Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Колькі каштуе мытная дэклярацыя на беларускай мове?<B/>


Радыё Свабода На 930 тысяч рублёў аштрафаваны моладзевы актывіст з Гомелю Сяргей Сямёнаў. Такі прысуд вынесла 30 жніўня судзьдзя ў адміністрацыйных справах Цэнтральнага раённага суду Марына Дамненка.

Фармальна спадар Сямёнаў аштрафаваны за непадпарадкаваньне інспэктару мытні на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Як распавёў Сяргей Сямёнаў, 21 жніўня ён ехаў цягніком ва Ўкраіну.

На памежнай станцыі Церуха галоўны інспэктар Гомельскай мытні Васіль Афончанка патрабаваў у яго дэклярацыю. Спадар Сямёнаў сказаў, што вусна гатовы паведаміць пра свае асабістыя рэчы, якія ёсьць у кайстры.

Аднак інспэктар запатрабаваў пісьмовую дэклярацыю.

У сваю чаргу Сяргей Сямёнаў папрасіў даць яму блянк мытнай дэклярацыі не на расейскай, а на беларускай мове, паколькі мову суседняй дзяржавы ён ведае недасканала. Можна выклікаць перакладчыка, калі беларускамоўных блянкаў няма, паведаміў Сямёнаў.

У адказ мытнік склаў на моладзевага актывіста пратакол паводле артыкулу 23.4 новага Адміністрацыйнага кодэксу — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў.

За гэта прадугледжваецца штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.

“Судовае паседжаньне таксама вялося на расейскай мове”

Мытнікі дагледзелі рэчы актывіста і адразу папярэдзілі, што 30 жніўня ён павінен зьявіцца ў суд Цэнтральнага раёну.

Судзьдзя Дамненка аштрафавала спадара Сямёнава на 30 базавых велічыняў (у эквіваленце гэта 433 даляры ЗША).
С.Сямёнаў: “Я буду абскарджваць пастанову, бо ня ўпэўнены, што судзьдзя зразумела мае тлумачэньні”.
“Я буду абскарджваць пастанову, бо ня ўпэўнены, што судзьдзя зразумела мае тлумачэньні. Судовае паседжаньне таксама вялося на расейскай мове, а я тлумачэньні даваў па-беларуску”, — сказаў Сяргей Сямёнаў.

Раней спадара Сямёнава затрымлівалі на мяжы за тое, што ў яго на пашпарце была налепка з выявай гербу Пагоня.
XS
SM
MD
LG