Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатыя, Срэбныя і... Блакітныя львы чакаюць сваіх уладальнікаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск 29 жніўня на высьпе Лідо ў італьянскім горадзе Вэнэцыя адкрыўся адзін з найстарэйшых і найбольш прэстыжных міжнародных кінафэстываляў. Сёлетні 64-ы Вэнэцыянскі кінафэстываль лічыцца юбілейным, бо ўпершыню ён адбыўся 75 гадоў таму.

Фільмы, рэжысэры, акторы

Адразу ж пасьля цырымоніі адкрыцьця быў паказаны першы конкурсны фільм – “Выкупленьне” 35-гадовага брытанскага рэжысэра Джо Райта.

Рамантычная драма паводле рамана Ена Мак’юэна прэтэндуе, на думку крытыкаў, ня толькі на ўзнагароду прэстыжнага фэстывалю, але нават і на “Оскар”. Паводле сюжэту, 13-гадовая дзяўчынка абвінавачвае жаніха сваёй старэйшай сястры ў згвалтаваньні, якога ён не рабіў. І гэта хлусьня паўплывае на лёс герояў.

У галоўнай ролі – 22-гадовая акторка Кіра Найтлі, якая набыла папулярнасьць пасьля ўдзелу ў фільме гэтага ж рэжысэра “Гонар і перадузятасьць”. Кіра Найтлі разумее, што новая карціна дадасьць ёй славы:

"Калі чалавек робіцца знакамітым, людзі перастаюць трактаваць яго як рэальнага чалавека. Яны забываюцца, што у сярэдзіне гэтай "знакамітасьці" застаецца чалавек, які стараецца прымірыцца са сваім новым статусам. А каб "прымірыцца", чалавек перастае чытаць, глядзець, бачыць, хавае галаву ў пясок – і гэта адзіны спосаб захаваць псыхічнае здароўе”.

На думку экспэртаў, сёлета вельмі моцная конкурсная праграма. У ёй прадстаўленыя 22 стужкі з 10 краінаў – ЗША, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, Кітаю, Тайваню, Гішпаніі, Японіі, Эгіпту і Расеі. Крытыкі вылучаюць з гэтага сьпісу, у якім сем англамоўных карцін, два фільмы, зьвязаных з тэмай Іраку, – Браяна дэ Пальма “Адрэдагавана” і Пола Хагіса “У даліне Элах”.

Журы, прызы, навацыі

Моцную конкурсную праграму будзе ацэньваць і моцнае журы. Сёлета яно цалкам складаецца з рэжысэраў. Так было толькі адзін раз – і таксама на юбілейным, 50-м, кінафоруме ў 1982 годзе. Тады журы ачольваў Бэрнарда Бэрталучы. Сёлета старшынём журы – кітайскі майстра Чжан Імоў, які стаў усясьветна знакамітым, дзякуючы карцінам “Падыміце чырвоны ліхтар”, “Гісторыя К’ю Дзю” і “Ні на аднаго меней”. Чжан Імоў са сваімі крацінамі некалькі разоў атрымліваў вэнэцыянскія ўзнагароды – залатых і сярэбраных львоў. Дарэчы, цяпер Чжан працуе над сцэнаром цырымоніяў адкрыцьця і закрыцьця Пэкінскіх алімпійскіх гульняў.

Два ўладальнікі вышэйшай ўзнагароды Вэнэцыянскага фэстывалю – “Залатога льва” – сталі вядомыя задоўга да пачатку фэстывалю. За ўнёсак у кінамастацтва ганаровага “Залатога льва” атрымае амэрыканскі кінарэжысэр Цім Бартан, а юбілейным “Залатым львом – 75” узнагародзяць знакамітага італьянскага рэжысэра Бэрнарда Бэрталучы.

Нягледзячы на тое, што фэстываль зьяўляецца адным са старэйшых, тым ня меней, ён разьвіваецца. І ледзь ня кожны год прапануе навацыі. Сёлета фільмы, прысьвечаныя тэме гомасэксуалізму, а таксама карціны зь геем ці лесьбіянкай у галоўнай ролі змогуць прэтэндаваць на новы прыз “Блакітны леў” (“Queer Lion”).

Закрыецца 11-дзённы фэстываль ганконгска-тайваньскім гангстэрскім трылерам “Браты па крыві” рэжысэра Алэксі Тана. Гэта – рымэйк фільма Джона Ву “Куля ў галаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG