Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: 67%


Юры Дракахруст, Прага Такую долю ад сярэдняй эўрапейскай цаны на газ павінна скласьці цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе. Гэта прадугледжана дамовай ад 31 сьнежня 2006 году.

Паводле дамовы, у 2009 годзе цана для Беларусі складзе 80% ад эўрапейскай, у 2010-м – 90%, у 2011-м – выйдзе на сярэдні эўрапейскі ўзровень.

На першы погляд – формула дастаткова празрыстая. Аднак, як паведаміў сёньня намесьнік кіраўніка “Белтрансгазу” Вінэрый Ваўчуга, “Белтрансгаз” і “Газпром” маюць пэўныя разыходжаньні наконт таго, колькі ж павінен каштаваць газ для Беларусі ў наступным годзе.
В.Ваўчуга: “У формуле разьліку цаны за газ з "Газпромам" ёсць некаторыя хібы”.
“У формуле разьліку цаны за газ з "Газпромам" ёсць некаторыя хібы – яе складнікі нельга адчуць сёньня, і яны залежаць у тым ліку ад каньюнктуры цэн на нафтапрадукты”, сказаў сп.Ваўчуга.

Гледзячы па ўсім, супярэчнасьці паміж бакамі палягаюць у базе адліку – якую цану трэба лічыць сярэдняй эўрапейскай цаной, 67% ад якой Беларусь павінна будзе плаціць?

Дамовіцца пра формулу павінны да 1 кастрычніка, пра цану – да канца году

Хуткай згоды беларускі бок не чакае. Як заявіў Вінэрый Ваўчуга: "Праца пачалася і, я думаю, мы яе завершым да 1 кастрычніка. Мы ўжо прыблізна ведаем, як правільна карыстацца формулай, якая прапісана ў кантракце. Разуменьне наша і "Газпрому" па яе выкарыстаньні павінна цалкам супадаць".

Паводле намесьніка кіраўніка “Белтрансгазу”, канкрэтная цана на газ на 2008 год "вызначыцца ў канцы гэтага году або нават да сярэдзіны студзеня", але пры гэтым "яна не павінна быць узятая з галавы, а павінна быць даказаная "Газпромам".

Такім чынам, наяўнасьць кантракту і запісанай ў ім формулы росту цаны яшчэ не гарантуе аднолькавае яе разуменьне абодвума бакамі. А пэрспэктыва таго, што канкрэтная цана на газ на наступны год будзе вызначаная напрыканцы гэтага году ці нават у студзені наступнага, выклікае непрыемныя ўспаміны і аналёгіі.

Дарэчы, пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў у сваім нядаўнім інтэрвію Інтэрфаксу сказаў, што цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе будзе ў дыяпазоне ад 125 да 150 даляраў за тысячу кубамэтраў.

• Беларусь знайшла грошы, каб разьлічыцца з “Газпромам”, 22.08.2007 • Трафэі “газавай вайны”, 08.08.2007 • Да пятніцы "Газпром" ня будзе камэнтаваць інфармацыі пра аплату за газ, 07.08.2007 • “Газпром” даў Беларусі адтэрміноўку на тыдзень, 03.08.2007 • Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову, 03.08.2007 • “Белтрансгаз” пералічыў “Газпрому” 190 мільёнаў даляраў , 03.08.2007 • Сяргей Купрыянаў: “Наступная кантрольная дата – 10 жніўня, 10.00”, 03.08.2007
XS
SM
MD
LG