Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Осака-2007: беларусы ўзялі ўсё, што маглі?


Ігар Карней, Менск Якія спадзяваньні беларускіх заўзятараў на чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы, які праходзіць у Осацы, спраўдзіліся а якія не?

На чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы, які праходзіць у японскім горадзе Осака, беларускія легкаатлеты тройчы ўздымаліся на п’едэстал гонару. Усе ляўры пакуль дасталіся спартоўцам, якія прадстаўляюць сілавыя віды. У першы дзень бронзавы мэдаль атрымаў штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч. Усьлед за ім высокі кляс пацьвердзіла штурхальніца Надзея Астапчук, якая ўзьнялася на другую прыступку. А вышэйшую ўзнагароду на трэцім запар чэмпіянаце сьвету зарабіў кідальнік молата Іван Ціхан.

Сёньня, у пяты дзень спаборніцтваў, беларусы засталіся без мэдалёў.

Осака-2007: чэмпіянат расчараваньняў?

Нягледзячы на тое, што ў камандным мэдалёвым заліку зборная Беларусі займае 5-е месца, шмат хто лічыць цяперашні чэмпіянат (ужывальна да беларускіх спартоўцаў і заўзятараў) “парадам расчараваньняў”.

Перадусім, не пацьвердзіла спадзяваньняў шматвопытная кідальніца дыску Ірына Ятчанка. Са сваёй лепшай спробай спартоўка фінішавала толькі дзясятай, ня трапіўшы нават у лік васьмі фіналістак.

Не паказала былых здольнасьцяў штурхальніца ядра, алімпійская чэмпіёнка Яніна Карольчык. Пасьля допінгавага скандалу і наступнай дыскваліфікацыі набраць форму, падобна, ёй так і не ўдалося.

Літаральна ў кроку ад п’едэсталу спыніўся кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі: доўгі час быў у тройцы лідэраў, аднак урэшце фінішаваў чацьвёртым, саступіўшы бронзаваму прызэру ўсяго 3 сантымэтры. Дый трыюмфатар Іван Ціхан літаральна ўціснуўся ў лік фіналістаў з апошнім вынікам, а да шостай спробы нават ня быў фаварытам. Толькі апошні ягоны кідок стаў “залатым”.

Мінспорту: забралі ўсё, што мусілі забраць

Міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што рабіць высновы на палове шляху – дачасна. А абвінавачаньні ў адрас асобных спартоўцаў, маўляў, ня “выклаліся”, ігнаруе:

“Чэмпіянат жа ідзе, яшчэ наперадзе столькі дыстанцый. Дый што мне ўражаньнямі дзяліцца зь Менску? Што тры мэдалі, дык вы і так ведаеце. Забралі тое, што і мусілі забраць. Вось, прыкладам, якія ў вас расчараваньні? Я вам пракамэнтую”.

Карэспандэнт: “Ад Карольчык, пэўна, большага чакалі”

“У Карольчык пасьля дыскваліфікацыі першы такі старт. Далей хто?”

Карэспандэнт: “Дзевятоўскі зноў жа...”

“А што Дзевятоўскі? Чацьвёрты, дык і што? Мог бы быць трэцім, дык што, Ціхану ня трэба было выйграваць? Хто яшчэ далей?”

Карэспандэнт: “Ятчанка...”

“Ну, так, Ятчанка. Што я магу сказаць. Для яе гэта сапраўды не выступ. Але каб мне штосьці камэнтаваць, мне ж зь людзьмі трэба размаўляць. Не па тэлевізару глядзець, а зь імі наўпрост размаўляць. Давайце лепей будзем чакаць эстафэту 4х400 мэтраў і выступ Краўчанкі, дзесяціборца. Хлопец вельмі нядрэнны”.

Чаму хаваецца Несьцярэнка?

Сваімі ўражаньнямі ад выступу беларусаў асабліва не жадаюць дзяліцца і ў нядаўнім дзейныя атлеты. Так, алімпійская чэмпіёнка ў кіданьні дыску Эліна Зьверава на просьбу патлумачыць прычыну няўдачаў сваёй каляжанкі Ірыны Ятчанкі, зь якой яны стаялі на адным п’едэстале ў Сыднэі, сказала, што ня хоча абмяркоўваць сябровак:

“Не, прабачце, з гэтай нагоды нічога сказаць не магу...”

Спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Аляксандар Пуціла кажа, што на гэты момант пры мэдалях усе, каго ў мэдалёвым плянаваньні мела на ўвазе Міністэрства спорту і турызму:

“Што да іншых пазыцый, то, прыкладам, Яніна Карольчык і тут, на апошнім кантрольным старце ў Стайках, вельмі дрэнна штурхала ядро. І пакуль, пасьля вяртаньня ў вялікі спорт, наўрад ці яна магла і павінна была ехаць на чэмпіянат сьвету. Калі браць бегавыя дысцыпліны, то і Сьвятлана Ўсовіч, і Ілона Ўсовіч вельмі моцна выглядаюць на ўзроўні Эўропы, былі вельмі нядрэнныя вынікі, а вось на іншым кантынэнце зь вялікай вільготнасьцю, са сьпякотай нашы дзяўчаты не спраўляюцца, і перавага, зразумела, аддаецца цемнаскурым спартоўцам. Якія яшчэ пэрспэктывы? Напэўна, будуць нядрэннымі эстафэты 4х100, 4х400 мэтраў жаночыя. І, напэўна, трэба чакаць посьпеху ад Андрэя Краўчанкі, нашага дзесяціборцы”.

Беларускія заўзятары спадзяваліся пабачыць на экранах тэлевізараў алімпійскую чэмпіёнку Юлію Несьцярэнку. Карціць усё ж даведацца: трыюмф спрынтэркі ў Атэнах – выпадковы ці заканамерны? Пасьля перамогі чатыры гады таму Несьцярэнка ніводнага разу не ўздымалася на п’едэстал гонару. І хоць спробы па гарачых сьлядох абвінаваціць Несьцярэнку ва ўжываньні допінгу плёну ня мелі, аднак, як лічаць аналітыкі, у міжалімпійскі пэрыяд трэнэр і муж Юліі Дзьмітрый Несьцярэнка вырашыў адгарадзіць спартоўку ад непажаданых кантактаваньняў. Як удалося высьветліць, напярэдадні чэмпіянату Несьцярэнка папрасіла “самаадвод”, каб рыхтавацца да Алімпіяды-2008 у Пэкіне.
XS
SM
MD
LG