Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаныя дэмсілы ствараюць рэгіянальныя структуры


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Яе сябры зацьвердзілі палажэньне аб рэгіянальных структурах, вызначыліся з прынцыпамі ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, а таксама абмеркавалі падрыхтоўку да Эўрапейскага і Сацыяльнага маршаў, заплянаваных на восень.

На самым пачатку паседжаньня сябры Палітрады ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. 30 жніўня — Міжнародны дзень зьніклых людзей, і з гэтай нагоды Рада прыняла адмысловую заяву.

Асноўнае пытаньне: з кім і ў чым супрацоўнічаць?

Ці не галоўным пытаньнем, якое абмяркоўвалі сёньня сябры Палітычнай рады, было стварэньне рэгіянальных кааліцыяў.

У некаторых рэгіёнах такія аб’яднаныя дэмакратычныя структуры ўжо даўно існуюць і працуюць, у іншых жа сябры розных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ня могуць знайсьці згоды і дзейнічаюць паралельна.

Напрыклад, у Гомельскай вобласьці ўсе апазыцыянэры працуюць супольна, а ў Магілёўскай, Віцебскай ды некаторых іншых яны ня могуць знайсьці агульнай мовы.

Недзе правыя ня могуць паразумецца зь левымі, недзе прыхільнікі й саюзьнікі Аляксандра Мілінкевіча не супрацоўнічаюць зь іншымі суб’ектамі дэмсілаў. Як вынік, праца апазыцыі неэфэктыўная.

Сёньня зацьвердзілі палажэньне, якое рэглямэнтуе парадак стварэньня лякальных і рэгіянальных аб’яднаных структураў. Ініцыятыва ў іх фармаваньні належыць самім рэгіянальным актывістам. У кааліцыі могуць уваходзіць і прадстаўнікі арганізацыяў, не прадстаўленых у Палітычнай радзе.

Фармаваць адзіны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць толькі тыя суб’екты Палітрады, якія падпісалі агульнае пагадненьне. Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча сваіх кандыдатаў не вылучаюць, але ў палітычнай выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць.

А.Лябедзька: "Расьцем".

Сябры Палітрады абмеркавалі падрыхтоўку да Эўрапейскага і Сацыяльнага маршаў, якія адбудуцца 14 кастрычніка і 4 лістапада, а таксама ўхвалілі стварэньне камісіі для рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Зацьвердзілі новы рэглямэнт рады.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які старшынюе ў Палітрадзе, вынікам паседжаньня застаўся задаволены:

“Расьцем. Праца становіцца больш арганізаванай, хаця недахопаў яшчэ шмат. Можа, ня ўсе цікавыя пытаньні на парадку дня, яны арганізацыйныя. Але без рэглямэнту, без стварэньня арганізацыйных структураў і вырашэньня арганізацыйных пытаньняў нельга эфэктыўна працаваць. І гэта абавязковая праграма, якую мы павінны выканаць”.

В.Карняенка: "Гэта тусоўка".

А прадстаўнік руху Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду” Віктар Карняенка вынікамі паседжаньня не задаволены:

“Фактычна вырашаюцца пытаньні ўнутранага ўпарадкаваньня апазыцыі. І вельмі мала ўздымаецца праблемных пытаньняў, зьвязаных з жыцьцём людзей. Гэтыя арганізацыйныя пытаньня цягнуцца яшчэ з траўня, пасьля Кангрэсу. І гэтым я не задаволены, бо гэтаму ня будзе канца. Фактычна гэта тусоўка, і гэта мне не падабаецца”.

Сябры Палітрады пастанавілі выехаць 4 верасьня ў Салігорск і Нясьвіж, дзе адбудуцца судовыя працэсы над маладафронтаўцамі Іванам Шылам і Настай Азаркай.

Прэзыдыюм аб’яднаных дэмсілаў зьбіраўся ў Вільні, 25.07.2007 Дэмсілы выставяць аднаго кандыдата на кожную акругу, 13.07.2007 На канфэрэнцыі ў Вільні – канкрэтная распрацоўка акцыяў апазыцыі, 13.06.2007
XS
SM
MD
LG