Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казуліна папярэдзілі пра лісты, якія нельга пісаць на волю


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыя віцебскай калёніі, дзе трымаюць Аляксандра Казуліна, абмежавала кола людзей, якім вязень можа дасылаць лісты.

30 жніўня адвакат Зьміцер Гарачка наведаў у віцебскай калёніі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Іх апошняе спатканьне было паўтара месяца таму.

Адвакат Гарачка кажа, што непакоіцца пра здароўе свайго падабароннага, якое не паляпшаецца.

“Хацелася б лепшага, але пакуль фізычна ён сябе яшчэ адчувае нездавальняюча. У яго слабасьць і санлівасьць, як ён кажа, беспадстаўная”, — кажа адвакат Зьміцер Гарачка.

Нагадаем, летась з 20 кастрычніка да 11 сьнежня Аляксандар Казулін трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць улады Аляксандра Лукашэнкі й парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. За час галадоўкі палітык схуднеў амаль на трыццаць кіляграмаў, былой вагі ён дагэтуль не набраў.

Жонка палітыка Ірына Казуліна паведаміла, што днямі атрымала ліст ад мужа. “Гэта стала вялікай радасьцю, бо апошнім часам ён піша рэдка. Тлумачыць, што яму цяжка. Нават чытаць кнігу і тое цяжка”, — кажа Ірына Казуліна. Паводле яе зьвестак, адміністрацыя калёніі абмежавала яе мужа ў ліставаньні з пэўнымі асобамі.

“Ягоныя лісты Сяргею Скрабцу, прыкладам, афіцыйна забіраюцца. Ён піша, што яму паведамілі, што яны не выходзяць з калёніі. Такім чынам, гэта робіцца нават не таемна”.

Былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Скрабец адбываў пакараньне ў той самай Віцебскай калёніі, куды зьмясьцілі Аляксандра Казуліна. Пасьля выхаду на волю ў кастрычніку мінулага году Сяргей Скрабец шмат паведамляў пра парушэньні, якія творацца ў гэтай калёніі.

Аднак палітык заўважае, што абмежавалі ня толькі яго ліставаньне з Аляксандрам Казуліным. “Прыкладам, нядаўна ў Маскве я даведаўся, што яму ў турму шмат пісалі маскоўскія знаёмыя і журналісты, але іх лісты не дайшлі”, — кажа Сяргей Скрабец.

Ён заяўляе пра інфармацыйную ізаляцыю Казуліна, якую падтрымлівае ўлада:

“Ня думаю, што гэта ініцыятыва супрацоўнікаў, якія за ім назіраюць у калёніі. Гэта загад, атрыманы зьверху”.

Сяргей Скрабец быў адных з заяўнікаў пікетаў у падтрымку Аляксандра Казуліна, якія падаваліся ў болей як трыццаці гарадах і населеных пунктах Беларусі. Пікеты меркавалася правесьці сёньня, 30 жніўня, але ніводнай заяўкі ўлады не дазволілі.

Вось што кажа Сяргей Скрабец пра прычыны адмовы:

“Сёньня, калі вы ведаеце, у Аляксандра Лукашэнкі дзень нараджэньня. Мы хацелі нагадаць яму зноў пра палітычных вязьняў, але... Нават да сельскіх саветаў, у якія мы падавалі заяўкі на правядзеньне пікетаў, прыкладам, у Лідзкім раёне, дайшла гэтая каманда “не дазваляць”.

У адміністрацыі віцебскай калёніі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра абмежаваньні перапіскі для Аляксандра Казуліна. Ірына Казуліна паведаміла, што яе муж па-ранейшаму працуе на рэчавым складзе калёніі. Вязьню пакінулі і адмысловы рэжым харчаваньня, які ўвялі неўзабаве пасьля выхаду з галадоўкі. Спадар Казулін атрымлівае дадаткова малако і масла.

Аляксандар Казулін быў пакараны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Былы кандыдат на прэзыдэнта мяркуе, што яму адпомсьцілі за крытыку Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.


• Улады не дазволілі ніводнага пікету ў абарону А.Казуліна, 28.08.2007 • Акцыя «Міжнароднай амністыі» ў Варшаве ў абарону Казуліна, 10.08.2007 • Юлія Казуліна: "Бацьку пазбаўляюць усялякай інфармацыі", 07.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG