Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ будзе змагацца з аварыямі малітвай і сьвятой вадой


Радыё Свабода, Магілёў Сёлета колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў са сьмяротнымі выпадкамі ў Магілёўскай вобласьці, паводле афіцыйнай статыстыкі, павялічылася ў параўнаньні зь мінулым годам на 40 працэнтаў. Днямі ДАІ Магілёўшчыны зьвярнулася да сьвятароў праваслаўнай царквы з просьбай дапамагчы малітвай блякаваць адмоўную энэргетыку на найбольш небясьпечных участках аўтамабільных магістраляў.

Першым адгукнуўся на просьбу дзяржаўтаінспэкцыі бацюшка Мікалай з храму Пакрова Прасьвятой Багародзіцы, што ў Магілёўскім раёне. Ён асьвяціў участак дарогі, які вылучаецца павышанай аварыйнасьцю.

У Магілёўскай управе дзяржаўнай аўтаінспэкцыі пакуль не камэнтуюць супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой. Там зазначаюць, што яно толькі пачалося. Настаяцель храму Пакрова Прасьвятой Багародзіцы ў камандзіроўцы.

Сярод магілёўскіх кіроўцаў няма адназначнай пазыцыі адносна супрацоўніцтва ДАІ і праваслаўнай царквы. Вось два характэрныя адказы.

Кіроўца зь дзесяцігадовым стажам мяркуе што такое супрацоўніцтва не пашкодзіць:

“Я ацэньваю гэта станоўча. Тыя кіроўцы, якія будуць ведаць пра тое, будуць лішні раз канцэнтравацца на тым, што гэта сапраўды небясьпечны ўчастак. У той жа час хацелася б, каб ДАІ выконвала свае функцыі”.

А вось меркаваньне кіроўцы, які скептычна ацэньвае супрацоўніцтва ДАІ з праваслаўнай царквой. Ён за рулём каля сямі гадоў:

“Я лічу, што сьвятары найперш павінны зьвяртацца да кіроўцы. Асьвячай не асьвячай сьвятарамі – гэта ня дасьць абсалютна аніякіх вынікаў”.

Бялыніцкі краязнаўца Міхась Карпечанка, дасьледнік у тым ліку і містычных зьяваў, ня бачыць у асьвячэньні шкоды, аднак зазначае, што толькі практыка зможа пацьвердзіць слушнасьць супрацоўніцтва.

“Што ня шкодзіць, тое ў нейкай ступені і карыснае. У нас ёсьць каля вёскі Машчаніца такі ўчастак – там таксама дужа шмат аварыяў. Будуць неўзабаве будаваць у Машчаніцах царкву. Чын асьвячэньня пашыраны”.

• ДАІ Менску: 80% сацыяльнай рэклямы ўздоўж дарог – нашая, 27.08.2007
XS
SM
MD
LG