны ўсё адно істотна вырасьлі. Да прыкладу, алей раней я брала за тры тысячы, а гэтым разам ужо больш за чатыры”.

Спадар: “Безумоўна, кожнае падвышэньне неяк адбіваецца на кішэні. Але, напэўна, дзяржава неяк рэгулюе кошты. Відаць, так трэба — газ даражэе. Дзе ж дзяржаве браць грошы? Значыць, гэта неабходна”.

Спадарыня: “Такога “падарунку” мы не чакалі ад Лукашэнкі. Пэнсію падвысяць на 8%, а мы ўжо яе праелі не на 8%, а на 208!”

Карэспандэнтка: “А на што заўважны рост цэн, на якія прадукты?”

Спадарыня: “На самыя неабходныя: хлеб, малако. На каўбасу — толькі глядзім”.

Дзядок: “Я ўдзельнік вайны, для мяне нічога не мяняецца”.

Карэспандэнтка: “Але цэны растуць для ўсіх...”

Дзядок: “Ну што ж зробіш... Дажывем як-небудзь. Ужо мала засталося. Мне 81 год”.

Бабуля: “Я нічога пакуль не адчуваю, бо ў мяне дзеці, дзякуй Богу, ёсьць. Каб ня дзеці, дык ногі б працягнула”.

Спадарыня: “Рыба вельмі дарагая, цэны на алей нашмат вырасьлі”.

Дзяўчына: “Падаражэлі хлеб, малако, тварог. Праезд вельмі дарагі. А заробкі мізэрныя”.

Спадарыня: “І мяса, і садавіна, і гародніна, усё дорага! І наагул, менш сьвятаў ладзіць трэба, а сачыць за бюджэтам краіны. А тое вось зноў сьвята — Менску 940 гадоў. То “Славянскі базар”, то сьвята незалежнасьці, дзе на ўсё грошай набярэсься? Канечне, будуць з нас браць”.
XS
SM
MD
LG