Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Ад пракурора патрабуюць прававой ацэнкі дзеяньняў міліцыі


Радыё Свабода, Гомель Сёньня намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора накіраваў пракурору Чыгуначнага раёну Гомеля заяву пра інцыдэнт, які адбыўся 26 жніўня ўвечары на тэрыторыі прыватнага дома на вуліцы Палеская 52, дзе, дарэчы, знаходзіцца й юрыдычны адрас рэгіянальнай арганізацыі АГП.

Афіцэры міліцыі Чыгуначнага РАУСу Уладзімер Гасімаў, Ігар Дзятлаў і Анатоль Лой бяз санкцыі пракурора і пад пагрозай узлому дзьвярэй прымусілі адчыніць офіснае памяшканьне палітычнай партыі.

Напачатку міліцыянтаў нібыта цікавіў нейкі злачынца. Пасьля ўварваньня на тэрыторыю прыватнага домаўладаньня маёр Гасімаў без дазволу рабіў відэаздымкі прысутных грамадзянаў, унутраных пакояў і наяўнага тэхнічнага абсталяваньня.

Перапыненая была сустрэча з былым вязьнем ГУЛАГу, пастарам закрытай уладамі Беларускай эвангельскай царквы Эрнэстам Сабілам. Каля дзесяці ўдзельнікаў сустрэчы, у каго не было пашпартаў, былі затрыманыя і дастаўленыя ў пастарунак.

Паколькі падобныя дзеяньні міліцыі сыстэматычна паўтараюцца, у заяве актывіст АГП патрабуе даць прававую ацэнку дзеяньням міліцыі і заадно высьветліць асобу, якая, паводле міліцыі, паведамляла, што ў офісе рэгіянальнай арганізацыі палітычнай партыі хаваецца злачынца або адбываюцца іншыя супрацьпраўныя ўчынкі.

Копія заявы пракурору накіравана таксама начальніку Чыгуначнага райаддзелу міліцыі.
XS
SM
MD
LG