Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прыходзіш у краму – штодня мяняюцца кошты"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 30 жніўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Анастас Семяновіч: “Што можна сказаць наконт беларускіх школ? Да таго часу, пакуль кіруюць лукашысты, з мовай з кожным днём будзе ўсё горш. Шаноўны прэзыдэнт Украіны, спадар Віктар Юшчанка, пытаецца: куды падзелася беларуская мова? Што лукашысты-душыцелі могуць яму адказаць? Нічога. Перад апазыцыяй і народам стаіць адна задача – як мага хутчэй адлучыць ад улады галоўнага начальніка Беларусі, каторы вельмі стаміўся. Далейшае ягонае знаходжаньне пры ўладзе – гэта трагедыя для народу. Рэгулярна падвышаюцца кошты на прадукты харчаваньня, нават на хлеб. Пасьля новага году, калі кошты на энэрганосьбіты рэзка павялічацца, то пад гэткім кіраўніцтвам Рэспубліка Беларусь апынецца пры “разьбітым карыце”. Тады фініш надыдзе вельмі хутка. Пытаньне мовы будзе вырашана аўтаматычна – адмена рускай мовы, як дзяржаўнай. Рэфэрэндум быў незаконны”.

Спадар: “Вось слухаю вашага хвалёнага Шалкевіча. Ужо “задалбалі” вы зь ягонай рэклямай. Вось песьня: жанчына з бутэлькай ды яшчэ ў руцэ. Гэта надумана. Няма ніякай лёгікі. Так апісвае жанчыну, ухваляе яе, маўляў паліто ў яе дарагое, дык што яна – не магла знайсьці дома ці купіць у краме цэляфанавы пакет і пакласьці гэтую бутэльку піва? Як на тое пайшло – то звычайная гэта алькагалічка. Можа і паліто тое крадзенае. Перадайце вашаму Шалкевічу – нічога ў ягоных песьнях няма”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Рашэньне вылучыць Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію міру вельмі слушнае. Калі б Лукашэнка валодаў атамнай зброяй, цяжка нават уявіць, якая б зараз была сытуацыя ў сьвеце – ён жа хворы на ўсю галаву, нармальныя людзі яго на парог да сябе не пускаюць. І вось сёньня я чую, што пачаліся размовы пра вяртаньне атамнай зброі ў Беларусь. Гэта нешта ненармальнае. Ніколі такога не было, каб адна дзяржава давала іншай гатовую атамную зброю. Хіба што заваяванай краіне, якая перастала фактычна існаваць. Відаць, па ўсім, што інтэграцыя гэта ўжо незваротны працэс. Таму пастарайцеся, прынамсі, не прадзешавіць, спадар здраднік Радзімы, Лукашэнка”.

Слухач: “Дзякуй, Начная Свабода за новы альбом гурту “Крама”. Дзякуй спадар Варашкевіч. Я лічу, што гэта будзе вельмі добры альбом. Дзякуй, Свабода”.

Іван Карпавіч, Менск: “ Я хачу сказаць пра пытаньне падвышэньня коштаў – яны растуць, як грыбы, пастаянна. Прыходзіш у краму – штодня мяняюцца кошты. Але ня ў гэтым справа. Чаму ж павышаюцца кошты? Бо эканоміка ў нас не працуе. 30% працуе, а астатняе на паперы. Сяло таксама “ляжыць” – усё на паперы і ўраджаі і надоі і г.д. Вось адкуль трэба сыходзіць. Пэўна у нас, у Беларусі, няма эканамістаў, каб Сідорскаму сказалі: што ж ты падманваеш, мой дарагі. Ён проста зьбірае паперкі і больш нічога. На паперы ў нас усё гладка нават ёсьць прыбытак, рост. Харошая прымаўка была нашых продкаў: сямёра з лыжкамі, адзін з сошкай. А цяпер з сошкай адзін, а мільён з лыжкай. Паглядзіце, якія штаты парабілі – ад прэзыдэнцкай каманды да Саўміна, ад Саўміна да вэртыкалі. Вось, хто ў нас дармаеды. Таму мы так і жывем. І павышаем кошты за кошт працоўнага клясу, інтэлігенцыі і пэнсіянэраў”.

Спадар: “Шалкевіч у вас выступае цягам месяцу са сваімі драматычнымі творамі. Але ж тэматыка ягоная вельмі нязначная. Ён ужывае такія факты, якія ня маюць значнасьці для грамадзтва. Мабыць, гэта вельмі важна, але ж трэба сказаць нешта больш значнае. Ня трэба расказваць, што зь ім здарылася, што дзяўчына ў жоўтай сукенцы яму нагадвала пачуцьцё. Трэба сказаць нешта большае пра Беларусь. Нешта сказаць значнае. Сказаць, каб кожны беларус задумаўся”.

Спадар: “Паднялі пэнсію, і адразу ж кошты на прадукты павысіліся. Гэта паўплывае толькі на беднае насельніцтва, на людзей каторыя маюць 200- 300 тысяч. А на чыноўнікаў гэта нічога не адаб’ецца. Колькі гэта будзе працягвацца? Нашы грошы, каторыя зарабляліся кроўю і потам, а чынавенства так не зарабляе. Чым яны займаюцца? Ловяць БНФаўцаў? Ды немец так не лавіў і не караў. Лукашэнка хваліцца, што ўраджай, дык пры савецкай уладзе мы больш зьбіралі ўраджаю і ўсё ўручную”.

Яцкевіч, Віцебск: “Калі РНЕ гаварыла, што лічыць Віцебск сваім горадам, паверце, яны мелі рацыю. Яны могуць на сёньня супрацоўнічаць з КДБ, з МУС. Яны могуць супрацоўнічаць і з другімі службамі. І пад відам гэтага, каб нейкія справы не раскрываць, будуць рабіць спасылку на РНЕ. І гэтыя падлеткі прыяжджаюць на машынах і вядуць агітацыю. Сёньня трэба інфармаваць Захад па ўсіх парамэтрах”.

Ільля Копыл, Менск: “На мінулым тыдні па беларускіх тэлеканалах паказвалі мошчы Сьвятога Ўладзімера хрысьціцеля і назвалі яго заступнікам Беларусі. На маю думку, гэта поўны абсурд. Зь гісторыі вядома, што ён быў сквапны і бязьлітасны князь, як і яго дзед Ігар, бабка Вольга, бацька Сьвятаслаў. На сваім шляху ён пакідаў разбурэньні і сьмерць. Ён разбурыў Полацк. Забіў князя Рагвалода, яго жонку, сыноў. Дачку Рагнеду прымусова зрабіў сваёй жонкай. Акрамя Рагнеды ён меў яшчэ 7 жонак і 800 наложніц. У Полацкім княстве пасьля гэтага бацькі перасталі называць сваіх дзяцей Уладзімірамі. Князь Уладзімір такі ж заступнік беларусаў, як Сувораў, Мураўёў, Пётр І ды іншыя. Было б справядліва калі б беларуская аўтакефальная царква выкрасьліла Ўладзіміра зь ліку сьвятых”.
XS
SM
MD
LG