Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна зь непрадказальнай мінуўшчынай: вайна за гісторыю


Юры Дракахруст, Прага Як мяняліся школьныя падручнікі ў Беларусі за гады незалежнасьці? Ці існуе ў гісторыі аб’ектыўная ісьціна? Ці адпавядае зьмест падручнікаў гісторыі цяперашняму стаўленьню беларускай улады да незалежнасьці і ўзаемаадносінаў з Расеяй? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” гісторыкі Павал Лойка, Генадзь Сагановіч і Алесь Смалянчук.

Колькі разоў мяняліся падручнікі?

Дракахруст: “Праз тыдзень дзясяткі тысяч школьнікаў па ўсёй Беларусі сядуць за парты і адкрыюць падручнікі. Вось пра падручнікі, у прыватнасьці – пра падручнікі гісторыі, пра іх зьменлівы зьмест, я і прапаную паразмаўляць. У адрозьненьні ад, скажам, матэматыкі ці хіміі, школьны курс гісторыі – гэта ня толькі веды, ня толькі інфармацыя, гэта і пэўныя ўяўленьні пра свой народ, пра яго месца ў сьвеце, гэта фармаваньне пэўнага тыпу сьвядомасьці. Хто валодае мінулым, той валодае сучаснасьцю.

Як мяняўся зьмест школьных падручнікаў па гісторыі, пачынаючы з 1991 году, як мяняўся іх погляд на такія ключавыя пэрыяды, падзеі гісторыі беларусаў, як Вялікае Княства Літоўскае і Беларуская Народная Рэспубліка? Павал Лойка, Вы адзін з аўтараў падручніка, дзе якраз і выкладаецца гісторыя ВКЛ. Вам першаму слова”.

Лойка: “На жаль вялікі, для нас школьнае вывучэньне гісторыі Айчыны пачалося з 1993-1994 году. Першыя падручнікі зьявіліся ў гэтыя гады, прычым яны выходзілі пры самарэдагаваньні ,былі фактычна аўтарскімі – гэта былі першыя ластаўкі.

За наступныя 14 гадоў адбыліся істотныя зьмены. Я не скажу, што цалкам усё перагледжана, але штуршкі “ўправа” і “ўлева” безумоўна былі, і, на жаль, больш “управа”.

Што тычыцца Вялікага Княства, то гэта, можна сказаць, мая першая “родная дзяржава”, бо менавіта яе вывучэньне – гэта мой навуковы інтарэс. Ну і падручнік гісторыі ХVІ-ХVІІІ стагодзьдзяў, які, дзякаваць Богу, ужо паўтары дзясятка апошніх гадоў знаходзіцца ў школах, зразумела, эвалюцыянаваў.

Гісторыя ВКЛ увайшла ў наш сьветапогляд недзе ў канцы 1980-х – напачатку 1990-х гадоў, я маю на ўвазе сьветапогляд моладзі, вучнёўства, ды і наагул грамадзтва. Да таго часу пра Вялікае Княства ведалі толькі спэцыялісты, гісторыкі, гуманітарыі. Між тым, гэта самы працяглы па часе пэрыяд нашай беларускай дзяржаўнасьці, гэта больш за 500 гадоў, даўжэй мы не жылі ні ў якім дзяржаўным утварэньні. З Расеяй, напрыклад, не пражылі і 200 гадоў, калі браць з 1795 па 1991. Выкінуць ВКЛ з нашай гісторыі немажліва, яна заняла ў ёй сваё пачэснае месца.
П.Лойка: “ВКЛ – самы працяглы па часе пэрыяд нашай беларускай дзяржаўнасьці , гэта больш за 500 гадоў, даўжэй мы не жылі ні ў якім дзяржаўным утварэньні, з Расеяй , напрыклад, не пражылі і 200 гадоў, калі браць з 1795 па 1991”.
Але цяжка гэта зрабіць хутка. Доўгі час Вялікае Княства Літоўскае трактаваліся паводле “Гісторыі БССР” 1948 году наступным чынам: “У той час, як большая частка старажытнарускіх земляў патрапіла пад мангола-татарскае іга, Заходняя Русь была захопленая літоўскімі фэадаламі”. Гэта ўстаялася, і зьмяніць гэтыя ўяўленьні даволі цяжка. І гэтыя зьмены безумоўна зьвязаныя з моладзьдзю”.

Дракахруст: “Генадзь Сагановіч, у свой час Зьбігнеў Бжэзінскі назваў СССР “краінай зь непрадказальным мінулым”. Калі глядзець на школьныя падручнікі апошніх 16 гадоў, то ці не атрымліваецца, што і Беларусь – такая ж краіна зь непрадказальнай мінуўшчынай?”

Сагановіч: “Маеце рацыю. Калі ўзяць погляд падручнікаў на ВКЛ і на БНР, то радыкальныя зьмены адбыліся двойчы. Да сказанага Паўлам я б дадаў, што беларуская гісторыя пачала нармальна вывучацца ў сыстэме адукацыі , бо раней у савецкую эпоху проста не было такой самастойнай дысцыпліны, як гісторыя Беларусі. Напачатку 1990-х ня проста зьмяняўся зьмест падручнікаў, яны толькі ствараліся, і Павал Лойка быў адным з удзельнікаў гэтага працэсу.

Істотна, што аднаўленьне ці той працэс, які беларуская гісторыяграфія перажывала напачатку 1990-х, тыпалягічна цалкам адпавядаў таму, што перажывала гісторыяграфія кожнай новастворанай дзяржавы. Пасьля стварэньня сваёй дзяржаўнасьці непазьбежна пачынаецца рэінтэрпрэтацыя мінулага, сутнасьцю якой зьяўляецца гістарычная легітымацыя дзяржаўнасьці, стварэньне міталягізаваных вобразаў гісторыі, якія дазваляюць кансалідаваць нацыю ўнутрана і адмежавацца ад іншых – не сваіх.
Г.Сагановіч: “Пасьля стварэньня сваёй дзяржаўнасьці непазьбежна пачынаецца рэінтэрпрэтацыя мінулага, сутнасьцю якой зьяўляецца гістарычная легітымацыя дзяржаўнасьці, стварэньне міталягізаваных вобразаў гісторыі, якія дазваляюць кансалідаваць нацыю ўнутрана і адмежавацца ад іншых – не сваіх”.
Тыя зьмены, якія адбыліся ў беларускіх падручніках у першай палове 1990-х гадоў – гэта быў пазытыўны працэс вялікай вызвольнай сілы, які працягваецца ў сьвеце і дагэтуль. Праз гэта ў свой час прайшлі і літоўцы, і ўкраінцы, і ўсе іншыя народы, якія не былі пануючыя. І ў нас галоўным пазытывам стварэньня сваёй канцэпцыі можна лічыць вызваленьне ад русацэнтрычнай ідэалягічнай схемы асьвятленьня свайго мінулага і ад савецкай дактрыны апісаньня гісторыі наагул.

Зразумела, што адной з галоўных тэмаў гісторыі незалежнай Беларусі мусіла стаць тэма дзяржаўнасьці, бо трэба было дэмантажаваць расейскі і савецкі міф аб недзяржаўнасьці беларусаў, аб іх няздольнасьці існаваць у сваёй дзяржаве. І хоць вытокі беларускай дзяржаўнасьці выводзіліся са старажытных княстваў, але найбольшую ўвагу выклікала Вялікае Княства. Мы ўсе захапляліся ім, і стратэгічна гэта было цалкам слушна, бо ў ВКЛ фармаваўся беларускі народ у яго этнаграфічных межах. ВКЛ па сваіх асноўных характарыстыках была эўрапейскай дзяржавай, якая дыстанцыявала Беларусь ад Расеі. Хай сабе і міфалягізаваны вобраз ВКЛ адпавядаў інтарэсам умацаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Вызваленьне ад русацэнтрычнасьці і савецкай гістарычнай дактрыны і сталі потым галоўным “грахом” беларускай гісторыяграфіі, калі ў сярэдзіне 1990-х гадоў зьмянілася палітычная ўлада. Усім добра памятная жнівеньская 1995 году кампанія, калі ўсе падручнікі ўзору 1993-1995 году былі абвешчаныя “непрыдатнымі” для выкарыстаньня ў сыстэме народнай адукацыі, і галоўныя абвінавачаньні былі – “русафобія”, “ачарненьне савецкага мінулага”, “преклонение” перад Захадам”.

А пасьля 1995 году, калі быў узяты курс на рэсавэтызацыю гістарычнай адукацыі, радыкальных зьменаў у зьмесьце падручнікаў не адбывалася, назіраліся толькі пэўныя мадыфікацыі”.

Дракахруст: “Алесь Смалянчук, ці хацелі б Вы што-небудзь да таго, што сказалі Павал і Генадзь?”

Смалянчук: “Калі казаць пра падручнікі, я б тут вылучыў тры этапы. Першы, безумоўна, 1993-1994 год і трактоўка ВКЛ як беларуска-літоўскай дзяржавы, прычым прыярытэт у гэтай трактоўцы мелі беларусы. Дарэчы, нагадаю, што ў савецкія часы тэма ВКЛ прысутнічала ў падручніку па гісторыі БССР, і яно трактавалася як выключна літоўская дзяржава.

Што датычыць БНР, то тут можна больш выразна ўбачыць тры этапы, пра якія я сказаў напачатку. 1993 год – гэта час , калі БНР пачынае трактавацца як незалежная беларуская дзяржава, прычым дэмакратычная дзяржава, як працяг беларускай дзяржаўнасьці, адным зь першых этапаў якой лічылася Вялікае Княства Літоўскае.

Рубеж ХХ стагодзьдзя – гэта падручнікі 1998-2000 гадоў, якія істотна пачалі мяняць трактоўку БНР. Падручнік 2000 года для 11-й клясы (аўтарам тэксту быў Яўген Новік, прафэсар БДУ) трактаваў БНР як дзяржаву, якую стварылі пасобнікі нямецкіх акупантаў, якая ня мела ніякага дачыненьня да гісторыі беларускай дзяржаўнасьці і была справай здраднікаў. Цікава, што ў гэты ж час для 9-й клясы выкарыстоўваўся падручнік Міхася Біча, дзе гэтая тэма раскрывалася зусім па-іншаму.

І трэці этап – гэта падручнікі мінулага, 2006 году. Яны ў большасьці выйшлі ўжо на расейскай мове, разьдзел пра БНР у падручніку для 9-й клясы пісаў Уладзімер Сідарцоў. Там прысутнічаюць тэзы, што БНР не была падтрыманая беларускім народам, што ідэя дзяржаўнасьці ў БНР не рэалізавалася, бо яна не была прызнаная іншымі дзяржавамі, аднак у мяккай форме адзначаецца, што гэта быў “зародак беларускай дзяржаўнасьці ў ХХ стагодзьдзі” і што гэта быў заканамерны вынік дзейнасьці беларускіх палітыкаў.
А.Смалянчук: “Першая спроба перагледзець падручнікі адбылася ў жніўні 1994 году... адразу пасьля прыходу да ўлады цяперашняга прэзыдэнта”.
Варта нагадаць, што першая спроба перагледзець падручнікі адбылася ў жніўні 1994 году. Тады зьявілася інструкцыя, што трэба прыбраць падручнікі ўзору 1993 году і вярнуць савецкія. Але савецкія на той час ужо не захаваліся. Потым звольнілі нейкага чыноўніка, нібыта гэта была яго ўласная ініцыятыва. Але адбылося гэта адразу пасьля прыходу да ўлады цяперашняга прэзыдэнта".

Што ёсьць ісьціна?

Дракахруст: “Існуе простае ўяўленьне пра гісторыю – тое, што было насамрэч. Але ці існуе яна – сапраўдная гісторыя? Мы бачым, у тым ліку і з вашых расповедаў, якія палярныя погляды часам маюць гісторыкі на адны і тыя ж падзеі, прычым адрозьненьні дакладна адпавядаюць іх палітычным і нацыянальным прыхільнасьцям. Скажам, для кансэрватыўных гісторыкаў Француская рэвалюцыя – царства тэрору і гвалту, для лібэральных – Дэклярацыя правоў чалавека, вызваленьне ад аджылага фэадальнага прыгнёту. Для большасьці сучасных літоўскіх гісторыкаў ВКЛ – дзяржава продкаў сучасных літоўцаў, для беларускіх гісторыкаў нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі – дзяржава продкаў і літоўцаў, і беларусаў, а то і толькі беларусаў.

Але ж факты адныя і тыя ж. Чаму ж нацыянальная ці палітычная прыналежнасьць кардынальным чынам мяняе высновы, якія робяцца з гэтых фактаў? Адны маюць рацыю, а іншыя – не, ці сапраўднай гісторыі проста не існуе? Алесь, які Ваш адказ?”

Смалянчук: “Сапраўдная гісторыя, аб''ектыўная гісторыя – ад такіх вызначэньняў патыхае пазытывісцкай ідэалёгіяй канца ХІХ стагодзьдзя. Гісторыя грунтуецца на гістарычных фактах, але ніводны гістарычны факт ня існуе без інтэрпрэтацыі гісторыка. Суб’ектыўнасьць – гэта непазьбежная рэч, і сёньня яна не палохае дасьледчыкаў, яна прысутнічае ў кожнай навуцы, якой бы дакладнай яе ні лічылі. І калі я скажу, што напішу кніжку, дзе распавяду, як усё было на самой справе – на сёньняшні дзень такія заявы выклікаюць проста ўсьмешку альбо падазрэньне, што тут якраз і пачнецца суцэльная хлусьня.
А.Смалянчук: “Гісторыя грунтуецца на гістарычных фактах, але ніводны гістарычны факт ня існуе без інтэрпрэтацыі гісторыка”.
Інтэрпрэтацыя дасьледчыкам той ці іншай падзеі – гэта неад’емная частка працы гісторыка. І гэтая суб’ектыўнасьць асабліва выразная ў эпоху, калі існуюць нацыі і нацыянальныя дзяржавы. Як трапна напісаў Генадзь Сагановіч у адным сваім артыкуле ў “Нашай ніве”, “гісторыя мае нацыянальнасьць”.

Гісторыкі-прафэсіяналы імкнуцца нэўтралізаваць уплыў гэтага фактару пры дапамозе навуковых мэтадаў, але цалкам пазбавіцца ад яго проста немагчыма. І варта, пачынаючы нейкую працу, проста прызнавацца, што я пішу з пункту погляду нацыянальнай беларускай гісторыяграфіі.

Тут ёсьць яшчэ адзін вельмі цікавы аспэкт. Фактычна кожнае новае пакаленьне перапісвае гісторыю. У людзей зьяўляюцца новыя праблемы, кожнае пакаленьне жыве сваімі актуальнымі пытаньнямі і зьвяртаецца зь імі да мінулага”.

Дракахруст: “Генадзь, я зараз завастру тое самае пытаньне. Вось, скажам, Вы лічыце, што ВКЛ – гэта была сапраўдная беларуская дзяржава. А нейкі іншы гісторык, скажам, Якаў Трашчанок, мяркуе, што гэта была акупацыя беларускіх земляў літоўскімі фэадаламі. Дык ці азначае гэта, што вызначыць, хто з вас мае рацыю, немагчыма, што гэтая рацыя будзе вынікам чыста палітычнага змаганьня? Выйграў Лукашэнка, дык у яго гісторыю піша Трашчанок, выйграе іншы палітычнае змаганьне – у яго будзе свой гісторык Сагановіч. А ісьціна гэта наагул – нішто?”

Сагановіч: “Ну, спадар Юры, Вы вельмі моцна завастрылі пытаньне і намалявалі вобраз такой сэрвільнай гісторыяграфіі. Гэта старая спрэчка, чым ёсьць гісторыяграфія – навукай, мастацтвам ці прапагандай. Уласна, гэтая спрэчка пачалася адразу ж пасьля ўвядзеньня навуковых стандартаў гісторыі ў заходніх унівэрсытэтах.

Праблема ў тым, што сама гісторыя, як навука гуманітарная, ня можа быць цалкам аб’ектыўнай. Гісторык ня можа быць вольны ад нацыянальных пачуцьцяў і палітычных прыярытэтаў. Але ёсьць яшчэ і розьніца ў інструмэнтарыі. Напрыклад, гісторык ня можа спраўдзіць на практыцы тое, што ён даказвае, у адрозьненьні ад прадстаўніка дакладнай навукі. Гэта наша галоўная праблема. Аб’ектыўныя гістарычныя веды немагчымыя, але магчымыя веды адэкватныя, максымальна набліжаныя да таго, што было на самой справе.

Што тут зьяўляецца крытэрыем дакладнасьці? Прафэсіяналізм гісторыка, правілы і мэтады атрыманьня ведаў. Чытаючы падручнік Трашчанка, я лаўлю сябе на думцы, што там ніякай навукі і блізка не было, што гэта проста дэкляраваньне ідэалягічных пастулятаў. А гістарычная навука таму і навука, што грунтуецца на мэтадзе.

Гісторыя – паміж лёгікай памяці і імпэратывам навуковасьці. Паколькі памяць заўсёды схільная да міталягізацыі, то ў самага прафэсійнага гісторыка ня можа не прысутнічаць міталягічны элемэнт. Але ёсьць імпэратыў навуковай аб’ектыўнасьці, імкненьне да бесстароннасьці.
Г.Сагановіч: “У нашых падручніках пры цяперашняй уладзе адбываецца палітычная інструмэнталізацыя гісторыі”.
Тут варта сказаць і пра адрозьненьне падручніка ад манаграфічнага дасьледваньня. Падручнік – гэта ўсё ж выкладаньне ведаў у папулярнай, нават мастацкай форме, і тут, хочаш ня хочаш, будзе пэўнае спрашчэньне. У падручніках, пра якія мы сёньня гаворым, павінна выкладацца квінтэсэнцыя навуковых ведаў, гэта значыць, яны павінны па меры магчымасьці набліжацца да навуковых стандартаў. А ў нашых падручніках пры цяперашняй уладзе адбываецца палітычная інструмэнталізацыя гісторыі, ўвядзеньне ідэалягемаў, дактрын у якасьці асноўных гістарычных тэзісаў, таго, што не падлягае сумневу”.

Дракахруст: “Павал Лойка, зараз Генадзь сказаў пра інструмэнталізацыю гісторыі. Але ці не хварэюць на яе абодва бакі,проста інструмэнталізацыя аднаго боку трапляе ў падручнікі, а іншага – не, але і гэты іншы хацеў бы таго ж самага?”

Лойка: “Зразумела, гісторыкі, як прафэсіяналы, як выкладчыкі , на кожным кроку з гэтым сутыкаюцца. Я б у працяг развагаў сваіх калег дадаў, што ёсьць гісторыя як навука, ёсьць гісторыя як адзін са слупоў дзяржаўна-палітычнай ідэалёгіі, і ёсьць гісторыя (і гэта асабліва тычыцца падручнікаў) як сродак нацыянальна-патрыятычнага выхаваньня.

Я згодзен з Генадзем у тым, што выкладаньне матэрыялу залежыць ад таго, для чаго ён рыхтуецца. І тут трэба прайсьці вельмі тонка, каб ня стаць нявольнікам замовы – што загадваюць, тое і робім.

У мяне таксама было па-рознаму з маім падручнікам для 7-й клясы. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я даю перавагу праваслаўю, недзе ўніяцтву, цяжка ўсім спадабацца ў нашай гісторыі. Кожны бок патрабуе выкладаньня зь ягоных пазыцый.

Я пра сябе не магу сказаць, што я абсалютна чысты ад гэтых уплываў. Вось, скажам, замовяць мне напісаць, што ў нас была распаўсюджаная калектыўная гаспадарка на зямлі, я буду даказваць, што існавала абшчына, хаця і не такая разьвітая, існавалі сэрвітуты, кругавая парука і г.д. А замовяць мне напісаць, што ў нас была разьвітая індывідуальная, фэрмэрская гаспадарка – я і гэта магу даказаць.
П.Лойка: “Вось, скажам, замовяць мне напісаць, што ў нас была распаўсюджаная калектыўная гаспадарка на зямлі, і я буду даказваць, што існавала абшчына, хаця і не такая разьвітая, існавалі сэрвітуты, кругавая парука і г.д. А замовяць мне напісаць, што ў нас была разьвітая індывідуальная, фэрмэрская гаспадарка – я і гэта магу даказаць. І там, і там я буду мець рацыю, бо існавалі факты і аднаго, і другога кшталту”.
І там і там я буду мець рацыю, бо існавалі факты і аднаго і другога кшталту. Тонкасьць працы гісторыка ў тым, каб знайсьці вызначальную тэндэнцыю. І вось гэта і ўносіць у падручнікі – уносіць тое, што ўжо апрабіравана навукай”.

Маштабы рэсавэтызацыі гісторыі

Дракахруст: "Павал, я папрасіў бы Вас пракамэнтаваць словы Генадзя Сагановіча, што як з 1995-1996 году пачалася рэсавэтызацыя школьнай гісторыі, так яна і працягваецца да гэтага дня. Але, скажам, Ваш падручнік для 7-й клясы дзейнічае і зараз. Дык, значыць, Вы, Павал, рэсавэтызацыю гісторыі нам робіце?"

Сагановіч: "Спадар Юры, Вы правакуеце. Я потым патлумачу, што я меў на ўвазе".

Лойка:"Я ня мог рабіць рэсавэтызацыю, бо хоць Алесь і сказаў, што ВКЛ узгадвалася ў папярэдніх падручніках, але, скажам, у Абэцэдарскага гэта умяшчалася ў 20 старонак, там узгадвалася толькі, што беларусы тады былі пад ўладай Літвы і ўвесь час імкнуліся да аб''яднаньня з Расеяй (чаго і блізка не было).
П.Лойка: “Калі ў маім падручніку 1993 году было разгорнутае апісаньне Аршанскай бітвы, то ўжо ў наступных выданьнях трэба дзякаваць Богу, што ўдалося хаця б захаваць самы гэты факт”.
Эвалюцыя сапраўды адбываецца, але ў выглядзе адцясьненьня вострых пытаньняў. Напрыклад, калі ў маім падручніку 1993 году было разгорнутае апісаньне Аршанскай бітвы, то ўжо ў наступных выданьнях трэба дзякаваць Богу, што ўдалося хаця б захаваць самы гэты факт. Ужо не апісваўся ход гэтай бітвы. Шмат было выкінута і наконт Касьцюшкі. Але факты засталіся. Сама канцэпцыя не мяняецца, яна толькі гвалтоўна схематызуецца".

Дракахруст: "Генадзь, Вы хацелі адказаць на маю правакацыю. Калі ласка, Вам слова".

Сагановіч: "Гаворачы пра рэсавэтыззацыю, якая працягваецца дагэтуль, я меў на ўвазе афіцыйны дзяржаўны курс гістарычнай палітыкі. Дагэтуль, дзякуй Богу, насуперак гэтай палітыцы застаюцца падручнікі, якія захавалі амаль нязьменнай канцэпцыю пачатку 1990-х.

Але з 1995 году, апрача падручнікаў Штыхава і Паўлава, якія пісаліся на падставе нацыянальнай канцэпцыі, зьявіліся падручнікі Загарульскага, Мілаванава, падручнікі Новіка, Петрыкава і Сташкевіча. Гэта людзі, якія адназначна праводзяць усе пастулаты чыста савецкай дактрыны айчыннай гісторыі – адзінства старажытнарускай народнасьці, існаваньне Кіеўскай Русі, тэзіс аб імкненьні беларускага народу да ўзьяднаньня з Расеяй, інтэрпрэтаваньне паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя як польскіх.
Г.Сагановіч: “Недзе ў 2003 годзе стаў адчувацца вельмі выразны курс на ўвядзеньне адзінага дзяржаўнага стандарту ў выкладаньні гісторыі”.
Я б адзначыў яшчэ адзін момант. Недзе ў 2003 годзе стаў адчувацца вельмі выразны курс на ўвядзеньне адзінага дзяржаўнага стандарту ў выкладаньні гісторыі. Бо раней было прасьцей захаваць у падручніках розныя, у тым ліку і патрыятычныя, погляды. Пасьля 2003 году, калі падручнік Трашчанка пачаў уводзіцца як асноўны, гэта рабіць стала нашмат складаней. І самая спроба ўвесьці адзіны дзяржаўны стандарт – гэта новы крок да той палітычнай інструмэнталізацыі гісторыі, пра якую я казаў”.

Гісторыя і бягучая палітыка: рух у розныя бакі

Дракахруст: “Генадзь Сагановіч падчас нашай гутаркі казаў пра палітычную інструмэнталізацыю гісторыі. Напрыканцы я прапаную паразмаўляць пра даволі дзіўную цяперашнюю форму гэтай інструмэнталізацыі. Неяк яна не пад тое інструмэнталізаваная.

Мадыфікаваная савецкая вэрсія беларускай гісторыі напрыканцы 1990-х гадоў адпавядала бягучай палітыцы беларускай дзяржавы, а дакладней, яе рыторыцы, якая дэкляравала яднаньне з Расеяй як галоўную мэту. Але з пачатку стагодзьдзя палітыка, а потым нават і рыторыка пачалі мяняцца – зараз мы бачым ледзь не штогадовыя жорсткія палітычныя сутыкненьні паміж Менскам і Масквой, пра інтэграцыю калі і гаворыцца, то ўжо чыста рытуальна, зь беларускіх урадавых трыбунаў гучаць словы пра незалежнасьць Беларусі як вышэйшую каштоўнасьць.

Але калі мэта – ужо не зьліцьцё з Расеяй, калі незалежнасьць – вышэйшая каштоўнасьць, то гэтая каштоўнасьць, так здаецца, павінна быць на чымсьці ўгрунтаванай, у тым ліку і ў часе, у гісторыі. Так падаецца, што гэтая іншая палітыка павінна вымагаць іншага погляду на гісторыю менавіта ў тым інструмэнтальным пляне, пра які казаў Генадзь. А чаму гэтага не адбываецца? Ці ўсё ж адбываецца? Ці адбудзецца? Генадзь, Вам слова”.

Сагановіч: “Вы слушна кажаце, што гэтай уладзе цалкам лягічна было б абапірацца на гісторыю. Але з аднаго боку гавораць пра самакаштоўнасьць дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, а з другога працягваецца вымываньне з-пад яго падмурку – нацыянальнай гісторыі. Па маіх назіраньнях, ніякіх адхіленьняў ад палітычнага курсу на інтэграцыю з Расеяй у гістарычнай адукацыі і нават у гістарычнай навуцы апошнім часам не адбылося. Спадзевы былі вялікія, бо гэта было б лягічна. Аднак наадварот, у апошнія гады гэтая “гістарычная” палітыка на інтэграцыю з Расеяй толькі ўмацавалася”.

Дракахруст: “Спадар Лойка, а як бы Вы патлумачылі гэты парадокс? Генадзь закідае бальшыні аўтараў цяперашніх падручнікаў гісторыі, што яны абслугоўваюць палітычны курс. Але ў чым гэтае абслугоўваньне? Вось Пуцін гаворыць кіраўніку Беларусі: “Далучайцеся да нас, вы ж такія, як і мы”. Лукашэнка адказвае – “не”. А чаму “не”? Калі абапірацца на цяперашнія падручнікі гісторыі, то гэтае “не” няма чым абгрунтаваць”.

Лойка: “Вы сказалі: “Абапірацца на падручнікі”. Але яны розныя. У некаторых сапраўды паўтараецца гэтая тэза: “Мы вечна з Расеяй”. Ды ня вечна мы з Расеяй. Мы зь ёй былі менш за 200 гадоў. Да гэтага ў нас было абсалютна іншае дзяржаўнае жыцьцё, іншыя сьветапогляды, іншае жыцьцё. Сёньняшнія падручнікі не абслугоўваюць да канца гэтую тэзу.
П.Лойка: “Улады стаяць на нейкім раздарожжы: ці абыйдзецца без павароту да апоры на гісторыю, ці не”.
Гэтае пытаньне вельмі далікатнае. Яно, я б сказаў, яшчэ не атрымала дзяржаўна-ідэалягічнай заяўкі. Улады стаяць на нейкім раздарожжы: ці абыйдзецца без павароту да апоры на гісторыю, ці не. Сёньня такой апоры палітыкі на гісторыю ў нас няма, хаця зрабіць гэта можна, і ёсьць на што абаперціся, што самае галоўнае. Проста гэта будзе кардынальна супярэчыць папярэднім заявам улады”.

Смалянчук: “Падручнікі немагчыма перапісваць штомесяц і нават штогод. Існуе інэрцыя, праца над падручнікам – гэта складаная праца, якая б пазыцыя ні была ў аўтара. Учора сказалі нешта па тэлебачаньні, а сёньня выйшаў новы падручнік па гісторыі – гэта немагчыма. Падручнік наагул ня месца для ідэалягічных экспэрымэнтаў.

Беларускі выпадак паказвае, што яго спрабуюць зрабіць такім. Я думаю, што адзін з галоўных канцэптуальных накірункаў на сёньняшні дзень – гэта нават не саюз з Расеяй, а аднаўленьне Савецкага Саюзу: ці ў межах былой тэрыторыі СССР, ці ў межах Беларусі – гэта застаецца нязьменным.
А.Смалянчук: “Адзін з галоўных канцэптуальных накірункаў на сёньняшні дзень – гэта нават не саюз з Расеяй, а аднаўленьне Савецкага Саюзу: ці ў межах былой тэрыторыі СССР, ці ў межах Беларусі”.
Я згодны з Паўлам, што перамены некалькіх апошніх гадоў прыйшлі зьнянацку для тых ідэолягаў, якія адказныя за напісаньне падручнікаў. Але ёсьць пэўная інэрцыя, і яе адразу ня зьменіш.

Да таго ж, калі зараз пісаць іншыя падручнікі, пісаць пра незалежнасьць, яны могуць шмат што зрушыць, могуць парушыць раўнавагу, якой дамогся гэты рэжым у выкладаньні гісторыі, дзе ёсьць моманты дзяржаўнасьці, і ў той жа час дамінуе савецкая дзяржаўнасьць і дзяржаўнасьць пасьля 1994 году. Магчыма, баяцца парушыць гэтую раўнавагу, ідэалягічную стабільнасьць, якую дасягнулі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG