Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму даражэюць тавары першай неабходнасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі “Экспэртызы Свабоды”: эканамісты Аляксандар Кавалёў і Зьміцер Бабіцкі.

У аўторак намесьнік міністра эканомікі Беларусі спадар Адашкевіч паведаміў пра плянаванае павышэньне цэнаў на хлебабулачныя вырабы, малочную прадукцыю, алькаголь, праезд у грамадзкім транспарце.

Чым можна патлумачыць гэты крок? Чаму рост цэнаў адбываецца на фоне росту асноўных эканамічных паказчыкаў? Ці сьведчыць гэта пра рост сацыяльна-эканамічных цяжкасьцяў?

Бабіцкі: “Адбываецца ліквідацыя перакрыжаванага субсыдаваньня”

Валер Карбалевіч: “Як вядома, цэны ў Беларусі рэгулюе дзяржава, тым больш цэны на такія сацыяльна значныя тавары першай неабходнасьці, як хлебабулачныя вырабы, малочная прадукцыя, праезд у грамадзкім транспарце. Ды і алькагольная прадукцыя стала ў Беларусі прадметам першай неабходнасьці.

І калі гэтыя цэны павышаюцца, то гэта крок эканамічнай палітыкі дзяржавы. Хоць павышэньне і нязначнае (2—3%), акрамя кошту грамадзкага транспарту, але, мусіць, яно выяўляе пэўную тэндэнцыю? Як можна пракамэнтаваць гэты рост цэнаў?”

Аляксандар Кавалёў: “Тут праблема больш шырокая. І яна найперш тычыцца ўмяшальніцтва дзяржавы ў працэс цэнаўтварэньня. Мне заява спадара Адашкевіча нагадала савецкі час, калі паведамленьню пра павышэньне цэнаў спадарожнічала запэўненьне, што рост цэнаў ніяк не паўплывае на дабрабыт савецкіх грамадзянаў.

Публічна заявілі, што сёлета Беларусь атрымае 7,5 мільёнаў тон зерневых. Паводле эканамічных законаў, калі павялічваецца аб’ём вытворчасьці нейкага тавару, то цана на яго павінна зьмяншацца. А ў нас цэны на хлеб і малако — павышаюцца.

Што тычыцца транспарту, то гэта ў Беларусі стратная галіна эканомікі. Падвышэньне цэнаў на 20%, як і адмена льготаў пры паездках у грамадзкім транспарце з 1 студзеня наступнага году — таксама спроба зьменшыць страты”.

Зьміцер Бабіцкі: “Апошнія пяць-сем гадоў цэны на тавары, якія спажываюць найбольш бедныя людзі, растуць хутчэй, чым усе іншыя тавары. То бок, адбываецца ліквідацыя перакрыжаванага субсыдаваньня.

Дасюль цэны для малазабясьпечаных грамадзянаў былі ніжэйшыя, чым для ўсіх грамадзянаў. Гэтыя цэны кампэнсаваліся коштам прадпрыемстваў, больш забясьпечаных грамадзянаў, альбо, як у выпадку з транспартам, коштам замежных спажыўцоў транспартных паслугаў.

Цяпер такая палітыка мяняецца, цэны на тавары, якія спажываюць найбольш бедныя людзі, растуць хутчэй. Напрыклад, на транспарце найбольш хутка растуць цэны на праезд у электрычках, гарадзкім транспарце”.

Чаму рост цэнаў адбываецца на фоне росту асноўных эканамічных паказчыкаў?

Карбалевіч: “Цяперашняе павышэньне цэнаў адбываецца на фоне добрых эканамічных паказчыкаў. Росту валавых паказчыкаў могуць пазайздросьціць шмат якія краіны сьвету. Інфляцыя за сем месяцаў склала 4%. А памер прафіцыту бюджэту такі, якога, здаецца не было за ўсе гады існаваньня незалежнай Беларусі.

І вось на тле такога добрага разьвіцьця адбываецца спачатку адмена льготаў, а потым павышэньне цэнаў на тавары першай неабходнасьці. Як гэта стасуецца адно з адным?”

Кавалёў: “Відавочна, гэты рост цэнаў нэгатыўна паўплывае на паказчык інфляцыі, і гадавыя парамэтры інфляцыі могуць быць ня выкананыя.

Незразумела, навошта павышаць цэны на гарэлку, калі ў нас прафіцыт бюджэту. Вядома ж, што ў цане гарэлкі значную частку складаюць акцызы, коштам якіх папаўняецца бюджэт.

Ёсьць падазрэньне, што збор зерня атрымаецца не такім вялікім, як рапартуюць гаспадаркі. Таму і павышаюць цэны на хлеб і малако.

Увогуле было б добра, каб дзяржава адмовілася ад кіраваньня цэнамі. Вось, напрыклад, мінулым тыднем Лукашэнка правёў нараду ў пытаньні піваварнай галіны. Высьветлілася, што дзяржаве не хапае 125 мільёнаў даляраў на мадэрнізацыю піўзаводаў. Гэтыя грошы можна было б атрымаць ад павышэньня цаны на піва.

Пяць-шэсьць гадоў таму расейскія заводы пачалі выпускаць піва цаной 80 цэнтаў — 1 даляр за бутэльку. А беларускія заводы прадавалі бутэльку за 35—40 цэнтаў. Беларускія спажыўцы былі гатовыя плаціць 50 цэнтаў за бутэльку.

Але піўзаводы не павышалі цэнаў, бо баяліся, што прыйдуць людзі з камітэту па цэнах і абвінавацяць іх у тым, што яны пераўзышлі максымальна дапушчальны ўзровень рэнтабэльнасьці, ці перавысілі ўстаноўлены памер цэнаў.

Ці возьмем той жа транспарт. Мы ня ведаем, колькі павінен каштаваць кошт праезду ў грамадзкім транспарце. І кіраваньне гэтай галіной неэфэктыўнае. Вось, напрыклад, маршрутныя таксі пры тых жа самых падатках, безь дзяржаўнага субсыдаваньня могуць быць прыбытковымі”.

Бабіцкі: “З гледзішча эканамічнай навукі рост эканамічных паказчыкаў і павышэньне цэнаў не супярэчаць адзін другому. Таму што чым большыя цэны, тым большы валавы грамадзкі прадукт”.

Ці ўдасца ўладам схаваць ад насельніцтва рост цэнаў?

Карбалевіч: “Вось спадар Бабіцкі кажа, што адбываецца паступовая ліквідацыя перакрыжаванага субсыдаваньня. Але гэта ня толькі не абвяшчаецца публічна, але адбываецца на фоне рыторыкі пра захаваньне сацыяльна арыентаванай палітыкі.

Даволі цікава, як гэтае павышэньне цэнаў абстаўленае дзяржаўнымі мэдыямі. Спачатку апавядаецца пра выдатны рост усіх эканамічных паказчыкаў. У канцы расказваецца пра плянаванае павышэньне пэнсіяў і тарыфнай стаўкі першага разраду.

А ў сярэдзіне, між іншым, паведамляецца пра рост цэнаў у зьвязку з падаражэньнем матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і росту цэнаў на зерневыя — чамусьці ў Расеі і Ўкраіне. Ці ўдасца ўладам схаваць гэты непапулярны крок?”

Кавалёў: “Ня ўдасца. Ужо сёньня зранку ў грамадзкіх месцах абмяркоўваецца гэтае паведамленьне, нэгатыўна. Нікому не падабаецца рост цэнаў.

Сапраўды, гэтае павышэньне цэнаў б’е найперш па бедных групах насельніцтва, якія якраз і зьяўляюцца асноўнымі спажыўцамі хлеба, малака, карыстаюцца грамадзкім транспартам. Таму ўладам нават пры выкарыстаньні ўсіх тэлеканалаў ня ўдасца зрабіць добры твар пры дрэннай гульні”.

Бабіцкі: “Зразумела, гэта не застанецца без увагі грамадзянаў. Але пакуль на палетках ня выкапалі бульбу, нельга чакаць нейкіх сацыяльных забурэньняў.

Трэба адзначыць, што гэта рэч чыста псыхалягічная. Калі б па тэлевізіі пра гэта не сказалі, а рабілі ціха, то шмат хто гэтага і не заўважыў бы. Бо цэны ў нас растуць увесь час, але людзі гэтага не заўважаюць. Напрыклад, цэны на бэнзін значна вырасьлі, але гэта не выклікае гучных рэакцыяў.

Таксама расходы на грамадзкі транспарт не складаюць у сямейным бюджэце вялікай долі. 30—40% грамадзянаў, асабліва ў правінцыі, увогуле не карыстаюцца грамадзкім транспартам кожны дзень”.

Карбалевіч: “Ці сьведчыць павышэньне цэнаў на тавары першай неабходнасьці пра нэгатыўныя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Беларусі?”

Кавалёў: “Не, я б не рабіў такой высновы. Бо, па-першае, гэтае падвышэньне ня вельмі значнае. Па-другое, калі ўлады ідуць на гэтае падвышэньне, гэта значыць, што яны ўпэўненыя ў даверы грамадзянаў і не баяцца пратэстаў”.

Бабіцкі: “Увогуле на гэтую навіну можна глядзець з розных пазыцыяў. Калі глядзець на гэта з гледзішча дэклярацыяў уладаў аб сацыяльна арыентаванай дзяржаве, то гэта крок убок ад такой палітыкі.

Калі ж глядзець на гэта з пазыцыяў рынкавай эканомікі, то нічога кепскага тут няма. Іншая рэч, што кепская сама сыстэма, ва ўмовах якой дзяржава кіруе цэнамі. Таму гэтае пытаньне каштоўнаснае”.
XS
SM
MD
LG