Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў сьвеце ўзгадваюць пра зьніклых


Любоў Лунёва, Менск Сёньня – Усясьветны Дзень зьніклых бязь вестак. З гэтай нагоды Камітэт Чырвонага Крыжа заклікаў міжнародную супольнасьць дбаць пра вырашэньне гэтай праблемы ў сьвеце. Паводле дадзеных ААН, ад 1980 году было зарэгістравана каля 50 тысяч гвалтоўных зьнікненьняў людзей у больш як 90 краінах. У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод зьнікаюць бязь вестак тысячы людзей, але ўвага міжнароднай грамадзкасьці прыцягнутая да палітычных зьнікненьняў.

Паводле дадзеных МУС Беларусі, каля 6 000 чалавек лічацца зьніклымі. У міліцыю і пракуратуру з просьбай знайсьці чалавека, які не вярнуўся дахаты, зьвяртаюцца ягоныя сваякі. Часам знаходзяцца тыя, якія паехалі ў заробкі ў суседнюю Расею, але з розных прычынаў не змаглі вярнуцца.

Распаўсюджаныя выпадкі, калі людзі састарэлага ўзросту забываюцца, дзе жывуць і нават ня могуць назваць сваё прозьвішча. Бывае, што падлеткі, пасварыўшыся з бацькамі, сыходзяць з дому. Часам людзей, якія загінулі на вуліцы, пахавалі як невядомых, а сваякі шукаюць іх па некалькі гадоў.

Гэта нягледзячы на тое, што ў міліцыі ёсьць картатэкі – базы дадзеных пра зьніклых, а таксама фатаграфіі неапазнаных целаў.

Зрэдку ў сельскай мясцовасьці зьнікаюць людзі, якія пайшлі ў лес ці на балота і не вярнуліся дахаты.
”“Боль не сьціхае. Абсалютна. Штодня, штохвіліны, штосэкунды...”
Але за апошнія дзесяць гадоў сталі вядомыя выпадкі выкраданьня людзей. Самыя вядомыя – выкраданьне апанэнтаў улады Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які раней быў асабістым апэратарам кіраўніка дзяржавы. Лёс іх дагэтуль невядомы.

“Боль не сьціхае, – гаворыць жонка Віктара Ганчара Зінаіда. – Абсалютна. Штодня, штохвіліны, штосэкунды... Гэта ня толькі мой боль. Маё дзіця пра гэта ўвесь час думае. Ведаю, што й родныя Віктара таксама... Заўсёды хочацца спадзявацца на лепшае”.

Зьніклі гвалтоўна дзясяткі людзей, імёны якіх папросту невядомыя грамадзкасьці. Знаходзіліся выпадковыя сьведкі, якія бачылі выкраданьні. 7 ліпеня 2003 году зьнік бізнэсовец Раман Вальфсон. Не міліцыя, а ягоныя калегі знайшлі машыну Рамана ў двары на праспэкце Машэрава. Апошні званок быў ад Рамана а 12 гадзіне. Ён паведаміў, што едзе на працу ў сваю фірму “BelFord. Экспэртыза паказала, што ў аўтамабілі невядомыя скралі ўсе дакумэнты і зьнішчылі ўсе адбіткі пальцаў.

Маці Рамана Вальфсона Эльвіра Мешчаракова жыве ў Разані. Яна лічыць, што яе сыну адпомсьцілі за падтрымку беларускай апазыцыі і вольныя выказваньні:

“Я вам удзячная за тое, што вы пра мяне ўзгадалі. Хаця б вы, бо нікому абсалютна да гэтага няма справы. Уяўляеце? Нікому! Я адразу казала, што гэта можа быць альбо спэцслужбаў справа, альбо гэта бытавая вэрсія”.

Міжнародны Камітэт Чырвонага крыжа папярэджвае, што беспакаранасьць такіх злачынстваў, а таксама судовыя памылкі падчас іх разгляду разбураюць давер да грамадзкіх інстытутаў і стабільнасьць у грамадзтве. Застаўшыся беспакаранымі, такія злачынствы ня пройдуць бясьсьледна для грамадзтва, у якім заплюшчваюць вочы на такія дзеяньні. Камітэт у Дзень зьніклых заклікае краіны далучацца да “Міжнароднай канвэнцыі абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўнага зьнікненьня”.

• Справай зьніклага Ю.Захаранкі зноў зацікавіліся ў ААН, 29.08.2007 • 30 жніўня – Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак, 29.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG