Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўтойваюць праўду пра гомельскія Курапаты


Галіна Абакунчык, Менск Аргкамітэт для ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў прыняў заяву, у якой гаворыцца, што ўлады хаваюць праўду пра масавыя пахаваньні ў ваколіцах Гомелю. Сябры аргкамітэту зьвярнуліся па дапамогу да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Пра гэта яны паведамілі падчас адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Сябры аргкамітэту прадэманстравалі відэазапіс, зроблены на месцы раскопак і падчас сустрэчаў зь мясцовымі жыхарамі.

Успаміны старэйшых людзей пра арышты вяскоўцаў, а таксама сьляды ад куляў у чарапах сьведчаць пра палітычныя расстрэлы. Аднак вайскоўцы 52-га асобнага пошукавага батальёну, якія вялі раскопы, гэта не хацелі пацьвярджаць, кажа адзін з актывістаў аргкамітэту на Гомельшчыне Андрэй Мельнікаў:

“Давялося ўсё вось гэта фатаграфаваць. Бо людзі з 52-га батальёну, якія вялі раскопкі, казалі не зусім тое, што мы бачылі на ўласныя вочы”.

Як заяўляюць незалежныя дасьледчыкі, паводле папярэдніх зьвестак, пад Гомелем знаходзяцца парэшткі каля 5 тысяч ахвяраў. Аднак улады адмаўляюцца гэта прызнаваць, кажа сустаршыня аргкамітэту пісьменьнік Васіль Якавенка:

“Улады ўсяляк круцяць, ігнаруюць, ня хочуць слухаць. Не адказваюць проста на пытаньні, усяляк адцягваюць — і ўжо самі ня ведаюць, як выйсьці з гэтай сытуацыі”.

Акрамя таго, мясцовыя жыхары паведамілі, што ў ваколіцах Гомелю расстрэльвалі жыхароў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны. А таму сябры аргкамітэту зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

“Мы ня можам замяніць сабой дзяржаву, а таму мы вымушаныя былі зьвярнуцца да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, каб яны паставілі перад сваімі беларускімі калегамі гэтае пытаньне. Хутчэй за ўсё, гэта праўда, і гэткім чынам, у гэтым лесе, на жаль, лёсы беларускага і ўкраінскага народу зноў будуць пераплеценыя”.

Як паведамілі сябры аргкамітэту, стала вядома, што мясцовыя ўлады рыхтуюцца пабудаваць на месцы масавых пахаваньняў два новыя жылыя мікрараёны Гомелю.

• Каго расстрэльвалі ў лесе пад Гомелем?, 12.07.2007 • Пад Гомелем вядуцца раскопкі ў месцах масавых расстрэлаў , 31.05.2007
XS
SM
MD
LG