Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Ці магчымае, нават тэарэтычна, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі?</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ягонае выказваньне адносна магчымасьці разьмясьціць у Беларусі элемэнты ядзернай зброі “няправільна інтэрпрэтавалі”. Але гэта не адмяняе пытаньні, пастаўленыя ў сувязі з скандальнай заявай амбасадара. Ці паважаюць расейскія чыноўнікі сувэрэнітэт Беларусі? Як беларускае кіраўніцтва павінна рэагаваць на гэткія заявы? Ці магчымае, нават тэарэтычна, разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб і экспэрт ў міжнародных сувязях Андрэй Фёдараў.

“Сёньня – амбасадар у Менску, учора – супрацоўнік амбасады ў Кіеве. Можа, гэта не супадзеньне?”

Цыганкоў: “Як кажуць, “язык дадзены дыплямату, каб умець схаваць свае думкі”. Здаецца, гэты афарызм ня тычыцца расейскага амбасадара ў Беларусі Аляксандра Сурыкава. Нягледзячы на спробы абвергнуць самога сябе, Сурыкаў міжволі ўзьняў вялікі міжнародны скандал. Ідэю разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі адразу падтрымалі некаторыя расейскія генэралы – ці сьведчыць гэта пра тое, што да гэтай думкі шмат хто ў Расеі можа вярнуцца ў любы момант? Спадар Грыб, якое было ваша першае ўражаньне ад тых словаў Сурыкава?”

Грыб: “Калі я чытаў інтэрвію Сурыкава, у мяне было ўражаньне, што гэта выказваецца не амбасадар, а нейкая больш важкая асоба – міністар замежных спраў, прэм’ер або сам прэзыдэнт. Адказы былі даволі катэгарычныя, як быццам у Расеі ўжо ўсё вырашана і будзе так, як ён кажа. Нібыта няма ўжо і кіраўніцтва беларускага, як быццам прайшлі ўсе экспэртызы, і ўсё даўно вырашана. Вось калі амэрыканцы зробяць там, то мы адразу ў Беларусі зробім гэта... Мне гэта вельмі не спадабалася. Я ведаю, што такое амбасадар у іншай краіне, і як ён павінен сабе паводзіць”

Фёдараў: “Мне ўзгадваецца, як некалькі дзён таму нейкі супрацоўнік расейскай амбасады ў Кіеве заявіў, што Расея можа перагледзець статус Крыму, калі Ўкраіна ўздыме пытаньне аб вывадзе Чарнаморскага флёту пасьля заканчэньня дамовы аб арэндзе. Дык, можа, гэта не супадзеньне, а нейкая тактыка ці нават стратэгія расейскага кіраўніцтва?

Мы ведаем, што ў іх надыходзіць час электаральных кампаніяў, парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Мы ведаем, як Расея паводзіць сабе на міжнароднай арэне, спрабуючы пераканаць усіх, што яны зноў вялікая дзяржава. Можа, гэта – адзін зь піяр-хадоў, што прыдумала расейская кіраўніцтва, каб яшчэ больш пераканаць электарат у сваёй жорсткасьці і рашучасьці?”

“Але такая зброя будзе накіраваная фактычна толькі супраць Эўропы”

Цыганкоў: “Расейская прэса выказвае і такую вэрсію: беларускае кіраўніцтва само зацікаўленае ў тым, каб нейкія элемэнты ядзернай зброі былі разьмешчаныя ў Беларусі. Тыя элемэнты, якія не парушаць падпісаныя Менскам міжнародныя дамовы. Маўляў, гэта падвысіць геапалітычную вагу Аляксандра Лукашэнкі ў гандлі з Масквой. Як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі?”

Фёдараў: “Адзінае, што можна разьмясьціць у Беларусі, не парушаючы міжнародныя дамовы – гэта тактычную ядзерную зброю. На жаль, няма фармальных дакумэнтаў, якія б забаранялі яе выкарыстоўваць. У свой час Міхаіл Гарбачоў і Буш-старэйшы дамовіліся аб двухбаковым вывядзеньні з баявога дзяжурства тактычнай ядзернай зброі і выканалі гэта. Але дакумэнтаў на гэты конт не існуе. Усё астатняе, што маглі б разьмясьціць у Беларусі, стала б парушэньнем міжнародных дакумэнтаў.

Што ж тычыцца геапалітычнай вагі, то можа зрабіцца толькі горш. Цяпер Беларусь спрабуе наладзіць нейкія ўзаемадачынеьні з Эўропай. Але такая зброя будзе накіраваная фактычна толькі супраць Эўропы. Тады на ўсіх марах аб нейкім узаемадзеяньні з Эўропай можна паставіць крыж. Мне падаецца, што нават у беларускага кіраўніцтва ёсьць разуменьне гэтага”.

Грыб: “Я згодны з гэтым і хачу заўважыць, што тактычная ядзерная зброя яшчэ больш небясьпечная для той краіны, дзе яна знаходзіцца, чым стратэгічная. Бо ўсе ваенныя дзеяньні могуць разгортвацца на той тэрыторыі, дзе знаходзіцца гэтая зброя.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаваньне, што Беларусь, маўляў, заўчасна вывела з сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Але яе ўзяць можна толькі ў Расеі. Аднак пасьля трох “газавых войнаў” Расея ўжо будзе думаць, ці трэба гэта рабіць”.

Фёдараў: “Мечыслаў Іванавіч мае рацыю. Але пазьней, пасьля таго, як дачыненьні з Расеяй пагоршыліся, былі ўжо іншыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, адваротныя, што нам гэтая зброя не патрэбная, і мы ніколі ня будзем парушаць міжнародныя дамоўленасьці”.
XS
SM
MD
LG