Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія НПЗ працуюць з рэнтабэльнасьцю 5%


Ігар Карней, Менск Сёньня намесьнік старшыні дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў паведаміў, што рэнтабэльнасьць нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку за першае паўгодзьдзе склала 5%, а ў лепшы час перавышала 30%.

Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Уладзімір Волкаў заявіў:

“Рэнтабэльнасьць НПЗ аб’ектыўна ніжэйшая, чым летась. Але пра “катастрофу” гаварыць дачасна, бо ўсясьветная тэндэнцыя — на павелічэньне нафтавай сыравіны. Зыходзячы з гэтага мы праводзім праграмы рэканструкцыі і разьвіцьця.

Па-першае, дасягненьне паводле якасьці, па-другое, паглыбленьне перапрацоўкі — калі з кожнай тоны нафты можна атрымаць максымальны выхад якасных нафтапрадуктаў.

І калі мы з кожнай тоны можам атрымаць, як плянуем да 2011 году, 92% сьветлых нафтапрадуктаў неабходнай якасьці, то гэта дазволіць нам прымаць у перапрацоўку сыравіну больш высокім коштам — і такім чынам забясьпечыць канкурэнтаздольнасьць. Але рэнтабэльнасьць, канечне, не такая, як хацелася б”.

Ці прадказальныя стасункі з “нафтадонарамі”?

Сёньня расейскі бок абвясьціў, што ад 1 кастрычніка падвышаецца экспартная пошліна на нафту да 250 даляраў за тону. Ці можна прагназаваць, што пасьля гэтага страты НПЗ вырастуць? Ці варта чакаць чарговых цэнавых скачкоў на АЗС?

Намесьнік кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў ня лічыць, што гэта абавязкова ўзаемазьвязана:

“Існуе формула, у адпаведнасьці зь якой мытная пошліна на нафту і нафтапрадукты зьмяняецца — залежна ад кошту на нафту. Кожныя два месяцы праводзіцца маніторынг, на падставе якога разьлічваецца новая мытная пошліна, — а ня тое, што ўрад Расейскай Фэдэрацыі пасядзеў і вырашыў — няхай яна будзе такая…

Я не магу сказаць, што ў дадзеным выпадку гэта мае прывесьці да стратаў на НПЗ. Бо ўсё ўрэшце будзе залежаць ад суадносінаў кошту на нафту і коштаў на пакет нафтапрадуктаў, што выпрацавалі нашы НПЗ. Калі гэты паказьнік будзе добры, то і прыбытак, адпаведна, будзе высокі.

Яшчэ раз паўтару: мытная пошліна, якая ўсталёўваецца ў Расеі, пераглядаецца кожныя два месяцы, прымаецца адмысловай пастановай і зьяўляецца абсалютна тэхнічным складнікам”.

Нягледзячы на шматлікія праблемы, “Белнафтахім” па-ранейшаму займае значнае месца ў беларускай эканоміцы. Прадпрыемства забясьпечвае 25% падатковых паступленьняў у бюджэт краіны. На нафтахімію прыпадае 35% экспарту і 30% прамысловай вытворчасьці ў Беларусі.

Прыватызацыя беларускім НПЗ не пагражае?

Як паведаміў сёньня Ўладзімер Волкаў, на рэарганізацыю галіны — перадусім, двух НПЗ — патрэбна найменей 5 мільярдаў даляраў. Аднак да прапановаў замежных інвэстыцыяў ці продажу акцыяў прадпрыемстваў улады падыходзяць асьцярожна.

Як лічыць эканаміст Міхал Залескі, з улікам таго, што 70% прадукцыі канцэрну пастаўляецца на замежныя рынкі, а аб’ём замежнагандлёвага абароту перавышае 8,5 мільярда даляраў, чакаць перадачы кантролю над галіной прыватнаму капіталу наўрад ці можна:

“Рэч у тым, што кантралюе сытуацыю той, хто займаецца рэалізацыяй прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Грашовая плынь ідзе зь Вялікабрытаніі, з Галяндыі, з Ірляндыі ды іншых краінаў, а не зь Цюмені. Зь Цюмені ідзе сыравіна.

І паўстае пытаньне: хто будзе кантраляваць выручку ад рэалізацыі нафтапрадуктаў далей? Хто будзе здабычу кантраляваць, транспартаваньне? Таму трэба разглядаць увесь комплекс: разьведка, здабыча, транспарт, перапрацоўка, рэалізацыя. Пяць кампанэнтаў.

Кіраўніцтва краіны пакуль цікавіць найбольш выручка ад рэалізацыі. З кім ёй дзеляцца, паводле якой схемы — ня ведае ніхто, нават тыя, хто з дакладамі ў вышэйшыя кабінэты ходзяць. І вось тут ужо праблема празрыстасьці”.

Апошнія гады Беларусь набывае ў Расеі болей за 20 мільёнаў тон нафты. Аднак пасьля таго, як расейскі бок паступова перавёў беларуска-расейскія стасункі на камэрцыйныя рэйкі, беларускія ўлады пачалі актыўна шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты.

Ужо сёлета Беларусь плянуе зафрахтаваць два танкеры пад нафту зь Лібіі, а ў сьнежні мяркуецца пачаць здабычу нафты ў Вэнэсуэле. Гэтаксама разглядаюць магчымасьць асвоіць нафтавыя радовішчы ў Іране.


Якія пэрспэктывы ў беларускай нафтавай галіны?, 7.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG