Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маем толькі адну стабільнасьць – у нас усё наадварот, як у тых дурняў..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 31 жніўня, пятніцу. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Аляксандр Яцкевіч, Віцебск: “У мяне і пытаньне і меркаваньне і інфармацыя. Як будуць ужывацца праваслаўная царква, ідэалёгія наша саўковая і ўсё астатняе? Што гэта будзе за гібрыд? Што гэта будзе за новая асоба, калі яе ўдасца каму зьляпіць? І яны ідуць у школу з гэтай ідэалёгіяй. І, на мой погляд, яшчэ на сто гадоў адкінуць краіну назад”.

Анастас Семяновіч: “Я хачу адказаць бальшывісцы –лукашысцы, жанчыне, якая ўчора ганіла беларускую мову. Бяда ў тым, што вы дайшлі да фінішу. Бяда ў тым, што вас ужо ў асобную лякарню не прымуць. Любая мова для дадзенага народу ёсьць самай лепшай. Беларускай мовай захапляецца ўвесь сьвет. Захапляюцца яе мілагучнасьцю. Калі спадары ці спадарыні размаўляюць на чыстай беларускай мове, то душа радуецца. Вам гэта тлумачыць – марнаваньне часу. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Пачытаеш газэты, паслухаеш радыё – вакол стогны пра тое, што галоўны рэкецір нашай Рэспублікі, у каторага ў галаве не вырасла але пад носам узышло, там канфіскаваў, там забраў, там абабраў, там скраў... Канфіскуюць кватэры. Нават на пад’ездах ужо абвесткі вісяць. Гэта ж рабаўніцтва, дзікунства і варварства. Нідзе ў сьвеце такога няма. І спасылаюцца на законнасьць. Законнасьць без справядлівасьці – гэта фашызм”.

Спадарыня: “Вось толькі паслухала рэпліку жанчыны, якая гаварыла, што ня любіць беларускую мову. Але ж мова на якой яна гэта гаварыла – мова каравая. Добра, калі гэтая жанчына скончыла 4 клясы. Можа яна і ня ведае, хто такі Якуб Колас ды Янка Купала, таму яна так не паважае сваю родную мову. Ганьба ёй і тым людзям, якія таксама з пагардай адносяцца да сваёй роднай мовы”.

Спадар: “Я хачу сказаць той слухачцы, якая званіла на Свабоду і гаварыла, што беларуская мова не прыгожая – наша беларуская мова славянская, лірычная і самая прыгожая. І для кожнай маці свае дзеці прыгожыя. А у гэтай жанчыны нешта ненармальнае з галавой. Зусім яна, відаць, хворая. А беларускую мову ў кожнай краіне паважаюць. Мне падабаюцца ўсе мовы”.

Ільля Копыл, Менск: “На мінулым тыдні беларускія тэлеканалы перадалі інфармацыю, што БРСМ стварае дружыны нібыта для падтрыманьня правапарадку. Маё меркаваньне такое – улада стварае яшчэ адну сілавую структуру, каб рукамі БРСМаўскай моладзі душыць дэмакратычную моладзь”.

Міхаіл Шавель: “Наша добрая ўсходняя суседка ўсё мацней душыць у сваіх братэрскіх абдымках шматпакутную Беларусь. І многія беларусы ламаюць галаву, як знайсьці выйсьце? А адзін з беларусаў, артыст Уладзімір Ухцінскі, ведае як паступіць нам, беларусам, каб наблізіцца з Эўропай і сусьветнай супольнасьцю. Вось, што піша 4 чэрвеня гэтага году Белгазэта пад рубрыкай “што гавораць”: прыводзім выказваньне Уладзіміра Ухцінскага: “ я не думаю, што ў дыялёгу з Эўразьвязам каменем непаразуменьня сталі нашы палітычныя зьняволеныя, як раз такія людзі якія не знаходзяцца за кратамі і знаходзяцца за мяжой, усё гэта ідзе адтуль. Я лічу, па ўсіх парамэтрах у нас нармальная краіна. У нас нармальнае кіраўніцтва, каторае ведае, што робіць. Напрыклад, мне маёй жонцы і маі дзецям добра ў гэтай краіне. Я лічу, што проста трэба выбраць прэзыдэнта на пажыцьцёвы тэрмін. Тады адразу ўсё перапыніцца. Усё стане на месца”. Вось так думае артыст Уладзімір Ухцінскі, відаць яму вельмі добра жывецца”.

Спадар: “Маем толькі адну стабільнасьць – у нас усё наадварот, як у тых дурняў, чым больш будавалі камунізм тым больш ён аддаляўся. Чым з большай помпай, пад фанфары сьвяткуем Дзень перамогі, 9 мая, тым лепей жывуць немцы. Чым больш зьбіраем ураджай зернавых, тым больш даражэе хлеб. Абрыдла гэта ўсё”.

Спадар: “28 жніўня ў Івянец завітаў Аляксандр Мілінкевіч. І прыйшлі людзі, каб узяць аўтограф ці пра што папытацца. Ды неўзабаве міліцыя зрабіла аблаву, як у часы нямецкай акупацыі, калі фашысты лавілі змагароў за волю. Нас усіх перапісалі і ўзялі тлумачэньні. Што будзе далей не вядома. Такая ў нас дэмакратыя”.

Волюч, Гомель: “Даінтэграваліся! Ужо расейскі пасол вырашае пытаньне разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. За каўнер пасла зь Беларусі! Не нагі расейскага салдата на беларускай зямлі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG