Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ абяцае студэнтам за інфармацыю “пэўныя дывідэнды”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Не зьмяншаецца увага спэцслужбаў да маладзёвых актывістаў, у прыватнасьці да тых, хто навучаецца за мяжой. Гэта датычыць і гарадзенскай моладзі.

Яўген Скрабутан навучаецца у Варшаўскім унівэрсытэце па праграме імя Кастуся Каліноўскага. Днямі з групай моладзі ён перасякаў літоўска-беларускую мяжу на КПП “Прывалка” ў Гарадзенскім раёне. Яго сустрэлі два памежнікі, зь якімі раней яму даводзілася сутыкацца на КПП “Брузгі” на мяжы з Польшчай. Яны прапанавалі падвезьці яго да Горадні.

Скрабутан: “Яны пытаюцца: што адбываецца ў дэмакратычных сілах, што адбываецца ў “Маладым фронце”, што адбываецца ў студэнтаў за мяжой? Мне падаецца, што гэтыя людзі замацаваныя за памежнымі пераходамі і проста езьдзяць туды-сюды. Мне здаецца, яны ведаюць, калі я буду вяртацца з-за мяжы або нейкая група студэнтаў, і яны едуць туды на машыне, сустракаюць, задаюць нейкія пытаньні і кантралююць ўсё. Яны сказалі, што час ад часу іх перакідваюць на іншыя пераходы, каб навесьці парадак…”

Памежнікі спрабавалі высьветліць у Яўгена Скрабутана падрабязнасьці пра летнік, што праводзіла ў Літве адна дацкая арганізацыя.
”Мне падаецца, што гэтыя людзі замацаваныя за памежнымі пераходамі і проста езьдзяць туды-сюды.”
Разам з Яўгенам зь Літвы вяртаўся гарадзенец Алег Коцкі. На наступны дзень адзін з гэтых памежнікаў па тэлефоне прапанаваў яму сустрэцца ў горадзе, але хлопец адмовіўся. Алег мае намер вучыцца за мяжой, а пакуль што двойчы прыцягваў увагу службоўцаў на КПП, калі вяртаўся дахаты з групамі моладзі.

Сьцяпан Сьвідэрскі навучаецца па праграме Кастуся Каліноўскага ў Гданьску. Ён удзельнічаў у кампаніі “Абаронім Горадню ад разбурэньня” і быў аштрафаваны адміністрацыйнай камісіяй. Ён гаворыць, што яго па тэлефоне запрасілі ў КДБ, каб паразмаўляць пра яго навучаньне за мяжой.

Сьвідэрскі: “Супрацоўнік КДБ пачаў упрошваць мяне прыйсьці да яго, у тым ліку ён прыводзіў такія аргумэнты: што калі я прыйду, і нашая размова адбудзецца, то гэта будзе падставай для напісаньня артыкулу ў прэсу альбо ў інтэрнэт. І ён сказаў, што тады я атрымаю за гэта “пэўныя дывідэнды”. Ад каго, канешне, не сказаў. Потым ён пачаў мяне ўпрошваць пасупрацоўнічаць з органамі сваёй краіны, пачаў апэляваць да патрыятычных пачуцьцяў”.

Сьцяпан адмовіўся, сказаў, што прыйдзе толькі калі атрымае позву. Ён таксама гаворыць, што нядаўна на яго зь сябрам адбыўся напад. Некалькі чалавек, нічога не гаворачы і не патрабуючы, напалі на іх. Непадалёк быў пост ДАІ, але міліцыянты ніяк не адрэагавалі на здарэньне, гаворыць Сьцяпан Сьвідэрскі.
“Ён сказаў, што калі нашая размова адбудзецца, то гэта будзе падставай для напісаньня артыкулу ў прэсу альбо ў інтэрнэт, і я атрымаю за гэта “пэўныя дывідэнды”.”
Спробы ціску на маладых актывістаў камэнтуе грамадзкі праваабаронца Сяргей Мальчык:

“Гэта ацэнка, як мне падаецца, з боку органаў КДБ той небясьпекі для існуючага рэжыму, якую ўяўляе зь сябе актывізацыя моладзі. І дзяржава, і КДБ, яны пакуль не знайшлі, а толькі шукаюць сродкі, якім чынам гэтую хвалю спыніць. Я думаю, што менавіта з гэтым зьвязаныя ўсе тыя дзеяньні, што робяцца адносна тых, хто вучыцца за мяжой дзеля таго, каб неяк дыскрэдытаваць гэтых людзей, гэтую праграму і такім чынам выбіць падмурак у палітычна актыўнай студэнцкай моладзі. Наўрад ці ў гэтым ёсьць вялікія посьпехі, таму што праграма К.Каліноўскага працягваецца, і я ня бачу цяпер адтоку моладзі з грамадзкіх арганізацый і палітычных партый”.

• Праблемы і магчымасьці адукацыі за мяжой, 19.07.2007 • Студэнтаў-каліноўцаў пачалі выклікаць у КДБ, 13.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG