Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Яшчэ адна крымінальная справа за графіці</B>


Любоў Лунёва, Менск Сьледчыя Баранавіцкай пракуратуры распачалі крымінальную справу за графіці палітычнага зьместу. Уначы 11 жніўня на будынку суду зьявіліся надпісы “Спыніць перасьлед МФ” і “Свабоду палітвязьням”. Тады міліцыянты затрымалі актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Віктара Парначова. Хлопца адпусьцілі, але цяпер яму пагражае крымінальны перасьлед. Прозьвішчы ўдзельнікаў акцыі міліцыянтам невядомыя.

Віктар Парначоў, студэнт Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, пакуль на волі, але кантактаў з прэсай пазьбягае. Нагадаем, міліцыянты затрымалі яго ўначы пасьля таго, як на будынку Баранавіцкага суду зьявіліся надпісы: “Свабоду палітвязьням” і “Спыніць перасьлед МФ”.

Прычым, затрымалі хлопца далёка ад таго месца, дзе зьявіліся надпісы.

У Віктара ў заплечніку знайшлі балёнчык з фарбай. Паводле міліцыянтаў, гэта даказвае, што затрыманы ўдзельнічаў у акцыі.

Яраслаў Грышчэня расказаў “Свабодзе”, што вартаўніца суду нібыта апазнала яго як аднаго з удзельнікаў акцыі. Яраслаў паведаміў “Свабодзе”:

“Распачалі крымінальную справу паводле факту нанясеньня палітычных графіці на будынак суду. Але міліцыянты ня ведаюць ні прозьвішчаў, ні імёнаў тых, хто гэта рабіў. Калі б яны хоць штосьці ведалі, то людзей бы ўжо затрымалі, яны б давалі паказаньні.

Асноўным фігурантам у гэтай справе пакуль можа быць толькі Віктар Парначоў, таму што гэта адзіны з тых, каго затрымалі ў тую ноч, калі былі зробленыя графіці, а ў ягоным заплечніку знайшлі балён з фарбай”.

За палітычныя графіці раней судзілі каля дзясятка чалавек. Першыя былі Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч. Аляксей адбываў зьняволеньне ў Менскай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вадзіма пакаралі зьняволеньнем з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.

Пазьней за графіці судзілі актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху ў менскіх раённых судах. Але ніколі сьледзтва не ўжывала артыкулу за графіці ў абвінавачаньнях.

Палітычныя графіці раней кваліфікавалі як злоснае хуліганства альбо як псаваньне маёмасьці й нанясеньне матэрыяльных стратаў.

Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч адбывае пакараньне ў магілёўскай спэцкамэндатуры за надпісы, зробленыя падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, — “Мы хочам новага” і “Достал”.

• Баранавічы: Крымінальная справа супраць яшчэ аднаго маладафронтаўца, 28.08.2007 • Баранавічы: маладафронтаўца затрымалі за графіці “Спыніць перасьлед МФ!”, 11.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG