Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўгі Сяргея Скрабца спаганяюць зь ягоных бацькоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Першамайскім судзе Менску будзе вырашацца лёс маёмасьці бацькоў апазыцыйнага палітыка Сяргея Скрабца. У “Беларусбанку”, які мае фінансавыя прэтэнзіі да былога дэпутата, мяркуюць, што асабістыя даўгі Сяргея Скрабца мусяць аддаваць ягоныя бацькі.

Упершыню ў гісторыі краіны могуць канфіскаваць маёмасьць бацькоў абвінавачанага.

У 2005 годзе Вярхоўны суд Беларусі прызнаў былога дэпутата, апазыцыянэра Сяргея Скрабца вінаватым у невяртаньні крэдыту “Беларусбанку” памерам болей за 500 тысяч даляраў. Спадар Скрабец даказваў, што тое адбылося з-за незаконнага арышту рахункаў ягонай фірмы, казаў пра палітычна матываваны перасьлед, але яго прызналі вінаватым і пазбавілі волі на 2,5 гады. У Сяргея Скрабца і ягонага брата Аляксандра канфіскавалі маёмасьць.
”Яны лічаць цяпер, што ўсё, што набывалі мае сваякі, гэта ўсё трэба канфіскаваць”
І вось банк запатрабаваў канфіскаваць ды перавесьці сабе ў прыбытак таксама хатнюю маёмасьць бацькоў дэпутата. “Гэта мэблевая сэкцыя, канапа, лядоўня, крэслы і табурэты. Усё, што мы нажывалі з мужам цягам апошніх гадоў жыцьця ў Менску. Чаму сьледзтва вырашыла, што гэта маёмасьць Сяргея, незразумела,” – зьдзіўляецца маці дэпутата Ніна Скрабец.

Сяргей Скрабец: “Там усё, што апісалі, калі мяне арыштавалі і праводзілі ператрус у мяне, у брата і ў маіх бацькоў. Прычым без аніякай санкцыі. Яны лічаць цяпер, што ўсё, што набывалі мае сваякі, гэта ўсё трэба канфіскаваць”.

Бацькі Сяргея Скрабца ўжо спрабавалі адстаяць свае правы. Яны спасылаюцца на тое, што ў рашэньні Вярхоўнага суду нічога няма пра маёмасьць, якая належыць ім. Сёлета ў сакавіку суд Першамайскага раёну Менску прыслухаўся да гэтых аргумэнтаў. Але пракуратура яго рашэньне аспрэчыла, і сталічны гарадзкі суд вярнуў справу на перагляд. Мікалай і Ніна Скрабцы хадзілі са скаргамі да розных начальнікаў, скардзіліся намесьніку старшыні Вярхоўнага суду, але напярэдадні працэсу настрой у іх не аптымістычны:

“Мы вырашылі, што як будзе, гэтак і будзе. Муж жартуе, што тады купім надзіманыя матрацы ды будзем на іх дажываць. А што зробіш?”

Былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Скрабец быў сябрам дэпутацкай групы “Рэспубліка”, у складзе якой дамагаўся рэформы выбарчага заканадаўства. Паводле Скрабца, ён атрымліваў шматлікія пагрозы, але не спыніў апазыцыйнай дзейнасьці і ў 2005 годзе апынуўся ў віцебскай калёніі. Летась Сяргей Скрабец выйшаў з калёніі і працягвае палітычную барацьбу. Яму, у мінулым кіраўніку буйной фірмы, дагэтуль не ўдаецца ўладкавацца на працу.


• І.Казуліна і С.Скрабец просяць Эўразьвяз часьцей згадваць пар беларускіх палітвязьняў, 10.07.2007 • Сяргей Скрабец зоймецца рэабілітацыяй несправядліва асуджаных, 9.05.2007
XS
SM
MD
LG