Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Горадні зьмяняць пляны рэканструкцыі не зьбіраюцца


Міхал Карневіч, Горадня Упершыню з пачатку рэстаўрацыі старой часткі Горадні гарадзкія ўлады арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка заявіў, што рэканструкцыя вядзецца без парушэньняў заканадаўства, і яе плянаў улады зьмяняць не зьбіраюцца.

Маштабная рэканструкцыя старой часткі гораду пачалася яшчэ летась. І сёньня старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка расказваў аб плянах. Ён зазначыў, што такімі тэмпамі, як сёлета, рэканструкцыя Горадні яшчэ не вялася. Асноўнай асаблівасьцю цяперашняй рэканструкцыі ўлады называюць комплексны падыход пры яе ажыцьцяўленьні.

Антоненка: “Наша задача – захаваць і аднавіць тое, што сёньня мы маем”.

Гэтыя словы прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі як галоўная тэза.

Аднак яшчэ летась супраць рэканструкцыі паўстала частка грамадзтва: моладзь, навукоўцы. Яны лічаць, што адзіны ў Беларусі горад, дзе цудам захавалася старая частка, разбураецца, а рэканструкцыя праводзіцца з парушэньнем заканадаўства.

А.Смалянчук: “Тое, што робіцца цяпер у старым горадзе – фактычна яго разбурэньне”

У Горадні створана ініцыятыўная група для правядзеньня рэфэрэндуму аб рэканструкцыі старога гораду. Дакумэнты аб рэгістрацыі групы пададзеныя ў гарвыканкам.

Вось што кажа старшыня ініцыятыўнай групы, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:

“Тое, што робіцца цяпер у старым горадзе, – фактычна яго разбурэньне. Яны разьбіраюць будынкі і кажуць, што тыя знаходзяцца ў аварыйным стане, але яны самі іх да гэтага даводзяць. А калі пачынаюць адбудоўваць, то атрымліваецца нешта дзіўнае, як у выпадку з будынкам мікрабіялягічнай станцыі каля аўтавакзалу. А кажуць, што хочуць надаваць ім нейкі гістарычны воблік...”

Скіраваць транспарт у аб’езд старой часткі гораду – дорага

Ужо з кастрычніка, па словах дырэктара інстытуту “Гроднаграмадзянпраект” Уладзімера Дзяшка, павінны закрыць на рэканструкцыю стары мост.

Праціўнікі рэканструкцыі лічаць гэта асноўнай памылкай уладаў: яны прапаноўваюць будаўніцтва чацьвертага мосту празь Нёман з тым, каб скіраваць транспарт у аб’езд старой часткі гораду, як гэта, да прыкладу, зроблена ў Кракаве.

Уладзімер Дзяшко скрытыкаваў сёньня гэтую пазыцыю, зазначыўшы, што гэта даволі дарагі праект, які можна будзе пачаць празь дзясятак гадоў, калі ў гораду зьявіцца больш грошай:

“Дый наагул, не вырашае ён транспартнай праблемы. Усё роўна трэба найперш будаваць радыяльную схему разам з будаўніцтвам усходняга й заходняга паўкруга. Калі мы збудуем кругавую схему, уся праблема адпадзе аўтаматычна”.

“Думаю, што мы вырашым усе пытаньні самі”

Адзін з журналістаў, зьвяртаючыся да старшыні гарвыканкаму, нагадаў аб тым, што Аляксандар Мілінкевіч накіраваў лісты ў міжнародныя арганізацыі з просьбай абараніць Горадню ад цяперашняй рэканструкцыі. Журналіст падкрэсьліў, што ў Горадню зьбіраюцца прыехаць нават дэпутаты польскага Сэйму. Вось як на гэта адрэагаваў Аляксандар Антоненка:

“Ведаеце, гарвыканкам ніколі ня ўмешваўся ў справы Польшчы, і я б не хацеў, каб польскія дэпутаты ўмешваліся ў справы нашага гарвыканкаму. Думаю, што мы вырашым усе пытаньні самі, а калі што, то зробім гэта на ўзроўні свайго ўраду”.

• Гістарычную спадчыну ўзяліся ратаваць журналісты, 14.08.2007 • За рэканструкцыяй у Горадні наглядае менскі археоляг, 31.07.2007 • Горадня: устаноўчы сход прагаласаваў за мясцовы рэфэрэндум, 26.07.2007 • У Горадні зьявіліся графіці з крытыкай рэканструкцыі, 18.07.2007 • Англамоўны сайт абаронцаў гарадзенскай архітэктуры, 17.07.2007 • Горадня: выстаўлены на аўкцыён помнік архітэктуры, 16.07.2007 • У цэнтры Горадні не спыняецца рэканструкцыя і пратэсты супраць яе , 12.07.2007 • Горадня: Партрэты кіраўнікоў гораду выкарысталі ў флэш-мобе, 10.07.2007 • На Франака Вячорку заведзеная адміністрацыйная справа, 10.07.2007 • Горадня: затрыманых удзельнікаў флэш-мобу выпусьцілі з пастарунку, 03.07.2007 &#149 Горадня: пратэст супраць разбурэньняў скончыўся затрыманьнямі, 03.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG