Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарговы скандал у Польшчы: арышт трох высокапастаўленых чыноўнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы апазыцыя абвінавачвае ўлады ў “беларускім стылі” перасьледу палітычных апанэнтаў – учора былі арыштаваныя былы міністар унутраных спраў Януш Качмарак, былы кіраўнік паліцыі Конрад Карнатоўскі і былы дырэктар буйнейшай дзяржаўнай страхавой фірмы PZU Ярамір Нэтцэль. Прэм’ер адказвае – гэта звычайныя сьледчыя дзеяньні.

Мажэна Муха-Падлеўска з варшаўскай акруговай пракуратуры, камэнтуючы затрыманьні Качмарка, Карнатоўскага і Нэтцэля заявіла, што гэта зьвязана з “уцечкай інфармацыі” аб плянаванай антыкарупцыйнай апэрацыі ў міністэрстве сельскай гаспадаркі.

“Пракуратура ў Варшаве пасьля неабходных сьледчых захадаў падрабязна патлумачыць, на якой падставе і навошта былі затрыманыя гэтыя асобы”.

Качмарка арыштавалі за тое, што папярэдзіў Лепэра?

Тры тыдні таму прэм’ер Яраслаў Качыньскі нечакана накіраваў у адстаўку міністра унутраных спраў Януша Качмарака.

“Міністар Качмарак апынуўся сярод падазроных асобаў у справе ўцечкі інфармацыі, якая прынамсі часткова зрабіла немагчымай апэрацыю ў міністэрстве сельскай гаспадаркі супраць тых, хто хацеў узяць хабар за перадачу зямлі пад забудову”.

Спэцслужбы плянавалі арыштаваць шэраг чыноўнікаў, у тым ліку і тагачаснага віцэ-прэм’ера і міністра сельскай гаспадаркі Анджэя Лепэра, але нехта яго папярэдзіў, так што міністар пазьбег затрыманьня.

Пасьля адстаўкі Качмарак абвінаваціў кіруючую партыю “Права і справядлівасьць” у таталітарных мэтадах і выкарыстоўваньні спэцслужбаў дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

“Я не саступлю, буду змагацца і не дазволю сябе запалохаць”, заявіў Качмарак.

Апазыцыя называе ягоныя заявы “вялікім шокам”, а прадстаўнікі кіруючай партыі – “відавочнай палітычнай правакацыяй”.

Звычайныя сьледчыя дзеяньні – ці палітычна матываваны арышт?

“Гэта звычайныя сьледчыя дзеяньні і надаваньне гэтаму нейкага іншага значэньня цалкам беспадстаўнае”, заявіў прэм’ер Качыньскі, камэнтуючы арышт былога мінсітра.

Прадстаўнік Качмарка Войцех Браховіч падкрэсьліў, што арышт ягонага кліента матываваны палітычна.

“Мая ацэнка – адназначная. Мой кліент казаў рэчы, невыгодныя для цяперашніх уладаў, і вынік гэтага такі, як у цяперашняй Беларусі – яму заткнулі рот”.

Захады пракуратуры крытыкуюць былыя прэзыдэнты Лех Валэнса і Аляксандар Квасьнеўскі, а ў парлямэнце амаль усе партыі, у тым ліку і “Права і справядлівасьць”, заявілі, што 7 верасьня прагаласуюць за самароспуск і прызначэньне датэрміновых выбараў.
XS
SM
MD
LG