Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што ў Пімене табе маім? Постаць Пімена Панчанкі на зломе эпохаў”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 25 жніўня) Удзельнік гутаркі “за круглым сталом”: народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, паэт і грамадзкі дзеяч Анатоль Вярцінскі, гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч. Вядзе перадачу Міхась Скобла.

“Пакаленьне Панчанкі – гэта траўмаванае пакаленьне”

Міхась Скобла: “Спадарства, мінулая гутарка ў “Доме літаратара” прысьвячалася Янку Брылю. Сёньня мы пагаворым пра Пімена Панчанку. Першае, што кідаецца ў вочы, – пэўнае падабенства іх лёсаў. Нарадзіліся яны ў далёкім ужо 1917 годзе, у месяцы жніўні: Брыль – 4 жніўня, Панчанка – 23-га. Прычым, абодва – за межамі Беларусі: Брыль – на Чорным моры, у Адэсе, а Панчанка – на моры Балтыйскім, у Таліне. Абодва сталі народнымі пісьменьнікамі. Але адзін жыў у Заходняй Беларусі, а другі – ва Ўсходняй. Гэта неяк адбілася на іхнім сьветаглядзе, на творчасьці?”

Анатоль Сідарэвіч: “Гэтае пакаленьне называлі “равесьнікамі Кастрычніка”. Брыля хлопчыкам з Адэсы прывозяць у Заходнюю Беларусь, падлетка Пімена з Таліну – ва Ўсходнюю. Хлопцу трынаццаць гадоў, першая частка ягонага сталеньня прыпала на беларусізацыю. А калі ён падрос, пачаўся вядомы хапун 1930 году, высылкі 1931-га. Спачатку ён чытаў у школьных чытанках Максіма Гарэцкага, Язэпа Лёсіка, Сьцяпана Некрашэвіча, а потым усё гэта было са школьных праграмаў выкінута. У 30-я гады Панчанка прыходзіць студэнтам у Пэдагагічны інстытут, а там працягваецца гэтая “чыстка” падручнікаў. Пакаленьне Панчанкі ў савецкай частцы Беларусі – гэта траўмаванае пакаленьне”.

Анатоль Вярцінскі: “Гэта так: адзін зь іх, вялікіх беларусаў, быў заходнікам, другі – усходнікам. Але ёсьць і ў найноўшай гісторыі Беларусі дата, “пад якой” яны цудоўна сышліся. Я маю на ўвазе Першы кангрэс дэмакратычных сілаў. На ім яшчэ выступалі Захаранка і Карпенка, панавала атмасфэра аднадумства, імкненьне адстаяць Канстытуцыйны лад, дэмакратыю, запратэставаць супраць новага рэжыму, які пачынаў набіраць свае сілы. Усё гэта запомнілася, але ці ня самы яркі ўспамін – выступ на кангрэсе Янкі Брыля, ён адкрываў кангрэс. Памятаю, ён сказаў, што калі яму прапанавалі высокі гонар выступіць перад удзельнікамі кангрэсу, то ў ягонай памяці ўсплылі радкі незабыўнага Пімена Панчанкі, напісаныя ў далёкім франтавым годзе: “І адна ў мяне сёньня пра радзіму трывога, і адна ў мяне сёньня на радзіму дарога”.

“Пімен быў адначасова сынам і пасынкам свайго часу”

Скобла: “Мне таксама прыгадалася адно чатырохрадкоўе Панчанкі: “Сягоньня не засну. Мяне так дзіўна хваляць, як сьпелую сасну, якую заўтра зваляць”. І сапраўды – і хвалілі, і ўзвышалі, і пажыцьцёва ўзводзілі ў літаратурны пантэон. А калі зірнуць з дня сёньняшняга: ці ўсё, напісанае Панчанкам, вытрымала выпрабаваньне часам?”

Вярцінскі: “Паводле духу – усё, у сэнсе фактаграфіі, магчыма, трэба было б сёе-тое падрэдагаваць... Але сёньня ў нас гутарка пра вялікага паэта. А, паводле антычнага аўтара, такія дні ў цывілізаваных краінах адзначаюцца белым каменем”.

Рыгор Барадулін: “Безумоўна, ня ўсё са створанага Панчанкам перакрочыла ў ХХІ стагодзьдзе, тут я згодны з Анатолем Вярцінскім. Любая паэзія, асабліва калі яна з такім публіцыстычным ухілам, як у Панчанкі, пакідае частку сябе ў сваім часе. Дарагі хлеб да абеду. Пімен быў сынам свайго часу й адначасова пасынкам свайго часу. Таму што нязьменна выступаў супраць афіцыёзу, зразумела, наколькі гэта было магчыма ў той час. Улада яго ўсё ж не любіла. У Панчанку як бы змагаліся лірык з публіцыстам. І, як правіла, перамагаў лірык”.

“Пяць тамоў у выдавецтве скарацілі да трох, ды і тыя паклалі “пад сукно”

Скобла: “Па сьмерці Панчанкі даводзілася чуць ад ягоных сяброў, што ў паэта за брэжнеўскім часам назьбіралася цэлая кніга вершаў, забароненых цэнзурай. Дзе яны?”

Вярцінскі: “Ня думаю, што ў Панчанкі засталося шмат вершаў у шуфлядах. Адметнасьць ягонага творчага,мастакоўскага лёсу ў тым, што яму ўсё ж удавалася прадзірацца праз цэнзурныя рагаткі, гаварыць тое, пра што другім гаварыць не дазвалялася, пра што другія гаварыць баяліся. Ну, пра тых самых прыстасаванцаў, пра высокія кабінэты, пра бюракратаў”.

Скобла: “Вы, Анатоль Ільліч, здаецца, мелі дачыненьне да падрыхтоўкі пасьмяротнага збору твораў паэта?”

Вярцінскі: “Так, удава Панчанкі Зоя Кірылаўна зьвярталася да мяне ў часе падрыхтоўкі збору твораў. Мы сядалі разам, праходзіліся па кнігах, раіліся наконт таго ці іншага твору. Спачатку збор акрэсьліваўся ў пяці тамах, нават з улікам адкладзеных, адсеяных. Лёс гэтага збору аказаўся сумным: спачатку ў выдавецтве з пяці тамоў засталося тры, а потым і трохтамовік “паклалі пад сукно”... Панчанка – адзін з нямногіх нашых паэтаў, каго разьнесьлі на цытаты. Ува ўсіх на памяці ягоныя выслоўі: “Без чалавечнасьці ня будзе і вечнасьці”, “Чаму зад бюракратычны душыць лад дэмакратычны”, “А страціць годнасьць – невыносна” і г.д. У гэтых радках – увесь характар паэта, у сёньняшняй паэзіі прысутнічаюць яго інтанацыі”.

Скобла: “Пра “характар” маё наступнае пытаньне. У 1992 годзе мне давялося сустракацца з Панчанкам, і ён расказаў, як яго ў Галоўліце прымусілі перапісаць верш “Родная мова”, які пачынаецца: “Кажуць, мова мая адмірае век свой ціхі, ёй зьнікнуць пара...” Дык вось, твор заканчваўся радкамі: “Ці плачу я, ці пяю, восень, на вуліцы цёмна... Пакіньце мне мову маю, пакіньце жыцьцё мне!” Галоўліт сказаў – такое друкаваць нельга, і паэт паслухмяна перапісаў. Чаму ўсё ж перапісаў? Не хапіла характару?”

Сідарэвіч: “Канечне, можна быць максымалістам і вырашаць : “або ўсё, або нічога”. Пімен Панчанка, відаць, абраў трэці шлях – “хоць што-небудзь”.

Вярцінскі: “Паэт нечым ахвяраваў дзеля галоўнага. Бо нават без тае працытаванае страфы верш “Родная мова” прагучаў магутна: “Калі хто загадае – ня трэба, адрачэцца ад мовы народ...” А гэта ж былі 1960-я гады, і загаднікі, што сядзелі ў высокіх кабінэтах, пазналі сябе”.

“Пімен Панчанка быў рэдактарам часопісу, а не ідэалягічным наглядчыкам”

Сідарэвіч: “Мы робім вялікае глупства, калі ня пішам мэмуараў. Ну, Васіль Быкаў напісаў... Але я не чытаў мэмуараў тых людзей, якія працавалі ў часопісе “Маладосьць”, калі там быў галоўным рэдактарам Пімен Панчанка. Шкада. Каб такія мэмуары былі напісаныя, мы б напэўна ведалі, як у “Маладосьці” змагаліся з цэнзурай. Вы паглядзіце – у часе рэдактарства Панчанкі ў часопісе расьцьвіў талент Васіля Быкава”.

Скобла: “У 1965 годзе Панчанка надрукаваў аповесьць “Мёртвым не баліць”, і быў за гэта зьняты з пасады. Мы больш ведаем пра “быкаўскую эпапэю” ў часопісе “Новый мир”, пра ролю Твардоўскага ў творчым лёсе Быкава. А пра аналягічны мужны ўчынак Панчанкі неяк забываемся.”

Сідарэвіч: “Справа ў тым, што калі зьявілася аповесьць “Мёртвым не баліць” на старонках “Маладосьці”, наша крытыка павяла сябе даволі карэктна. Ніхто не адважыўся рабіць палітычныя даносы. Але калі твор трапіў да ўсесаюзнага чытача, калі яго прачыталі і ўзбэк, і грузін, і латыш, і эстонец, гэта была ўжо іншая сытуацыя. Першым рэцэнзэнтам “Мёртвым не баліць” у маскоўскіх выданьнях быў наш землячок – чалавек па прозьвішчы Сеўрук. У беларускіх выданьнях ён захапляўся аповесьцю, а потым яму ўставілі мазгі ў Маскве, паабяцалі кар’еру, і ён на расейскі пераклад аповесьці напісаў свой вядомы разносны опус”.

Скобла: “Анатоль Ільліч, вы памятаеце той час. Якім быў Панчанка-рэдактар?”

Вярцінскі: “Хадзіла, як байка, з вуснаў вусны выслоўе загадчыка аддзелу паэзіі Міколы Аўрамчыка: “Я вашы вершы ўхваліў, падрыхтаваў да друку, але як скажа Пімен...” Пімен быў сапраўдным рэдактарам, не ідэалягічным наглядчыкам, а пільнаваўся найперш свайго бездакорнага мастацкага густу. Ён выдатна адчуваў паэзію. Я на ўласным досьведзе пераканаўся. Памятаю, прынёс у “Маладосьць” нізку вершаў, і адзін зь іх пачынаўся радкамі: “Патронаў – адна абойма, іх у абойме пяць, а ворагаў – цэлая плойма: з каго пачынаць?” І я там пачынаў... Пімен Емяльянавіч тады мяне паўшчуваў: “Ну што ты, паэт, узяў наган і пачаў страляць...” Заклікаў мяне да міласэрнасьці, да пачуцьця меры. І мне давялося забраць той верш”.

Пра Панчанкаву “газэтную філязофію” і пра адносіны да правадыроў

Скобла: “Кажуць, непатрэбшчына – рыфмы нават геніяў. А што рабіць з трэшчынай? Помніце – Гейнэ”. Гэта апэляцыя Панчанкі да вядомага выслоўя Гайнрыха Гайнэ: “Сьвет раскалоўся, і трэшчына прайшла праз сэрца паэта”. І сапраўды, Панчанка вельмі многае прапускаў праз сваё сэрца. У выніку часам зьяўляліся вершы, якія Янка Брыль назваў “газэтнай філязофіяй”. А ці сумяшчальная ўвогуле публіцыстыка з паэзіяй?”

Сідарэвіч: “А чаму не? Ніхто ж не аспрэчыць, што Маякоўскі быў адначасна і паэтам, і трыбунам. А ў Панчанкі пачытайце яго знакамітую “Паэму сораму і гневу”:

Я рос бяздумным дурнем, як і ўсе, І славіў росквіт, Сьветлы век машынны. Глядзеў з пагардай на каня ў аўсе, На воз бацькоўскі сьвежай канюшыны.

Я цэрквы закрываў, Я абразы паліў, Сялянскую маёмасьць перапісваў. І нюхалі нішчымныя палі Кароў галодных Родныя мне пысы...

Калі ласка – выдатная публіцыстычная паэзія! Панчанка быў чалавекам свайго часу і таксама паддаваўся камуністычнай прапагандзе, гэтай аблудзе, гэтай агітацыі. Але Панчанка ня быў няшчырым. У сваіх памылках ён таксама быў шчырым. І што істотна – не перабіраў меру. Памятаю, як у 1950-я гады я за два вечары прачытаў ягоны чырвоны двухтомавік, але ня памятаю панчанкаўскіх вершаў пра Сталіна”.

Скобла: “Дык двутомавік той выходзіў у 1959 годзе, таму і не “памятаеце”. Насамрэч, былі ў яго вершы і пра “бацьку народаў”. Ён і пазьней “правадырскай” тэмы не цураўся. Вось верш пачатку 1980-х: “Паміж эпох невыразных і шэрых... у Беларусі былі найвялікшыя трое: Каліноўскі, Купала, Машэраў...”

Барадулін: “Машэраў – прыгожая легенда, створаная камуністамі й беларускімі літаратарамі. У параўнаньні з усімі астатнімі гэта быў больш-менш спакойны кіраўнік, былы вясковы настаўнік. І нашы пісьменьнікі стараліся празь яго нешта зрабіць для беларускай культуры, літаратуры, выправіць катастрафічнае ўжо тады становішча з мовай. Але, па вялікім рахунку, з гэтага нічога не атрымлівалася. Паколькі Машэраў арыентаваўся на Маскву, а Масква дыктавала зусім другое”.

Вярцінскі: “Я хацеў бы нагадаць адзін фэномэн паэзіі Пімена Панчанкі. У ёй рабілася арганічным сплавам побытавае і ўзьнёсла-ідэальнае. Іначай кажучы – зямное й нябеснае. Гэтыя ягоныя парываньні ў будучыню, да абсалюту, да ідэалу. Часам, я згодны, ён зьбіваўся на “газэтную філязофію”, але сілай панчанкаўскага таленту і яна выходзіла на нейкае незвычайнае абагульненьне”.

Ліст Гарбачову: чаго ўдалося дамагчыся беларускай інтэлігенцыі?

Скобла: “Ня так даўно маскоўскі часопіс “Исторический архив” апублікаваў цікавы дакумэнт – ліст беларускіх дзеячаў культуры на адрас Міхаіла Гарбачова ў абарону той самай нацыянальнай культуры. Пад лістом – подпісы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Стэфаніі Станюты, Яўгена Куліка ды іншых. І, як мне здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх лістоў ва ўладу, які даў станоўчыя вынікі...”

Сідарэвіч: “У 1980-я гады ўлада ў Беларусі апынулася ў дзікім становішчы. Нехта Валеры Пячэньнікаў, здаецца, інжынэр-радыётэхнік, стаў сакратаром ЦК КПБ па ідэалёгіі. Чалавек сядзеў у прэзыдыюмах пісьменьніцкіх зьездаў і не разумеў, пра што гаворка: ён гэтых імёнаў ня чуў, ён гэтых твораў не чытаў. Камуністычны рэжым у Беларусі ўступаў падчас Сакалова, Дземянцея й Пячэньнікава ў стадыю дэбілізму. Гэта ўжо было выраджэньне.

А ліст той быў выкліканы болем, гневам, у пэўным сэнсе – надзеяй. І з таго, што прапаноўвалася, нямала было ажыцьцёўлена. Ліст прайшоў праз усе партыйныя інстанцыі ў Маскве, вярнуўся ў Беларусь з пэўнымі рэзалюцыямі. І ўрэшце беларусам было дазволена выпускаць навукова–мэтадычны часопіс “Беларуская мова і літаратура ў школе” (потым – “Роднае слова”), было дазволена выданьне часопісаў “Спадчына” і “Крыніца”. Я быў першым загадчыкам аддзелу літаратуры ў “Крыніцы”, і мне прыемна ўспомніць той час, калі часопіс пайшоў вялікім накладам у маладзёвую аўдыторыю. Я дакладна памятаю, што намэнклятуру перакладных кніг зацьвярджала Масква. І вось пасьля таго ліста ў “Мастацкай літаратуры” была заснаваная бібліятэчка ўсясьветнай клясыкі. Памятаю, як пачала выходзіць замежная проза ў добрым афармленьні. Стала магчыма ў 1990 годзе шырокае сьвяткаваньне 500-годзьдзя Францішка Скарыны, цэлая сэрыя кніг выйшла да юбілею. Так што сяго-таго нашай інтэлігенцыі тады ўдалося дамагчыся”.

Пімен Панчанка: “Замест белага колеру баязьлівыя чыноўнікі зьмясьцілі на дзяржаўны сьцяг карункі з жаночай спадніцы. Ну й сымбаль...”

Вярцінскі: “Подпіс Панчанкі пад тым лістом быў невыпадковым. На той час я быў рэдактарам тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. І, можа быць, дзякуючы прыгаданаму лісту, на старонках “ЛіМу” ўдалося апублікаваць такія артыкулы Панчанкі, як “Сыны ці пасынкі лёсу?”, “Як нам называцца?” і другія. Звычайна, Панчанка мне тэлефанаваў, а часам і ліст пісаў, потым я ішоў да яго дахаты, і на падставе ліста мы абмяркоўвалі чарговы артыкул на актуальную тэму. Памятаю ягоны артыкул пра тое, якім павінен быць беларускі сьцяг. У 1952 годзе бээсэсэраўскі сьцяг быў дапоўнены белай палоскай з беларускім арнамэнтам. І Панчанка пісаў у артыкуле: “Некалі баязьлівыя чыноўнікі замест белага колеру навязалі сьцягу карункі з жаночай спадніцы. Зь цягам часу прывыклі, забыліся, а ў той, памятаю, час з беларускага сьцягу сьмяяліся: ну і сымбаль...”

Скобла: “Пімен Панчанка закончыў Менскі пэдагагічны інстытут, які сёньня носіць імя Максіма Танка. Калі параўнаць: акурат цяпер выходзіць Збор твораў Танка ў 13 тамах, а Панчанкаў трохтомавік дванаццаць гадоў ляжыць у выдавецтве. Чаму так – абодва паэты афіцыйна прызнаныя, але аднаму і пасьмяротная слава, а другому – дзяржаўны нябыт?”

Барадулін: “Панчанку ўлада ніколі не любіла. Панчанку чыноўнікі заўсёды пабойваліся. І гэта па інэрцыі засталося да цяперашняга часу. А Максім Танк... Услухайцеся ў сам псэўданім: танк ды яшчэ кулямёт “максім”. Максім Танк быў хітрэйшы. Я нічога супраць яго ня маю, але Танк адзіны з Заходняй Беларусі быў абляўрэачаны, абпрэміяваны. А Панчанку ўвесь час скублі, улада яго любіла “праз зубы”.

“Замест Пімена Панчанкі Зорку героя сацыялістычнай працы атрымаў Іван Шамякін”

Сідарэвіч: “Нездарма ж клясык сказаў: “Бог ня роўна дзеле”. Максім Танк, наколькі я памятаю, ніколі калектыўных лістоў не падпісваў. Ён начальству асабліва за скуру не залазіў, солі туды не засыпаў і кіпеню не заліваў. А чыноўны люд, асабліва бальшавіцкай закваскі, вельмі злапомны. З прысваеньня імя Танка сталічнаму Пэдінстытуту пакепліваў нават такі сябра абодвух народных паэтаў, як Янка Брыль. Казаў – лепш імя Максіма далі б Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту культуры. Тое, што Панчанку не шанцуе на ўвекавечаньне памяці ў постаці Збору твораў, я тлумачу толькі вось гэтай злапомнасьцю ўлады. Бо ў зборы твораў давялося б надрукаваць і той ліст у ЦК КПСС”.

Вярцінскі: “Мне згадалася, як у свой час вырашалася пытаньне: каму надаць званьне Героя сацыялістычнай працы – Танку ці Броўку. І хадзіла тады эпіграма, да напісаньня якое, прызнаюся, я меў дачыненьне: “Выйшла зноў неспадзяванка, атрымалася нялоўка: на руках насілі Танка, а ў героі выйшаў Броўка”. У адносінах да Панчанкі, тут я згодзен, працягвае дзейнічаць дзяржаўная помста”.

Сідарэвіч: “Вы згадалі пра “геройства”. Зь Піменам Панчанкам атрымалася тое самае. У Маскву адправілі дакумэнты на Панчанку – для прадстаўленьня на Героя сацпрацы. Але “выйшла неспадзяванка, атрымалася нялоўка” – зорку Героя тады атрымаў Іван Шамякін”.

“Панчанка як мог адганяў хмары ад беларускага слова”

Скобла: “У мэмуарах Панчанка прыгадваў, як пры сустрэчах ягоны маскоўскі сябра Міхаіл Сьвятлоў зацягваў жартоўную арыю: “Что в Пимене тебе моём?” І далей Пімен Емяльянавіч піша: “І страшна запытаць у роднага народа – “што ў Пімене табе маім?” Што для вас асабіста – “у Пімене?”

Сідарэвіч: “Пачытайце вершы Панчанкі, напісаныя ў 1980-я гады. Там – заглыбленьне ў філязофію, у экзыстэнцыйную тэматыку. Ці ня дзіўна – былы камсамольскі актывіст, камуніст Панчанка піша ў вершы “Зьдзіўленьне”:

Не гаварыце мне пра гены, Не гаварыце мне пра код... Які ён, той касьмічны геній, Што склаў жыцьця няспынны ход?

Законы вечнага кружэньня: Расьці, цьвісьці, сьпяваць, шумець. Тут сьмерць – І зноўку нараджэньне, Жыцьцё – І зноў глухая сьмерць.

Стварыў ён веліч і мізэрнасьць Без мікраскопаў, ЭВМ, Уклаў у макавае зерне Найразумнейшую з сыстэм:

Адметны колер, рост і форму, Зялёны ліст і гнуткі ствол; Жыцьця пяшчотную рухомасьць, І тонкі пах, і хараство...

Пра каго гэты верш? “Касьмічны геній” – гэта ж Бог! Таму я люблю філязофскую лірыку Панчанкі, я люблю яго там, дзе ён любуецца прыродай, у яго ёсьць выдатная пэйзажная лірыка! Пімен Панчанка – чалавек, якога я заўсёды паважаў і ў якім ніколі не расчараваўся”.

Барадулін: “У Пімене” мне дарагія – шчырасьць, неспакой, найчысьцейшая беларуская душа. Ён як мог, наколькі яму гэта ўдавалася, адганяў хмары ад беларускага слова”.

Вярцінскі: “Пачуцьцё справядлівасьці, пачуцьцё вінаватасьці найбольш характэрныя для творчасьці Панчанкі. Часам на менскіх вуліцах я бачу шыкоўныя біг-борды з надпісамі: ці то “Беларусь для народу, ці то народ – для Беларусі”. І я заўсёды прыгадваю радкі Панчанкі:

Гаворыце, што выйшлі вы з народу? Адкуль? Куды? Якой цяпер пароды? Я са свайго народу не выходзіў і жыць да скону буду у народзе. Мне сорамна народ агітаваць, каб людзі больш і больш штодня рабілі: мясілі гліну, валуны драбілі, ён ведае і сам, як працаваць.

Пімен Панчанка ў сваіх творах пасьлядоўна сьцьвярджаў годнасьць беларуса, яго права на ўвагу й павагу другіх народаў, права мець сваю хату, мову, культуру й сваю сапраўдную паэзію”.

Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. Дом літаратара, 1980-я гады На здымку: Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. Дом літаратара, 1980-я гады
XS
SM
MD
LG