Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ізноў перажывае "бэбі-бум"


Іна Студзінская, Менск Сёлета толькі ў сталіцы стала на сем з паловай тысяч дашкольнікаў болей, чым пры канцы 1990-х. У той час нараджальнасьць была нізкая, і некаторыя будынкі дзіцячых садкоў здалі ў арэнду, пераабсталявалі пад офісы. Цяпер жа аддаць дзіця ў садок побач з домам часам праблематычна.

У Менску 421 дзіцячая дашкольная ўстанова, прыкладна 72 тысячы дзетак ходзяць у садкі – дзяржаўныя, санаторнага тыпу, прыватныя. Тэарэтычна дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках быць не павінна, кажа галоўны спэцыяліст камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Алена Макарэвіч:

“Колькасьць месцаў у дашкольных установах і колькасьць дзетак дашкольнага ўзросту ў Менску практычна аднолькавыя. І практычна мы можам забясьпечыць усіх ахвотных наведваць дашкольныя ўстановы. Іншая рэч, у новых мікрараёнах, якія будуюцца, сканцэнтравана вялікая колькасьць дзяцей дашкольнага ўзросту. Там маладыя сем’і, шмат будуецца сацыяльнага жытла. Менавіта ў гэтых мікрараёнах месцаў у дзіцячых садках не хапае”.

У Менску найбольш складаная сытуацыя ў мікрараёнах Сухарава, Чырвоны Бор і Лошыца. У Лошыцы 6 дзіцячых садкоў. У чарзе на месца ў садку менавіта ў Лошыцы цяпер каля тысячы чалавек. Хаця й там праблема вырашаецца, кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Ленінскага раёну Менску:

“У Лошыцы ўсе садкі запоўненыя. Усе, хто хоча атрымаць месца ў дзіцячым садку, яго атрымлівае ў найбліжэйшых мікрараёнах. У асноўным у раёне камвольнага камбінату. Гэта два прыпынкі на аўтобусе. Хіба ж гэта праблема?”

Ад мікрараёну Лошыца да камвольнага камбінату ў сапраўднасьці ня два, а шэсьць прыпынкаў на грамадзкім транспарце. І ў гадзіну пік з малым дзіцем гэта ня вельмі зручна. Галоўны спэцыяліст камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Алена Макарэвіч пагаджаецца:

“У новых мікрараёнах мы ня зможам цалкам задаволіць патрабаваньні бацькоў. Але пытаньне вырашаецца: даецца месца ў мікрараёне, які крыху далей разьмешчаны”.

Праўда, бацькам абяцаюць, што гэта часовыя нязручнасьці, садкі ў мікрараёнах будуюцца. Літаральна ў пятніцу адчыніцца новы садок у Лошыцы, у лістападзе – у Сухараве.

Днямі намесьнік міністра адукацыі Барыс Іваноў заявіў, што ведамства мае намер вярнуць у сыстэму Мінадукацыі будынкі дзіцячых дашкольных установаў, якія ў свой час былі перапрафіляваныя пад офісы. Да прыкладу, у адным з былых дзіцячых садкоў у Зялёным Лузе цяпер месьціцца Першамайская падатковая інспэкцыя, на вуліцы Платонава – амбасада Кітаю. У некаторых дзіцячых садках знаходзяцца прыватныя фірмы. Праўда, ці хутка і якім чынам адбудзецца гэтае вяртаньне, пакуль што невядома.

Садок лічыцца беларускім, калі ў ім ёсьць хаця б адна беларуская група

Як выглядае сытуацыя зь беларускамоўнымі садкамі? Расказвае намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Крысьціна Вітушка:

“Садкоў беларускамоўных 12. Садок лічыцца беларускім, калі ў ім ёсьць хаця б адна беларуская група. А група лічыцца беларускай, калі ў ёй хаця б адзін дзень размаўляюць па-беларуску і справаздачы і праграмы пішуцца па-беларуску.

Фармальна колькасьць груп, садочкаў не зьмянілася. Іншае пытаньне – наколькі яны сапраўды беларускія? Ці ёсьць там штодзённае ўжываньне беларускай мовы? Бо часта бывае, што ў чацьвер у іх, напрыклад, дзень беларускай мовы, калі дзеткі замест “спасибо” кажуць “дзякуй”. Гэтым уся беларускасьць абмяжоўваецца”.
XS
SM
MD
LG