Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Пакупная здольнасьць заробку скароціцца ў 2008 годзе на 15-18 %”


Віталь Цыганкоў, Менск Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч аб’явіў пра падвышэньне цэнаў на шэраг харчовых і нехарчовых тавараў. Сярод іншага, ад 30 жніўня кошт праезду ў гарадзкім транспарце ў Менску падскочыць на 20% (ад 500 да 600 рублёў), у рэгіёнах праезд замест ранейшых 420 рублёў будзе каштаваць паўтысячы рублёў за паездку. Таксама ўжо ў верасьні плянуецца падвышэньне цаны на хлеб, муку і малако. Чаму даводзіцца падымаць цэны на самыя сацыяльна значныя тавары? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з эканамістам Міхалам Залескім.

Цыганкоў: “Кіраўніцтва Беларусі заўсёды гаворыць пра сацыяльную накіраванасьць сваёй эканамічнай палітыкі і імкнецца знайсьці такія варыянты, прыдумаць любыя крокі, але каб не падвышаць цэны. Няўжо цяпер ужо няма іншых эканамічных рычагоў? Чаму даводзіцца падымаць цэны на самыя сацыяльна значныя тавары?”

Залескі: “Бо хуткі эфэкт магчыма атрымаць не на продажы Мэрсэдэсаў экстра-клясу (якіх некалькі штук у год прадаецца), а на хлебе, макаронах, малацэ, бэнзіне. Насельніцтва іх мусіць купляць, нікуды ня падзенемся, будзем купляць і заўтра-пасьлязаўтра”.

Цыганкоў: “Калі незалежныя эканамісты гаварылі пра наступствы падаражэньня кошту на расейскі газ, то казалі, што гэта абавязкова акажа свой нэгатыўны ўплыў на эканоміку, але не адразу. І тут былі розначытаньні, бо адны казалі – празь некалькі месяцаў, іншыя –праз год. Ці не азначае гэта, што час для гэтага нэгатыўнага эфэкту ўжо прыйшоў?” Залескі: “Усе эканамісты да гэтага падыходзілі дастаткова аднадумна і закладвалі стандартны – “паводле падручнікаў” – лаг паміж гэтым газавым канфліктам зімой і цэнамі ўраздроб. І вось прайшлі гэтыя 9 месяцаў, столькі, колькі патрэбна, каб шокам была працятая ўся эканоміка зьверху данізу. І вось яно цяпер данізу дайшло. Далей ужо альбо застанецца ў гэтым стане, альбо гэты шок будзе ўпірацца ў сацыяльныя праблемы і запавольвацца воляй ураду.”

Цыганкоў: “Ці рызыкнеце Вы даць прагноз, якая будзе далей дынаміка, і якая будзе інфляцыя сёлета і на наступны год?”

Залескі: “Інфляцыю Нацыянальны Банк утрымлівае досыць эфэктыўна. Я скажу пра наступны год, бо спэцыялізуюся на сярэднетэрміновых прагнозах. На 2008, калі ўсё будзе працягвацца так (расейскі амбасадар ужо абвясьціў нам рамкі цаны на газ на 2008-ы – ад 125 да 160 даляраў), пакупная здольнасьць заробку скароціцца ў 2008 годзе на 15-18 працэнтаў. А сёлета скарачэньне рэальнай пакупной здольнасьці будзе на 3-4 працэнты. Гэта і ёсьць інфляцыя, уласна кажучы.”

• Кошты вырастуць амаль на ўсё, 28.08.2007 • Апытаньне: “Цэны растуць на ўсё. Ну як жыць!?”, 28.08.2007
XS
SM
MD
LG