Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 жніўня – Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак


Сяргей Абламейка, Прага Міжнародны Камітэт Чырвонага крыжа адзначае 30 жніўня Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак. З гэтай нагоды Камітэт зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам дбаць пра вырашэньне праблемы зьніклых і клапаціцца пра іх сем’і. Камітэт таксама апублікаваў справаздачу “Зьніклыя бязь вестак – схаваная трагедыя”, у якой расказваецца аб трагедыі зьніклых і становішчы іх сем’яў.

У дакладзе Міжнароднага Камітэту Чырвонага крыжа сьцьвярджаецца, што праблема зьніклых часта ігнаруецца ў грамадзтве. Лёсы зьніклых людзей аднолькава трагічныя, але вельмі розьняцца ў сваёй перадгісторыі. Сярод іх зьняволеныя, што загінулі ў турмах, ахвяры масавых расправаў, пахаваныя ў брацкіх магілах, салдаты, парэшткі якіх не пахаваныя належным чынам, перамешчаныя асобы, якія ратаваліся ад ваенных канфліктаў, а таксама тыя, каго патаемна і гвалтам трымаюць у зьняволеньні дзеля розных прычынаў.

Прадстаўнік Камітэту П’ер Крэнбюль заявіў у Жэнэве падчас прэзэнтацыі справаздачы, што для вырашэньня праблемы зьніклых “робіцца недастаткова”, і што адсутнасьць інфармацыі аб зьніклых прымушае іх сваякоў пакутаваць штодзень, не дае ім магчымасьці разьвітацца са сваімі блізкімі і перагарнуць гэтую сумную старонку свайго жыцьця.

Справаздача Міжнароднага Камітэту Чырвонага крыжа ўтрымлівае асабістыя сьведчаньні і аповеды людзей, якія доўгія гады пакутуюць ад пранізьлівага пачуцьця страты. П’ер Крэнбюль падкрэсьліў, што існуюць канкрэтныя захады, якія дзяржавы і грамадзтва ў цэлым могуць зрабіць, каб зьнікненьні не паўтараліся ў будучыні. Часта для вырашэньня праблемы не хапае менавіта палітычнай волі.

У сьнежні 2006 году была прынятая “Міжнародная Канвэнцыя абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўнага зьнікненьня”. Міжнародны Камітэт Чырвонага крыжа заклікаў усе дзяржавы падпісаць, ратыфікаваць і забясьпечыць выкананьне гэтага важнага міжнароднага дакумэнту.

Паводле афіцыйных органаў, у Беларусі штогод зьнікаюць бязь вестак тысячы людзей. Але ўвага міжнароднай грамадзкасьці прыцягнутая да палітычных зьнікненьняў. У 1999 годзе ў Беларусі зьніклі палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе – журналіст Дзьмітры Завадзкі.
XS
SM
MD
LG