Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мялешкавічы: “Каб Лукашэнка пабачыў гэтую вёску, ён абамлеў бы і памёр”


Зьміцер Бартосік, Мялешкавічы, Мазырскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Мястэчка Мялешкавічы, што на Мазыршчыне, вядомае ад 1432 году. Яшчэ сто гадоў таму тут было 292 двары, царква, сынагога, народнае вучылішча, хлебазапасная крама, конны млын і карчма. Было нават сваё паштовае аддзяленьне.

За прамінулае стагодзьдзе Мялешкавічы, як і ўсе нашы мястэчкі, зьмяніліся непазнавальна. Замест усёй гэтай старасьветчыны ў 1929 годзе вёска атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага сьцяга. За актыўны ўдзел у вайне зь легіянэрамі Пілсудзкага. А разам з ордэнам прыйшла й калектывізацыя.

Да гэтай пары старыя жыхары Мялешкавічаў ня могуць забыцца жыцьця свайго на хутарах. І апавядаюць пра тыя хутары, як пра страчаны рай.



Старая: “Я раскажу, як нас перасялялі. Прыяжджалі, забіралі, хаты раскідалі ды ўвазілі ў сяло”.

Карэспандэнт: “А вы жылі на хутарах?”

Старая: “На хутарах. Як жылі самі, дык была сьвіньняў чарада. Свае сьвіньні, не куплялі. Свае каровы былі - пяць, чатыры, не куплялі. Бацька жыў адзін, а вакол бацькі сыны жылі. Хаты станавілі, свой пасёлак быў. І ўсе трымалі сваю гаспадарку. Выкапалі копанку, каб карасі былі свае”.

Карэспандэнт: “Багата жылі?”

Старая: “Багата. Усё сваё было. Авечкі былі - шэсьць-восем. Усё сваё было. Свае кажухі шылі, ураблялі скуры. А бабы ўжо ткалі сабе андаракі з воўны. Пралі тоненька ды ў клетачку складалі. Ой! Жылі, жылі”.

Безьліч разоў я чуў плач беларускіх калгасьніц па спачылым Савецкім Саюзе. Але гэта былі ўсё прагматычныя сьлёзы. У Мялешкавічах упершыню пачуў шкадаваньне СССР з эстэтычных прычынаў.

Карэспандэнт: “А цяпер як жывуць Мялешкавічы?”

Старая: “Сто семдзесят тысяч пэнсіі. Якое то жыцьцё?.. Мы толькі ўспамінаем тыя гады, калі быў Брэжнеў. Як казалі: “Быў у хлебе ўлежны”.

Карэспандэнт: “А шкада вам Савецкага Саюзу?”

Старая: “Канечне. Гэта ж гімн такі харошы гралі. Такі гімн! “Саюз нерушымы рэспублік свабодных сплаціла навекі вялікая Русь!” А цяпер як яго раскідалі, гэты гімн. Як яго скаверкалі. Тады акцябарскія: адчыненыя вокны, дзьверы. Чуцён крык акцябрат. А цяпер...”

А цяпер сапраўды звонкія акцябрацкія галасочкі гучаць усё радзей. Хаця нельга сказаць, што ўлада не намагаецца выправіць сытуацыю.

У Мялешкавічах будуецца аграгарадок. Гэта значыць, збудавалі дзесяць дамкоў, паклалі новы асфальт, а каля Дому культуры паставілі яркія ўслончыкі. Мастацкі кіраўнік клюбу Аляксей Сачук, каржакаваты гаспадарлівы мужык з чэпкім позіркам, бацька дзевяцёх дзяцей, ня можа нарадавацца на нашу эпоху і яе правадыра.



Сачук: “Пры ім адбыліся вельмі вялікія пазытыўныя зьмены. Я ня буду казаць - у маштабах краіны. Я магу толькі сказаць у маштабах сваёй гаспадаркі. Пры Лукашэнку я атрымаў пяць гектараў зямлі. Пры Лукашэнку я змог купіць трактар. Пры Лукашэнку ў мяне зьявілася машына “газон”.

Я займаюся сваёй любімай працай. Тут і ў клюбе. У мяне дзевяцёра дзяцей. Каб атрымалі яны адукацыю, каб яны больш-менш годна жылі, маецца гэтая зямля, на якой мы працуем. Таму ў мяне прэтэнзіяў да Лукашэнкі няма. І тое ж самае: вы зайдзіце да любога пэнсіянэра, жыхара нашай вёскі - ніхто пра яго кепскага ня скажа”.

Я меў неасьцярожнасьць запытацца, як спадар Аляксей сумяшчае фэрмэрства і мастацкае кіраваньне. Пытаньне было ўспрынятае як гнюсная правакацыя.

Сачук: “Як бы вы мяне ні правакавалі, у мяне пачуцьцё гордасьці, што мая вёска так пераўтварылася. Я з пачуцьцём захапленьня стаўлюся да сваёй вёсачкі. І, безумоўна, не прамяняў бы яе ні на Менск, ні на Мазыр.

Таму што трэба каб душа чаго хацела, тое й атрымлівала. Гвалтаваць душу ня трэба. Калі душу цягне ў вёску, а ты яе будзеш гвалтам трымаць у горадзе, нічога з гэтага не атрымаецца. Трэба, каб душа была свабодная. Тады й рукі з галавой будуць свабодныя”.

Я скарыстаўся з парады спадара Сачука і пайшоў шукаць “любога жыхара вёскі”. Цікавыя суразмоўцы спаткаліся мне на другім канцы Мялешкавічаў, дзе платы не пафарбаваныя, асфальт не пакладзены, нават не працуюць калёнкі.

На лавачцы сядзела невялікая кампанія пэнсіянэраў. Дзядок у акулярах, невысокая, жвавая і галасістая старая ў мужчынскім пінжаку і мажная кабета перадпэнсійнага веку. Размова атрымалася зьмястоўная. Я нарэшце зразумеў, што такое “аграгарадок”.

Спадар: “Водаправод тут пракладзены. Толькі ў адным месцы праламалася і не злучае. А водаправод ёсьць. У ЖКГ мы зьвярталіся - няма грошай. Гэта аграгарадок лічыцца. А як у Нью-Ёрку - ёсьць трушчобы? А-а-а, ёсьць...”

Карэспандэнт: “Карацей, Мялешкавічы - вёска кантрастаў”.



Старая: “Ведаеце, як мы цярпелі ў вайну? Горш за тых, што ваявалі. Мы сапраўдныя вязьні. Я прарабіла трыццаць дзевяць гадоў стажу. 170 тысяч у мяне пэнсія”.

Кабета: “Сто тысяч! Робіць месяц, кароў доіць даярка - сто тысяч атрымлівае на фэрме. А дырэктар саўгасу сабе купіў ужо дзьве машыны, купіў у Мазыры кватэру і дом. А даярка сто тысяч атрымлівае”.

Карэспандэнт: “А хто вінаваты?”

Кабета: “Хто ў раёне сядзіць. Саўчык там. Ён усім заведвае. Колькі ён ужо ў тым крэсьле?! Ён пры камуністах сядзеў, камуністы пайшлі - пры дэмакратах. Ён і пры фашыстах сядзець будзе”.

Карэспандэнт: “А Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка не вінаваты?”



Кабета: “Цудоўны чалавек. Ён нічога пра гэта ня ведае. Каб яму паболей дакладалі, дык ён бы верталётам прыляцеў і трохі іх раскалаціў бы. А яму ўсе брэшуць. Думаеце, праўду кажуць? Брэшуць! Крадуць прама ў яго на вачах”.

Старая: “Каб ён пабачыў гэтую вёску, гэты калгас, - ён абамлеў бы і памёр”.

Кабета: “Памёр, упаў бы”.

Карэспандэнт: “Дык што ж ён ня едзе сюды? Ня хоча памерці, відаць”.

Кабета: “А хоць бы ён сюды й прыехаў. Яны яго абкружылі б. Яны яго правялі б - зрабілі б адну вуліцу і павялі б па ёй. Яны ж бы нас да яго не пусьцілі. Мы яму расказалі б. Яны б нам сказалі - паставім і расстраляем, як вы да яго падыдзеце хоць на мінуту”.

Карэспандэнт: “А як людзі жывуць на сто тысяч?”

Кабета: “Пяцёра дзяцей выгадавала. Я сказала, што я шматдзетная маці... Ордэн жа ўвёў Лукашэнка. Мне адказалі, што мне не паложана. Таму што я пры Савецкім Саюзе яшчэ дзяцей панараджала. Усё”.

Старая: “Трэба новых нараджаць”.

Кабета: “Так. Пачынай спачатку. А ўжо абручы палопаліся. Прабачце, гэта мы жартуем”.

Старая: “Я за такую пэнсію пешкі пайшла б да Лукашэнкі. Тры дні ішла б, пяць, але расказала б усю сваю жысьць. За трыццаць дзевяць гадоў - 170 пэнсіі. Рабіла дарэмна. Як будуць галасаваць, ні за каго ў жыцьці не пайду галасаваць. Ні за якіх дэпутатаў”.

Карэспандэнт: “А за Лукашэнку будзеце галасаваць?”

Старая: “За Лукашэнку буду”.

Аграгарадок, як вынікае з усяго пачутага, гэта ня ўся вёска. А толькі тая яе частка, якую можна паказаць начальству.

Найстарэйшая жыхарка Мялешкавічаў Ганна Пагарэлава памятае, як вёску палілі ў 1920-м палякі, як раскулачвалі камісары і як у 1943-м Мялешкавічы ледзь не згарэлі разам з жыхарамі. Выратаваў людзей мялешкавец Яўсей Захаранка, які працаваў у немцаў перакладчыкам.



Ганна: “Быў такі чалавек, што тамака работаў. Дык паведаміў. Багата паўцякала. Але я ў той час не ўцякла. Быў у мяне малы Коля, дома бацька быў, маці. А дзьве сястры пабеглі ў лес. Дык яны прыйшлі, прыехалі. А людзей жа было мала. “А дзе людзі?” “Што то дыміць?” - туды, у лес. А я кажу: “То кароў пагналі пасьвіць”. Яны - “Ха-ха-ха”.

А то гарэла Буда-Казіміраўка. Яны ўжо ведалі, што там людзі не ўцяклі. Зь людзьмі спалілі. А ў нас было мала людзей, дык не спалілі. А пасьля, як яны паехалі, усе выбраліся ў лес. Так ад Бога трэба было зрабіцца гэтаму. Госпад так даў нам пацярпець”.

Карэспандэнт: “Дык атрымліваецца, што Бог нядобры”.

Ганна: “Добры. Мы ня добрыя, мой хлопчык, а Бог добры. Грашым Богу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG