Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Танным газам Расея заплаціла Беларусі за двухсотгадовую акупацыю...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 жніўня 2007 году

У пошце апошняга тыдня па-ранейшаму пераважаюць лісты з развагамі пра беларуска-расейскія дачыненьні, пра розныя гістарычныя шляхі, якія выбралі для сябе рэспублікі былога Савецкага Саюзу.

Наш слухач Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну свой новы ліст на Свабоду напісаў пад уражаньнем ад паведамленьня зь Літвы пра тое, што многія дэпутаты літоўскага Сэйму ініцыявалі разгляд пытаньня аб кампэнсацыі ўрону ад савецкай акупацыі. Раней урадавая камісія падлічыла, што Літва павінна дамагацца ад Масквы ў якасьці кампэнсацыі шкоды 20 мільярдаў даляраў ЗША. Пятро Касьнерык з гэтай нагоды піша:

“Запатрабаваць не забаронена. Іншая справа – як рэальна спагнаць з Расеі такія грошы? Я ў сувязі з гэтым згадваю меркаваньне аналітыка Леаніда Заікі, які часта гучыць па Свабодзе. Ён неяк сказаў: сьцьвярджэньне, нібы ў Беларусі менш бедных, чым у Расеі – гэта вялікая хітрасьць. Бо дзякуючы нізкім тарыфам на расейскія газ і нафту кожная беларуская сям’я мела ў год практычна больш за тры тысячы даляраў. То бок, 30 адсоткаў прыбыткаў беларускіх сем’яў – гэта субсыдыі з боку Расеі. Іншымі словамі, Беларусь – звычайная краіна, якая прысмакталася да Расеі і атрымлівала штогод па 8 мільярдаў даляраў субсыдыяў.

Але ж гэтыя грошы – не дабрачыннасьць. Па сутнасьці, гэта і ёсьць кампэнсацыя за двухсотгадовую акупацыю Беларусі ненавіснай Расейскай імпэрыяй. Вам, шаноўныя адукаваныя інтэлектуалы, змагары за шчасьце народа, ня шкодзіла б памятаць пра тое, што палітыка – гэта вельмі вялікая хітрасьць. А вы заклікаеце выйсьці шчыльнымі радамі з патрабаваньнем да Крамля спыніць субсыдыі Беларусі. Вар’яты!”,–


– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну.

Наколькі мне вядома, спадар Касьнерык, выходзіць на дэманстрацыі супраць расейскіх субсыдыяў ніхто ў Беларусі не заклікае. Тым больш, што ў гэтым ужо няма ніякага практычнага сэнсу: танных газу і нафты і так больш няма. А зь цягам часу кошты на расейскія энерганосьбіты будуць толькі ўзрастаць, і ўжо праз некалькі гадоў дасягнуць сусьветнага ўзроўню.

Цікавая Ваша, спадар Касьнерык, трактоўка тых шматмільярдных субсыдыяў, якія мела Беларусь ад Расеі на працягу мінулых пятнаццаці гадоў. Магчыма, што калі-небудзь менавіта такое тлумачэньне агучаць і беларускія палітыкі. Хоць для ўсіх, хто быў сьведкам бясплённай пятнаццацігадовай інтэграцыі, відавочна, што Беларусь выпрошвала гэтыя мільярды, а Расея іх выплочвала зусім зь іншай нагоды, на іншых падставах і за іншыя паслугі.

Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну ў сваім новым лісьце на Свабоду разважае пра наступствы і прычыны беларуска-расейскай “газавай” вайны, чарговы этап якой мы назіралі на пачатку жніўня. Слухач піша :

“Лічу, чым далей Расея будзе даваць нам танны газ, тым большы ўрон яна гэтым прычыніць Беларусі. Зьвярніце ўвагу: у японцаў няма ні нафты, ні газу, ні іншых карысных выкапняў. А які ўзровень жыцьця ў гэтай краіне! Жыцьцё прымусіла іх працаваць мазгамі, і ў выніку Японія ў многіх навукаёмістых галінах эканомікі займае вядучыя месцы ў сьвеце. А калгасная сыстэма ў Беларусі трымаецца менавіта на танных энэрганосьбітах. (Кажучы пра калгасную сыстэму, я маю на ўвазе ня толькі сельскую гаспадарку). Гэтак жа было і на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў савецкага ладу.

На прадпрыемствы і ва ўстановы ў нас прымаюць толькі сваякоў ды сяброў. А разумным ды талковым дарогі ў вялікую будучыню няма. Адсюль і адсталыя тэхналёгіі, і вялізныя затраты энэргіі, і нізкая якасьць прадукцыі. Словам, як у той прыпавесьці: Расея дае нам ня вуду, каб самі здабылі сабе харч, а ўжо злоўленую рыбу. А мы яе проста зьядаем. І вось такім чынам Масква сьвядома ці міжволі падаўжае жыцьцё той сыстэме, якая ў нас цяпер існуе”,--


-- гэтак лічыць Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну.

Наўрад ці Вы, спадар Валошка, маеце рацыю, калі першапрычыну ўсіх эканамічных бедаў бачыце ў тым, што на працу на прадпрыемствы і ва ўстановы ў Беларусі часта бяруць толькі па пратэкцыі. Першаснае ўсё ж – наяўнасьць ці адсутнасьць у прадпрыемства гаспадара, а значыць – матывацыі, зацікаўленасьці ў выніках працы. У Беларусі большасьць прадпрыемстваў дагэтуль застаюцца дзяржаўнымі, малаэфэктыўнымі, а то і ўвогуле стратнымі. А там, дзе няма гаспадара, і да падбору кадраў ставяцца адпаведна: адміністратыўны апарат часта раздзьмуты, пошукам кваліфікаваных і дасьведчаных спэцыялістаў ніхто не займаецца: куды прасьцей уладкаваць на вакантнае месца сваяка ці знаёмага.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў адклікнуўся на чарговы арышт у Берасьці апазыцыйнага лідэра Паўла Севярынца, які зусім нядаўна за сваю палітычную дзейнасьць адбыў двухгадовае пакараньне на так званай “хіміі” у Віцебскай вобласьці. Зьвяртаючыся да палітыка, слухач піша:

“Паша, даражэнькі, яны не дадуць табе жыць (ты ведаеш, пра каго я). “Дзікае Паляваньне” аб''явіла табе вайну, абклала чырвонымі сьцяжкамі. Яны цябе зацкуюць. Ці ж ты ня бачыш, што кожны твой крок адсочваецца? Ня трэба быць Настрадамусам, каб прадказаць твой лёс на бліжэйшыя тры - чатыры гады. Ім трэба, каб ты падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў і выбарчай кампаніі сядзеў -- і пасадзяць. Тэрмін дадуць такі, каб на волю толькі разам з Казуліным выйшаў. Ім нават нагоды шукаць не патрэбна – выдумаюць, ці падкінуць “наркату”, зброю, або яшчэ што.

Па тэлебачаньні гэта пакажуць,– для іх жа не існуе ніякіх этычных норм, ніякай маралі. Партыі апошнія ліквідуюць, незалежныя СМІ, моладзь найбольш актыўную перасадзяць. Зробяць з выбараў усеагульны "одобрямс". (Ды і ня толькі з выбараў). Яны ведаюць, што, калі прайграюць, то давядзецца адказаць за ўсё, таму будуць жорсткімі і бязьлітаснымі. Я ні да чаго цябе не заклікаю, вырашай сам, што табе рабіць”.

Подпіс: “Твой знаёмы – Кастусь, Вушачы”.


Як нядаўна паведамляла Свабода, у турэмную камэру ў Берасьці, дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец, адміністрацыя дазволіла перадаць кароткахвалевы прыймач. Таму, спадар Кастусь, спадзяемся, што палітвязень пачуе гэты Ваш зварот.

Хоць, зрэшты, думаю, што пра ўсе гэтыя абставіны і магчымыя сцэнары ён і так ведае. А сьвядомы і асэнсаваны выбар зрабіў для сябе, хутчэй за ўсё, ужо даўно.

На заканчэньне – некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну бэз камэнтароў.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску ў сваім новым лісьце на Свабоду апісвае некалькі цікавых сцэнак з гарадзкога жыцьця, сьведкам якіх ён нядаўна быў. Слухач піша:

“Стаю ў чарзе ў ЦУМе, у сэкцыі канцтавараў. Пакупнік просіць па-беларуску пачак паперы. Дзяўчынка-прадавец перапытвае: -- А что такое “папера”? Покажите, что вы хотите. Пакупнік абураецца. Тыя, што стаяць за ім, таксама бурчаць: -- Хватит издеваться над продавцом. Говорите нормально, достали своей мовай. Вось і мая чарга. Ціха пытаюся ў юнай прадаўшчыцы, якую замежную мову яна вучыла. Высьвятляецца, што нямецкую. Нагадваю, што і ў нямецкай, і ў беларускай мовах расейскае слова “бумага” гучыць амаль аднолькава “папера – papier”. Дзяўчына пачырванела, што азначае: “Ня ўсё так дрэнна”.

... Яшчэ адна сцэна. Купляю на Камароўцы агуркі. Перада мной – бабуля. Гандлярка яе ня чуе – размаўляе па мабільніку. Закончыўшы, зьвяртаецца да бабулі: “Што вам?” Бабуля: “Дык я ж вам гавару...” Гандлярка не дае ёй закончыць фразу: “Бабушка, надо говорить правильно – не «гавару», а «говорю»…Магчыма, гандлярка – філолаг па адукацыі. Яе б у Палату прадстаўнікоў, у камісію па ўдасканальваньню беларускага правапісу. Там яўна не хапае кадраў”,--


-- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ільля Копыл зь Менску.

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога – Ігар Сьцябуля зь Менску. Слухач піша:

“Нядаўна, едучы “электрычкай” на працу, чуў, як адзін пэнсіянэр ліў “кракадзілавы сьлёзы” па СССР. Маўляў, развалілі такую магутную дзяржаву, у якой усім так добра жылося…Відаць, забыў той стары пра чэргі, пра татальны дэфіцыт, пра тое, як усё даводзілася здабываць праз знаёмства і блат. А грошы, якія амаль усе трымалі ў Ашчадным банку і якія ляснулі з распадам савецкай імпэрыі? Відаць, гэты пэнсіянэр забыў, як нашы браткі-беларусы гінулі ў Аўганістане ды ў іншых мясьцінах сьвету, дзе савецкія салдаты выконвалі так званы “інтэрнацыянальны абавязак”, а ў сапраўднасьці – ваявалі невядома за чые інтарэсы. Вельмі кароткая ў некаторых памяць пра жыцьцё ў савецкай імпэрыі”,–

– напісаў Ігар Сьцябуля зь Менску

Дзякуй, спадар Сьцябуля, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG