Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Крама" расьпішацца за пражытыя гады


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Заўтра ў Менску чакаецца аўтограф-сэсія гурту “Крама” з нагоды выданьня чарговага альбому, які атрымаў назву “Усё жыцьцё — дзіўны сон”. Нараджэньне альбому суправаджалася шэрагам нетыповых сытуацый, пра якія апавядае наш карэспандэнт.

Ігар Варашкевіч: "Мы яго рабілі год, а такога ніколі не было"

“Усё жыцьцё — дзіўны сон” — першы з васьмі выдадзеных “Крамай” альбомаў, запіс якога расьцягнуўся на цэлы год. На самым пачатку працы амаль стыхійна ўтварылася нешта накшталт грамадзкага руху ў падтрымку альбому. Сродкі на запіс і выданьне дыску зьбіраліся шляхам шматлікіх ахвяраваньняў.

У запісе альбому ўдзельнічала як ніколі шмат музыкаў, якія не зьяўляюцца сталымі ўдзельнікамі калектыву. Сярод іх — бубнач джаз-гурту “Apple Tea” Алесь Сапега, гітарыст Леанід Вярэніч, салістка групы “Indiga” Руся і расейскі блюзавы вакаліст Мікалай Аруцюнаў. Апошні сьпяваў па-беларуску разам зь Ігарам Варашкевічам у новым аранжаваньні вядомага гіта “Крамы” — “Бяжы, бяжы, хлопец”.

Цягам году некаторыя песьні перапісваліся аж тры разы. Ігар Варашкевіч прызнаўся, што ўмовы працы над новым альбомам былі гэтым разам сапраўды камфортныя.

Варашкевіч: “Усе карыстаюцца дапамогай фундатараў і ўсе дыскі запісаны не на ўласныя грошы. Але ў гэтым выпадку значна больш людзей прымалі ўдзел, і таму мы прысьвяцілі значна больш часу працы над альбомам. Мы яго рабілі год, а такога ніколі не было. Звычайна гэта тыдзень, два — і ўсё зроблена”.

“Неба — лёс арла” перапісвалі 3 разы

Некаторыя зь песень новага альбому “Крамы” ўжо вядомыя аматарам музыкі. Прынамсі, песьня “Неба — лёс арла” ўвайшла ў лік тузіну лепшых песень сэзону ў гіт-парадзе “Тузіну гітоў”, а загалоўная песьня альбому ды “Стэфка праз 20 гадоў” часта гучаць на хвалях менскага “Аўтарадыё”. Нягледзячы на інфармацыйны вакуўм вакол некаторых рок-калектываў Беларусі, у прыватнасьці “Крамы”, іх творы даходзяць да слухачоў.

А што ж сам Ігар Варашкевіч думае пра новую працу калектыву?

Варашкевіч: “Мастак ня можа быць задаволена стопрацэнтова. Некаторыя песьні ўжо крыху заезьдзілі, так скажам. Калі столькі часу над імі працуеш, вуха ўжо садзіцца, і кале нехта слухае іх збоку, дык таму лепш відаць, які вынік. А я некаторыя песьні проста пачаў ненавідзіць”.

Своеасаблівая грамадзкая талака, у час якой “Крама” атрымала фінансавую падпітку дзеля новай працы, была, трэба думаць, сапраўды значнай. Бо справа ня скончылася толькі рэпэртуарам новага альбому. Напрыканцы гутаркі Ігар Варашкевіч намякнуў, што паралельна з “Крамай” ён працуе і над нечым іншым.

Варашкевіч: “Я за апошнія паўтара месяцы пасьпеў сам запісаць яшчэ зь дзевяць песень, пакуль што бяз тэкстаў. Ёсьць там старыя песьні, ёсьць новыя, ёсьць песьні для “Крамы”, а ёсьць і для іншага праекту”.

Аўтограф-сэсія “Крамы” мае адбыцца заўтра ў краме “Містэры гуку” гандлёвага цэнтру “Рыга”.

Ігар Варашкевіч: “Улады баяцца, што мы станем папулярнымі”, 30.04.2007
XS
SM
MD
LG