Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее БНФ зьяднаць Лябедзьку і Мілінкевіча?


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Сябры палітрады маюць ухваліць тэкст палажэньня аб рэгіянальнай кааліцыі, будзе таксама абмяркоўвацца сьпіс прэтэндэнтаў у кандыдаты да выбараў у палату прадстаўнікоў. Напярэдадні гэтага паседжаньня яшчэ больш абвастрыліся супярэчнасьці паміж кіраўнікамі партыяў, што ўваходзяць у Палітраду, і рухам “За Свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам. Ці ўдасца на паседжаньні пераадолець сур’ёзныя разыходжаньні? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з намесьнікам старшыні Партыі БНФ, кіраўніком аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” Віктарам Івашкевічам

Цыганкоў: “Пра сытуацыю, якая склалася цяпер у апазыцыйнай кааліцыі, красамоўна гаворыць, напрыклад, матэрыял, што зьявіўся на сайце naviny.by пад загалоўкам “Лябедзька выклікае Мілінкевіча на шчырую размову”. Галоўныя прэтэнзіі да Мілінкевіча – тое, што рух “За свабоду” пераманьвае ў свае шэрагі актывістаў існуючых партыяў. Ці сапраўды такое адбываецца, і ці ёсьць гэта праблемай, напрыклад, для БНФ?” Івашкевіч: “Яшчэ ня так даўно гэта можна было б лічыць праблемай, пакуль не пачаліся канкрэтныя дзеяньні. Але на сёньняшні дзень, калі БНФ прыняў рашэньне максымальна актыўна прыняць удзел у падрыхтоўцы і правядзеньні кампаніі “Эўрапейскі марш”, то цяпер узаемаадносіны зь Лябедзькам, Мілінкевічам ды іншымі ў нас такія: далучайся да працы, рабі ўклад, які можаш. Хто робіць уклад – з тым супрацоўніцтва, хто ня робіць – з тым супрацоўніцтва няма”.

Калі сябры Фронту, якія адначасова лічаць сябе сябрамі руху “За Свабоду”, працуюць на падрыхтоўку Маршу, то якая розьніца, дзе яны сябе лічаць? Я думаю, што спадару Лябедзьку трэба не выклікаць на размову Мілінкевіча, а максымальна актыўна мабілізоўваць партыйныя сілы на падрыхтоўку “Эўрапейскага маршу”.

Цыганкоў: “Выглядае, што найбольшыя непаразуменьні ёсьць паміж лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам і кіраўніком руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. БНФ, здаецца, не прымае адназначна ніводзін з бакоў у гэтай спрэчцы. Магчыма, Фронт імкнецца неяк стаць пасярэднікам паміж імі, неяк улагодзіць гэтыя супярэчнасьці?”

Івашкевіч: “Фронт прыняў такі плян дзеяньняў, што трэба рабіць кампанію “За свабодныя выбары”, кампанію “Эўрапейскі марш”, і БНФ тут мусіць быць лідэрам. А лідэр – гэта той, хто імкнецца аб’яднаць усіх у працы. Таму Фронт кажа ўсім дэмакратычным сілам: “Хопіць займацца пустой палітычнай балбатнёй, і цалкам нецікавымі разборкамі ўнутры дэмакратычнай кааліцыі – шыхтуйце атрады, і ідзем разам праводзіць канкрэтную працу!” І ў гэтым сэнсе Фронт, як лідэр, ёсьць і інтэгратарам”.
XS
SM
MD
LG