Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мышкавічы: “Пры Старавойтаву мы жылі, як пры камунізьме”


Зьміцер Бартосік, Мышкавічы, Кіраўскі раён Новая перадача з сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У райцэнтры Кіраўску цяжка не заўважыць указальніка на калгас “Рассвет”. Памеры гэтай жэлезабэтоннай канструкцыі ўражваюць. Спаруда ня столькі паказвае шлях у былы калгас-мільянэр, колькі падказвае падарожніку, куды ён уяжджае.

Што праўда, Мышкавічы і цяпер дадуць фору любому аграгарадку. А як паселішча ўражвала ў гады разьвітога сацыялізму! Катэджы з флюгерамі, Палац культуры зь зімовым садам, сьпічастая вежа з гадзіньнікам.

Мышкавічы, былы калгас “Рассвет

Я прыехаў у госьці да Васіля Старавойтава. Кабета, якая праводзіла мяне ад аўтобуснага прыпынку да ягонага дому, некалькімі сказамі абмалявала мяне сёньняшні “Рассвет”.

Кабета: “Мужчыны ўсе павыяжджалі. Усе, каторыя не сьпіліся, каторыя яшчэ клапоцяцца пра сваю сям’ю, праз аднаго — дакладна”.

Карэспандэнт: “Усе пайшлі на Ўсходні фронт?”

Кабета: “Так. Гэты ў Жлобіне працуе. Гэта дальнабойшчык. Наступны дом — на Расею. Наступны дальнабойшчык”.

83-гадовы Васіль Старавойтаў — вельмі прыгожы стары. Рымскі профіль патрыцыя, горда пасаджаная галава, выразныя маршчыны — сьведчаньні глыбокага жыцьця, пранізьлівы позірк і моцны поціск сялянскай далоні. Гэта той выпадак, калі ўзрост толькі дадае прыгажосьці і велічы.

Мышкавічы, былы калгас “Рассвет

Карэспандэнт: “Тое, што робіцца ў “Рассвете”, вам гэта падабаецца ці не?”

Старавойтаў: “Калі казаць агульнымі словамі, Беларусь перажывае цяжкі пэрыяд. Уступленьня ў эпоху рыначных дачыненьняў. Яна спазьняецца. Спазьняецца пад уплывам адміністрацыйнага прэсу. Калі б яна разьвівался хаця б так, як суседнія Расея, Украіна, то было б лягчэй. А так ёй цяжка”.

Галоўную цяжкасьць Беларусі Старавойтаў бачыць ня ў сёньняшнім кіраўніцтве.

Старавойтаў: “Беларусы вельмі баязьлівы народ. Яны яшчэ не дайшлі, каб граблі і вілы ўзяць ды ісьці. Гэта трэба час. І Старавойтава пасадзілі. Толькі таму выбраная была кандыдатура мая... Я не злачынца быў, я нічога ня скраў. Я быў падабраны для таго, каб прымусіць усіх беларусаў маўчаць. І выконваць волю”.

А зараз перарвем нашу гутарку зь легендарным старшынём, каб пагаманіць з народам. Што праўда, у Мышкавічах гэта зрабіць ня так і лёгка. Бо баязьлівасьць тутэйшага люду нейкая надзвычайная, яна патыхае трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя. Вось, напрыклад, былая калгасная скотніца:

Мышкавічы, былы калгас “Рассвет

Калгасьніца: “Хай самі разьбіраюцца. Гэта ня наша справа. Нам плаціў, што мы працавалі”.

Карэспандэнт: “А калі лепш жылося?”

Калгасьніца: “Пры Старавойтаву. Таму што былі тыя грошы, больш атрымлівалі. А цяпер усё даражэе, а людзям плату не падымаюць. І пэнсію нам не падымаюць”.

Карэспандэнт: “А як вас зваць?”

Калгасьніца: “А навошта я вам. Ня буду знаёміца. Якую прапаганду на мяне напішаце”.

Я папрасіў старую скотніцу прыгадаць — што ж было добрага пры Старавойтаву?

Калгасьніца: “Што мы на кніжку пры Старавойтаву назьбіралі, дык я ў Менску ўнуку кватэру купіла і сабе купіла. А цяпер што ў мяне? Ад пэнсіі да пэнсіі. Мы пры Старавойтаву... Дзе б я бачыла тое мэтро ці што. А ён нас вазіў на экскурсію ў санаторыю. У аўтобус гуркоў, мяса. Ежце, людзі, і едзьце — на сем дзён, на восем. Па ўсіх гарадах каталіся”.

Некалькі лічбаў для паўнаты карціны. Статак буйной рагатай жывёлы ў “Рассвете” некалі складаў 8000 галоў. Цяпер ён скараціўся да паўтары тысячы. Заробкі некалі сягалі 700 рублёў. Плюс надбаўкі за цьвярозасьць і адмову ад курэньня. Сёньня калгасьнікі павінны радвацца 300 тысячам. Словам, сёньня ім не да менскіх кватэраў. Але вернемся да размовы.

Карэспандэнт: “А ў вас няма асабістай крыўды на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку?”

Старавойтаў: “Няма ніякай. Крыўдаваць нельга. Я лічу, што толькі дабро павінна панаваць. Яно павінна перамагаць. Яно павінна шчасьце і мір народу прынесьці. Ня маю права крыўдаваць. Ён і сам шкадуе. Сам сказаў.

Сівакоў быў, міністар такі. Прыехаў у турму. Заходзіць у камэру. Там трыццаць два чалавекі, усіх павыганяў. Ні начальнка турмы, нікога. Адзін ён са мной. І сказаў: “Лукашэнка шкадуе, што з вамі зьвязаўся”.

Тут Аляксандра Рыгоравіча зразумець можна. Такога, як Старавойтаў, паспрабуй загубі.

Але я ізноў вяртаюся на мышкавіцкую вуліцу. Да чарговага калгасьніка. Пяцідзесяцігадовага падпітага мужыка.

Мышкавічы, былы калгас “Рассвет

Калгасьнік: “Пры Саюзе паўсюль жылі добра. Што тут гаварыць. А Саюз разваліўся, Старавойтаў калгас разваліў. А што — ня праўда? Саюз распаўся, распаўся і калгас. Усё распалася. Распрадалі, разрабавалі калгас. У нас адзін аўтапарк быў, пяцьсот машын. “Ікарусы” свае былі ў калгасе. Тады Старавойтаў прадаў усё. Тэхніку папрадавалі”.

Зацягнуўшыся цыгарэтай, калгасьнік працягваў ужо знаёмую песьню:

Калгасьнік: “Пры Старавойтаву мы жылі, як пры камунізьме. Толькі мы яго, праўда, не заўважалі. Камунізму. Мы жылі ў “Рассвете” — так ніхто ў Расеі ня жыў. Да нас жа ехалі кожны дзень турысты, інтурысты. Сустракалі тут госьці, артысты”.

Больш за ўсё мяне ў гэтай гісторыі ўражвае не крымінальная справа, а тая лёгкасьць, зь якою ўдзячны народ здаў свайго кіраўніка.

Калгасьнік: “Калі Лукашэнка яго прыдавіў, пазбавіў усяго. Хто заступіцца? Ты заступісься? Я заступлюся? Свой партфэль кідаць? Хай адсядзіць Старавойтаў. Што ён там адседзеў? Тэлевізар, халадзільнік. Кепска жылося? Жыў, як кароль у масьле”.

Карэспандэнт: “У камэры, дзе вы сядзелі, было...”

Старавойтаў: “Трыццаць два чалавекі”.

Карэспандэнт: “Што гэта былі за людзі?”

Старавойтаў: “А чорт іх ведае. Усякія. Крымінальнікі. Там і забойцы былі, там і злодзеі былі. Такіх, як я, не было. Адзін забіў жонку. Другі суседа забіў. Звычайны чалавек, на яго глядзіш — чалавек”.

Карэспандэнт: “Вы ўспрымалі гэтую гісторыю, як нейкі страшны сон, які хутка скончыцца?”

Старавойтаў: “Я ведаў, што гэта несправядліва. Таму гэта было лёгка пераносіць. Адносна лёгка. Таму што рана ці позна ім прыйдзецца адступіць. Зламіць мяне ня так проста. Я ведаў, што гэта скончыцца. Я так і на судзе сказаў: “Будзе час, і на маёй вуліцы будзе базар”.

Памятаеце такую сэнтэнцыю, што, маўляў, трагічная гісторыя другі раз паўтараецца ў выглядзе фарсу? Да гісторыі арышту Васіля Старавойтава яна не пасуе. Тут ёсьць і шэксьпіраўскія матывы. Спадар Васіль расказвае пра свайго намесьніка:

Старавойтаў: “Ён мне прадставіўся, што сірата. Ні мамы сваёй ні маю, ні бацькі. Я яму дапамагаў вучыцца ад калгасу. Мог у душу ўлезьці. І я па сваёй даверлівасьці ніяк ня мог зразумець... А ён за месяц, прыкладна, сказаў у апараце: “Я тут буду празь месяц старшынём калгасу, а на Васіля Канстанцінавіча прыедуць наручнікі надзенуць”. Правільна сказаў. Людзі чулі. І мне не сказалі”.

Людзі і цяпер мала што кажуць. Вось, напрыклад, ідзе мілая бабулька, якая, калі судзіць па руках і твары, усё жыцьцё працавала.

Мышкавічы, былы калгас “Рассвет

Карэспандэнт: “Калі Старавойтава пасадзілі, вам было ня сорамна за сябе, за сваіх сяброў, што ніхто з Мышкавічаў не заступіўся за свайго старшыню?”

Старая: “Па-першае, усе баяліся. А па-другое, думалі, што будзе добра жыць”.

Карэспандэнт: “А лепш стала?”

Старая: “А цяперака мне ўсё роўна. Пэнсію атрымліваю ды жыву. Да адной дачкі паеду, да другой, да трэцяй. Адразу нехарошы быў, а пасьля адумаліся. Атрымлівалі грошы. Добра было, і ўсё”.

А вось тое, што старому кіраўніку дапамагала жыць:

Старавойтаў: “Нармальнае было стаўленьне. Начальнік турмы, яму паведамілі, што двойчы героя вязуць. Яны разумелі, што гэта такое. Такі быў шум. Столькі людзей прыяжджала. Амэрыканцы былі тройчы, па шаснаццаць чалавек. З Аўстраліі былі, зь Японіі, зь Кітаю. Божа мой, з усіх канцоў сьвету! Начальнік турмы пайшоў у адпачынак адразу”.

Карэспандэнт: “А чаго востра не хапала там?”

Старавойтаў: “Свабоды няма. Усё ў клетцы сядзіш. Несправядлівасьць улады. Так зь людзьмі абыходзіцца, як ён... Незразумела, як ён скончыць. Беларусь — гэта не сярэднеазіцяцкая рэспубліка. Мала, што ён, народ, зацюканы і забіты. Ён усё больш і больш прачынаецца. Усё больш і больш пачынае думаць. Ды і сам ён думае, што будзе заўтра, і здорава думае”.

Стары Васіль рэдка выходзіць з дому. Баляць ногі. Але, думаю, рэч ня толькі ў хворых нагах. Вось яшчэ адзін караценькі дыялёг з мышкавіцкім калгасьнікам. Таксама колішнім жыхаром пра камунізму.

Калгасьнік: “Усе маўчалі”.

Карэспандэнт: “Чаму?”

Калгасьнік: “Таму што пачнеш заступацца — і пойдзеш на той бок дарогі. За калгас пойдзеш”.

Стары Васіль частаваў мяне салам і сьвежай гароднінай, наліваў госьцю віно са свайго вінаграду. Вадзіў па вялікім, засаджаным кветкамі, двары.

У той справе фігуравалі пяць аўтамабіляў, якія быццам бы скраў старшыня. У Старавойтава 24-я “Волга”, якую ён не мяняе ўжо 25 гадоў і ўтрымлівае ў ідэальным стане. Кажа, што сваё стагодзьдзе ён сустрэне за рулём гэтага аўто. Што ж да той справы?..

Старавойтаў: “Нічога добрага ён не зрабіў. Ні для каго. Кепскага для мяне — таксама. Не, кепскае зрабіў. Але для сябе ў некалькі разоў болей. Таму я ня маю права крыўдаваць. Дабрыня перамагае. Можаце сьмяяцца, але гэта праўда. Яму чорцікі сьняцца, а ня мне. Яму мутарна цяпер, а ня мне. Мне добра. Вінаград, вінцо. Хай жыве і мучаецца — і чакае кары Ўсявышняга. Так. Кары Ўсявышняга”.
XS
SM
MD
LG