Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абеды ў Івянцы: "У БРСМ мы чыталі "Народную волю"


Ягор Маёрчык, Івянец, Валожынскі раён, Менская вобласьць Госьць праграмы — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Адамовіч.

Карэспандэнт: “Ці праўда, што вы адзіны студэнт на курсе, які размаўляе па-беларуску?”

Адамовіч: “У нас тры аддзяленьні. Ня чуў, каб нехта размаўляў па-беларуску. Але плён такога маўленьня ёсьць, бо траціна маёй групы са мной размаўляе па-беларуску”.

Карэспандэнт: “З чаго ўсё пачалося?”

Адамовіч: “У школе мне выкладаў гісторыю Беларусі настаўнік. Ён нам чытаў сапраўдную гісторыю, тлумачыў перакручанасьць сучаснай сыстэмы. А пасьля пачалася самастойная праца — чытаў газэты і кнігі”.



21-гадовы Юры Адамовіч скончыў Менскі радыётэхнічны каледж. А яшчэ раней ён выхоўваўся ў дзіцячым доме-інтэрнаце. Пры жывых бацьках Юры, а таксама трое ягоных братоў і сястра сталі сацыяльнымі сіротамі — бацькі сьпіліся.

Карэспандэнт: “Як вы трапілі ў дом-інтэрнат?”

Адамовіч: “Адна жанчына дапамагла перавесьці нас у дзіцячы дом. Самыя малодшыя браты дагэтуль у інтэрнаце, недзе ў Капыльскім раёне”.

Карэспандэнт: “Зь якімі эмоцыямі наведваеце родную вёску?”

Адамовіч: “Прыяжджаю на пару гадзінаў — я там не затрымліваюся. З бацькамі як? Там псыхалёгія такая — толькі скардзяцца”.

На цэнтральным пляцы 5-тысячнага Івянца стаіць кірмаш. Тут працуе пэнсіянэрка Галіна Шакаль. Сталая ўдзельніца праграмы “Абеды ў Івянцы”, яна яшчэ ў студзені катэгарычна заявіла, што болей ня будзе гандляваць. Маўляў, гады ўжо ня тыя, дый прыбытку гэта не прыносіць — не хапае нават на тое, каб перакрыць дах хаты.

Але гляджу — гэтым разам спадарыня Галіна зноў гандлюе садавіной, гароднінай і напоямі.

Карэспандэнт: “Як мацеся?”

Шакаль: “Абы-што! Бо ніхто не набывае. Наш Івянец маленькі, а крамаў і намётаў шмат. Каб мы стаялі першыя, можа было і лепей, а як у канцы... Пакуль сюды дойдуць, усё набылі”.

Карэспандэнт: “Вы мне некалькі разоў казалі, што ўжо ня будзеце гандляваць...”

Шакаль: “Але няма куды падзецца! Сын мае чатырох сыноў, нарадзілася пятае — унучка. Трэба іх карміць”.

Карэспандэнт: “А сын на працу ўладкаваўся?”

Шакаль: “Няма куды. Дый не было як. Нявестка была цяжарная, дык ён увесь час пры ёй быў. У нас у Івянцы няма дзе ўладкавацца так, каб можна было забясьпечыць сям’ю”.

Усё лета Юры Адамовіч працаваў на будоўлі. Што менавіта будаваў і дзе, казаць ня хоча. Маўляў, працаваў не зусім легальна, дык навошта пра гэта?

За кубачкам кавы я цікаўлюся ў Юр’я: як памяняўся ягоны дабрабыт ад пачатку гэтага году?

Адамовіч: “На дзень патрэбна 5 даляраў, каб толькі харчавацца, а на месяц — 150, але гэта мінімум. А стыпэндыя — 115 тысяч”.

Карэспандэнт: “Вы цяпер вучыцеся ў Менску, але часам наведваеце Івянец. Як мяняецца мястэчка?”

Адамовіч: “Кошты на асноўныя харчы павялічыліся на 300 рублёў. Людзі сваю гаспадарку трымаюць, таму яшчэ могуць нармалёва жыць. Людзі пачалі б займацца прадпрымальніцтвам. Але зразумела, што гэтаму перашкаджае ўлада. Гэта каб кантраляваць, каб людзі былі залежныя падчас выбараў. Па-другое, гэта каб стрымаць разьвіцьцё дэмакратыі”.

У часе сваіх рэдкіх візытаў у Івянец Юры Адамовіч абавязкова заходзіць да пэнсіянэра Мікалая Куксо. Розьніца ва ўзросьце — не перашкода для сяброўства. Яны дзеляцца адзін з адным навінамі. Мікалай Куксо некалі выкладаў у Юр’я ў доме-інтэрнаце геаграфію.

Пра спадара Куксо нагадаю, што ў мінулым ён адвакат, настаўнік, і агітатар-прапагандыст. Штосуботу ў лазьні Куксо пераказвае прачытанае ў “Народнай волі” і пачутае па “Свабодзе”.

А ў нашай праграме спадар Мікалай дзеліцца назіраньнямі пра тое, як мяняюцца кошты ў івянецкіх крамах.

Куксо: “Пайшоў учора набыць алею. Некалі ён быў 2500 рублёў, гляджу цяпер — 3300, хлеб быў 870, а цяпер — 900. Як людзі харчуюцца — хлеб, малако, яйкі, зеляніна. Гэта харчаваньне беднага. На большае пэнсіі не хапае.



Улада кажа, што на 7% падыме ў верасьні нашыя пэнсіі. Але я ведаю і іншае: тым, хто кажа, што ў нас квітнеючая Беларусь, заробак падвышаюць у два разы. Выглядае, што чыноўнікі квітнеюць, а пэнсіянэры галеюць”.

Карэспандэнт: “Якія навіны ў Івянцы за апошні месяц?”

Куксо: “У нас тут ёсьць зацятыя лукашысты. Дык вось адзін такі казаў: “Я буду толькі за Лукашэнку галасаваць!” Наслухаўся ён сэлектарных размоваў... Сустрэліся неяк. Кажа: “Не, я ўжо за Лукашэнку галасаваць ня буду!” Ну, а другі зацяты лукашыст зь цягам часу стаў мне руку падаваць, вітаецца. Ведаеце, ёсьць нейкі зрух”.

Свайму госьцю Юр’ю Адамовічу я задаю наступнае пытаньне:

Карэспандэнт: “А ці праўда, што вы ачольвалі суполку БРСМ?”

Адамовіч: “Так, было такое ў школе. Сказалі ўсім уступіць. Фактычна, я там нічым не займаўся, толькі там лічыўся”.

Карэспандэнт: “Нейкая актыўнасьць суполкі ў дзіцячым доме была?”

Адамовіч: “Гэта была хутчэй апазыцыйная актыўнасьць. Мы размаўлялі з аднаклясьнікамі й настаўнікамі пра палітычныя падзеі ў Беларусі й за мяжой. “Народную волю” разам чыталі. Калі я паступіў у каледж, сказаў, што білету БРСМ у мяне няма, не ўступаў я ў гэтую арганізацыю. Ва ўнівэрсытэце я тое самае сказаў”.

Карэспандэнт: “А вы не шкадуеце, што некалі ўступілі ў БРСМ?”

Адамовіч: “Шкадаваць пра тое, што было, — гэта вельмі бессэнсоўна”.

У Івянец я завітаў празь некалькі дзён пасьля таго, як беларускія ўлады не дазволілі ўехаць на тэрыторыю Беларусі віцэ-сьпікеру Сэнату Польшчы Кшыштафу Путру, старшыню апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа” Дональду Туску і кіраўніку Групы салідарнасьці з Беларусьсю ў Сэйме Робэрту Тышкевічу.

На мяжы польскім палітыкам заявілі, што яны “пагражаюць канстытуцыйнаму ладу Беларусі”. Аляксандар Лукашэнка пазьней пракамэнтаваў інцыдэнты наступным чынам: “Далі ім па мордзе, і слушна зрабілі. Няма ім тут чаго рабіць”.

У Івянцы ёсьць суполка афіцыйнага Зьвязу палякаў. У Доме польскім працуе нядзельная школка. Сьпеўна-танцавальны калектыў “Крэсавянка” гастралюе па Валожынскім раёне і за межамі Беларусі.



Тутэйшую філію Зьвязу палякаў ачольвае пэнсіянэрка, колішняя настаўніца геаграфіі Тэрэза Собаль. Вельмі асьцярожна, старанна падбіраючы словы, яна распавядае мне пра апошнія выступы “Крэсавянкі” ў Польшчы — і міжволі пачынае параўноўваць жыцьцё беларускіх і польскіх пэнсіянэраў.

Собаль: “Калі паглядзець на жыцьцё пэнсіянэраў, яны там лепей жывуць. Яны могуць сабе дазволіць некуды паехаць, купіць рэчы, зьмяніць мэблю. Больш цікава жывуць. Нашыя людзі больш працуюць і нават па Беларусі мала перасоўваюцца, а пра замежжа і не пытайцеся”.

Карэспандэнт: “Часам паглядзіш тэлебачаньне, паслухаеш радыё... такое ўражаньне, што ёсьць варожае стаўленьне да Польшчы. На ўзроўні мястэчка ёсьць нейкі падзел?”

Собаль: “Людзі жывуць у згодзе. Яны зважаюць болей на станоўчыя якасьці”.7

Карэспандэнт: “А ў Івянцы вялікая польская грамада? Колькі людзей?”

Собаль: “У зьвяз уступіла 337 чалавек. Я лічу, што для Івянца гэта замала. Калі ўлічыць, што ў Івянцы 80% жыхароў каталікі, у Зьвязе палякаў магло б быць і пад тысячу сяброў”.

Карэспандэнт: “Пэрсанальнае пытаньне: а чаму ў вас на дзьвярах няма шыльды?”

Собаль: “Каб утрымаць наш дом, трэба мець фінансаваньне, а мы жывем невядома як. Наўпрост нам Польшча дапамагчы ня можа. Трэба плаціць падаткі, аплачваць сьвятло. Не да шыльдаў нам”.

Тую самую тэму — жыцьцё польскай грамады мястэчка — мы абмяркоўваем зь Юр’ем Адамовічам.

Карэспандэнт: “Адметнасьць Івянца ў тым, што ёсьць Дом польскі. Ці заўважны ўдзел Зьвязу палякаў у жыцьці Івянца?”

Адамовіч: “Тыя людзі, якія маюць цікавасьць, прыходзяць туды і далучаюцца да польскай культуры. У мяне маці полька, бацька паляк, але я сябе палякам не лічу. Што за вага і значэньне ад прыпісаньня сябе да іншай нацыі?”

Карэспандэнт: “Вядома, што ёсьць напружаньне ў стасунках паміж афіцыйнымі беларускімі і польскімі ўладамі. Ці адчуваецца гэтая напруга ў Івянцы?”

Адамовіч: “Гэта толькі палітыка. Не існуе складанасьцяў на нацыянальнай глебе”.

Карэспандэнт: “І нават калі тэлебачаньне паказвае затрыманьне нібыта польскіх шпіёнаў ці тое, што не пусьцілі ў Беларусь дэпутатаў Сэйму?”

Адамовіч: “Тут яшчэ залежыць ад палітычных поглядаў. Калі людзі з дэмакратычнымі поглядамі, яны бачаць, што гэта бруд. А людзі, якіх нічога не цікавіць, лічаць, што паўсюль ворагі, ім такое падабаецца”.

Апошняя сустрэча ў Івянцы гэтым разам — Вальчэўскія. Настаўнік матэматыкі Іван Вальчэўскі — навасьпечаны пэнсіянэр. Ягоная жонка Тэрэза не працуе ўжо некалькі гадоў. Трэцяя ў іхнай сям’і — котка Марта.

Некалькі месяцаў таму Іван Вальчэўскі прагназаваў, што калі пойдзе са школы, стане болей эканоміць — настаўніцкага заробку ўжо ня будзе, жыць давядзецца на адну пэнсію.

А пра котку Марту — асобная размова. Ад пачатку году котка прызнавала за ежу адно толькі рыбу путасу. Усе спробы гаспадароў перавесьці яе на лівэрку ці хаця б “Кітыкет” нічым ня скончыліся. Пасьля ў Марты прачнуліся інстынкты, і яна пачала лавіць мышэй. Радасьць Вальчэўскіх была нядоўгай: пару разоў пакаштаваўшы мышэй, Марта адмовілася ад такіх далікатэсаў.

У хаце — толькі Тэрэза Вальчэўская. Гаспадар паехаў па нейкія запчасткі.

Пэнсіянэры робяць рамонт.

Вальчэўская: “Распачалі нейкую дурноту. Захацелі кацёл памяняць, бо ён у нас вады ня грэў. Цяпер набылі дарагі кацёл за 850 эўра. Цяпер ужо ня будзем ставіць калёнку, пакладзем кафлю, паставім душ і прыбіральню”.

Карэспандэнт: “Коль ж вам гэта каштавала?”

Вальчэўская: “Чатыры-пяць мільёнаў рублёў”.

Карэспандэнт: “Як доўга вы зьбіралі грошы, каб зрабіць рамонт?”

Вальчэўская: “Можа году паўтара складалі з пэнсіі. Мы ні ў чым сабе не адмаўляем, а рэшткі адкладаем”.

Карэспандэнт: “Газ, які будзе пастаўляцца ў Беларусь, будзе даражэць. Ці моцна гэта адаб’ецца на вас?”

Вальчэўская: “Прыйдзе зіма, тады будзем плаціць 40—60 тысячаў на месяц. Усё цягнуць зь людзей. Хіба дзяржава пра нас клапоціцца? Не! Яна ніколі не клапацілася, не клапоціцца і ня будзе клапаціцца! Яны не разумеюць, як трэба праводзіць сваю палітыку і як народ трэба любіць”.

Карэспандэнт: “Распавядзіце пра сваё бачаньне палітыкі: што ў нас правільна, а што — не”.

Вальчэўская: “Мне толькі аднаго хочацца, каб не будавалі лядовых палацаў. Цяпер у Менску зноў будуюць. Кажуць, што такога яшчэ ў сьвеце няма. Нашто ён нам? Хай бы лепей людзі сталі багацей жыць!”

Карэспандэнт: “Як пажывае вашая котка Марта?”

Вальчэўская: “Я зранку прачынаюся і рэжу ёй нырачку на сьняданак. На абед — рыба варыцца, а на вячэру даю “Кітыкет”. Яна ловіць мышэй, але ня есьць іх, бо ня хоча. Ні лівэркі, ні крывянкі таксама ня есьць. Во! Паглядзіце, якая яна цяжкая!”



Карэспандэнт: “Ну, кіляграмы тры-чатыры важыць”.

Апошняе пытаньне госьцю праграмы “Абеды ў Івянцы” студэнту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі, будучаму праграмісту Юр’ю Адамовічу:

Карэспандэнт: “Вы сваё жыцьцё з Івянцом будзеце зьвязваць?”

Адамовіч: “З Івянцом у мяне шчыльных сувязяў ня будзе. Хутэй за ўсё, буду жыць у іншым месцы. Жыць ля вялікага гораду і езьдзіць туды працаваць. Але жыць у самім горадзе псыхалягічна цяжка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG