Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>ЗША камэнтуюць заяву пасла Расеі ў Беларусі</B>


Юры Дракахруст, Прага Разьмяшчэньне элемэнтаў сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) ЗША ў Эўропе не ўяўляе пагрозы стратэгічнаму наступальнаму патэнцыялу Расеі і, адпаведна, не патрабуе стварэньня ў адказ расейскіх вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі. Такое меркаваньне выказаў намесьнік кіраўніка прэсавай службы дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі, камэнтуючы выказваньні пасла Расеі ў Менску Аляксандра Сурыкава.

Расейскі пасол у інтэрвію Інтэрфаксу папярэдзіў пра магчымасьць разгортваньня ў Беларусі – у выпадку дасягненьня Масквой і Менскам адпаведнай дамоўленасьці– новых вайсковых аб`ектаў у адказ на стварэньне ў Польшчы і Чэхіі базы 10 ракетаў-перахопнікаў і станцыі радыёлякацыйнага сачэньня.

Прадстаўнік дзярждэпартамэнту ў сваім камэнтары чарговым разам запэўніў, што "трэці пазыцыйны раён" сыстэмы СПА ЗША, які плянуюць разгарнуць у Эўропе, будзе валодаць "вельмі абмежаванымі магчымасьцямі". "Гэтая сыстэма прызначаная для адбіцьця пагрозы абмежаванага характару, якая зыходзіць ад такіх краінаў, як Іран, або іншых краінаў на Блізкім Усходзе, здольных на нейкім этапе распрацаваць ядзерную зброю".

"Заявы пра тое, што разьмяшчэньне гэтага радара і 10 супрацьракет патрабуе нейкіх стратэгічных контарзахадаў з боку Расеі або любой іншай дзяржавы, якая валодае значным ядзерным арсэналам, папросту зьяўляюцца няпраўдай", – падкрэсьліў Том Кейсі. Ён адзначыў, што ня можа меркаваць, якія дзеяньні Масква распачне ў адказ на зьяўленьне аб`ектаў сыстэмы СПА ЗША ў Эўропе. Пры гэтым Кейсі выказаў упэўненасьць у тым, што магчымыя будучыя крокі Расеі не прывядуць да "фундамэнтальнай зьмены наяўнага стратэгічнага балянсу сіл".

Дарэчы, сёньня расейскае пасольства ў Менску працягвала тлумачыць сэнсацыйнае інтэрвію пасла Сурыкава. Учора сам пасол у інтэрвію агенцтву ІТАР-ТАСС заявіў, што “ў Расеі няма ніякіх плянаў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі” і што ягоная пазыцыя адносна разьвіцьця вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй, выказаная напярэдадні ў інтэрвію Інтэрфаксу, “была зусім няправільна інтэрпрэтаваная”.

Аднак сёньня прэсавы аташэ пасольства РФ у Беларусі Аляксандар Фралоў заявіў таму самаму Інтэрфаксу, што пасол не абвяргае свае заявы, зробленыя ў інтэрвію гэтаму агенцтву. «Да інтэрвію, якое было дадзенае Інтэрфаксу, пасол прэтэнзій ня мае», - падкрэсьліў Фралоў. Паводле яго, пасол палічыў неабходным зрабіць дадатковы камэнтар, «каб абвергнуць няправільныя і некарэктныя інтэрпрэтацыі інтэрвію, дапушчаныя некаторымі СМІ».

Нагадаем, што ў інтэрвію Інтэрфаксу пасол Сурыкаў у адказ на пытаньне аб магчымых кроках Расеі ў адказ на разьмяшчэньне амэрыканскай сыстэмы СПА ў Эўропе сказаў дакладна наступнае: “Гэта залежыць ад узроўню нашай палітычнай інтэграцыі, а таксама ад пунктаў гледжаньня экспэртаў, дыпляматаў, вайскоўцаў: трэба, можна, калі, як. Я маю на ўвазе аб’екты, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі”.

Словы “ядзерная зброя” у інтэрвію пасла ўтрымліваліся, наўрад ці ён меў на ўвазе толькі тое, што яна існуе ў прыродзе ці што Расея валодае ёй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG