Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” вызначыць цану газу для Беларусі без дадатковых перамоваў


Алесь Дашчынскі, Менск “Газпром” мяркуе падвысіць цэны на газ у 2008 годзе для Беларусі, краінаў Балтыі і Ўкраіны. Літоўскаму кіраўніцтву ўжо накіравалі прапановы падвышэньня коштаў у наступным годзе. Паводле літоўскіх мэдыяў, цэны на газ для Літвы могуць вырасьці на 40 працэнтаў. Чаго ж чакаць Беларусі?

Што да Беларусі, афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў патлумачыў:

“Цана падвысіцца — гэта зразумела. Але гэта будзе не перамоўны працэс, а разьлік на падставе кантракту.

На шчасьце для нас і для беларускага боку, пра цэны мы дамовіліся яшчэ летась. У кантракце, які цяпер дзейнічае паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам”, выразна вызначаная мэтодыка разьліку цаны. І яна не дапускае нейкага падвойнага тлумачэньня. Таму якая будзе цана, стане ясна ў першыя дні студзеня”.

Днямі пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ў наступным годзе Беларусь будзе атрымоўваць расейскі газ за 125-150 даляраў.

Паводле прадстаўніка “Газпрому” Сяргея Купрыянава, ужо цяпер “Белтрансгаз” можа вызначыць для сябе пэўныя арыенціры. Аднак “Газпром” пакуль не называе магчымага дыяпазону цэнаў на газ для Беларусі.

Нагадаем, што ў сьнежні, за некалькі хвілінаў да новага году, “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на пастаўку газу ў 2007-2011 гадах. Дакумэнт вызначыў сёлетнюю цану расейскага газу — 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ад пачатку 2008 году яна складзе 67 працэнтаў ад цаны на эўрапейскім рынку.

Паводле старшыні цэнтру Мізэсу Яраслава Раманчука, “Газпром” паводзіць сябе лягічна:

“Гэтае пытаньне, што тычыцца Беларусі, дэпалітызаванае. І палітызаванае яно можа быць толькі тады, калі зноў беларускі ўрад пачне нейкія гульні й паспрабуе схіліць “Газпром” у бок, напрыклад, меншай цаны. За гэтую меншую цану мы павінны будзем заплаціць альбо павелічэньнем доўгу, альбо нейкімі палітычнымі саступкамі”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што падвышэньне цаны на газ для Беларусі згодна з падпісаным кантрактам нэгатыўна адаб’ецца на эканоміцы:

“Ёсьць шэраг прадпрыемстваў у Беларусі, для якіх гэтае падвышэньне зноў будзе вельмі балючым. Яны гэтага ня вытрымаюць. Гэта будзе стрэл у сьпіну бюджэту, які вымушаны будзе больш грошай аддаваць на гэтыя прадпрыемствы. Але, як і ў гэтым годзе, адзіным платнікам гэтай палітыкі за газ будзе насельніцтва.

Рэнтабэльнасьць нашых прадпрыемстваў панізіцца яшчэ на два-тры працэнтныя пункты. Ужо сёлета яна панізілася. Узрастуць тэмпы акумуляцыі даўгоў. І, безумоўна, гэта будзе яшчэ большая пагроза дэвальвацыі рубля і дэстабілізацыі нашай банкаўскай сыстэмы”.

Ад пачатку году цана на расейскі газ вырасла з 47 да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цягам студзеня-чэрвеня 2007 году Беларусь аплачвала 55 працэнтаў кантрактнай цаны газу.

Ад 1 ліпеня Беларусь пачала плаціць поўную цану за пастаўкі газу ў Беларусь. Пры гэтым “Газпром” купляе 50 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 мільярда даляраў — роўнымі плацяжамі цягам чатырох гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG