Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прыхільнікі Казуліна высьветлілі, што гарвыканкам іх падмануў


Радыё Свабода, Віцебск Сябрам Віцебскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) гарвыканкам не дазволіў правесьці 30 жніўня пікеты ў падтрымку Аляксандра Казуліна з прычыны таго, што нібыта ўсе адпаведныя грамадзкія месцы ў горадзе занятыя пад іншыя мерапрыемствы. Партыйцы вырашылі праверыць, ці так гэта насамрэч.

Трое сябраў БСДП (Грамада) аб’ехалі сёньня тры гарадзкія паркі, адмыслова вызначаныя чыноўнікамі пад правядзеньне масавых мерапрыемстваў. У адказах з гарвыканкаму было напісана, што ў гэтых месцах на ўсё лета зацьверджаны плян культурна-масавай работы, а таму ніякай магчымасьці правесьці там пікеты няма.

Аднак ні ў парку імя Савецкай Арміі, ні ў парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ, ні ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў ніякіх імпрэзаў сёньня не праводзілася.

Партыйцы сфатаграфавалі пустыя паркі й незанятыя сцэнічныя пляцоўкі ды склалі пра гэта акты наведаньня адведзеных пад масавая мерапрыемствы аб’ектаў. Гэтыя паперы яны мяркуюць заўтра перадаць старшыні аблвыканкаму, а таксама чыноўнікам гарвыканкаму, якія адмовілі ў правядзеньні пікетаў.

Сябры БСДП (Г) падавалі заяву яшчэ й у выканкам Віцебскага раёну – каб правесьці пікет каля калёніі "Віцьба", дзе Аляксандар Казулін адбывае тэрмін зьняволеньня. І атрымалі адказ, што грамадзкія мерапрыемствы забаронена праводзіць бліжэй за 50 мэтраў ад плоту карнай установы. Партыйцы пагадзіліся правесьці пікет і за 100 мэтраў ад плоту з калючым дротам, аднак і ў гэтым ім адмовілі.

Сябры БСДП (Г) былі ці не адзінымі наведнікамі самага ўскраіннага парку Віцебска – парку імя Савецкай Арміі
Сябры БСДП (Г) былі ці не адзінымі наведнікамі самага ўскраіннага парку Віцебска – парку імя Савецкай Арміі

Сцэнічная пляцоўка ў Парку культуры й адпачынку чыгуначнікаў вольная
Сцэнічная пляцоўка ў Парку культуры й адпачынку чыгуначнікаў вольная

Аляксандра Казуліна ў калёніі наведаў адвакат, 30.08.2007 Улады не дазволілі ніводнага пікету ў абарону А.Казуліна, 28.08.2007
XS
SM
MD
LG