Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Леанід Маракоў: “Здай нам пяць адукаваных знаёмцаў – і ты вольны!”</B>


Аляксандар Уліцёнак, Менск Днямі на пытаньні слухачоў Свабоды адказваў пісьменьнік, дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў. Зьмяшчаем скарочаны варыянт гэтай размовы.

“Тамы пра рэпрэсаваных настаўнікаў я выдаваў на грошы пісьменьнікаў”

(Ірына, Віцебск: ) “Як здарылася, што зь бізнэсу вы перайшлі ў літаратуру, сталі дасьледчыкам?”

(Маракоў: ) “У 1997-м я вярнуўся дадому на кароткі адпачынак з Далёкага Ўсходу, дзе сапраўды займаўся рознымі гандлёвымі апэрацыямі. І на мяне раптам выйшлі супрацоўнікі выдавецтва “Мастацкая літаратура”: ці захавалася хоць нешта ад вашага дзядзькі, слыннага паэта Валерыя Маракова, да 90-годзьдзя якога ідзе падрыхтоўка? А я ня чуў пра яго ніколі! Уяўляеце? І замест адпачынку пайшоў у бібліятэкі, архівы – так той месяц расьцягнуўся ўжо на 10 гадоў.

Спачатку выйшла манаграфія пра дзядзьку, потым – пра 400 літаратараў, якія паўтарылі ягоны лёс. На даведнік “Вынішчэньне” нечакана выйшлі больш за 30 рэцэнзіяў. Гэта стымулявала маю новую дасьледніцкую працу, адначасова пачалі пісацца апавяданьні”.

(Ірына: ) “Ці праўда, што вам фінансава дапамагалі калегі-пісьменьнікі?”

“Адкуль у іх грошы? Аднак апошнія тамы – пра рэпрэсаваных настаўнікаў, літаратары сапраўды падтрымалі. Бо тады я знаходзіўся ў крызысе: за няўплату “жыровак” нават сьвятло адключалі. Між тым дзьве кнігі былі цалкам гатовыя. 600 даляраў на вёрстку я знайшоў: прадаў тэлевізар. Каб далейшая праца не заглухла, пачаў тэлефанаваць знаёмым пісьменьнікам. Адгукнуліся літаральна ўсе – хто даў 20 тысячаў, хто 5, хто 50... Адмовіўся толькі адзін знакаміты паэт – “Ты што, Леанід, я ж пэнсіянэр...” Бог яму судзьдзя”.

(Ганна Кармушык, Калінкавічы: ) “Падкажыце, калі ласка, тэхналёгію пошукаў загіблых сваякоў?”

“Лепш пачынаць з кансультацыяў са мной, тэлефануйце на мабільны: 753-82-12. Праўда, яго чарговым разам адключылі за няўплату, але ж пазычу дзе-небудзь...”

“Чэкісты лічылі: павыразалі – і кропка! Не: вернем у гісторыю ўсіх...”

(Уладзімер Дамашэвіч, пісьменьнік: ) “Колькі словаў для слухачоў Свабоды. Падчас рэабілітацыі ахвяраў сталінізму, у 1958 годзе мне даручылі рэдагаваць кніжку спадчыны Валерыя Маракова. Рукапіс быў даволі вялікі – каля чатырох друкаваных аркушаў. Аднак начальства не прапусьціла зборнік у тым выглядзе: маўляў, кепска адрэдагаваў. Мяне адхілілі, і ў сьвет выйшаў зборнічак ўсяго на 30 старонак... Цалкам вершы расстралянага паэта надрукаваў праз паўстагодзьдзя ягоны ўнук, спадар Маракоў... Як вы, Леанід, адчуваеце сябе?”

“Дзякуй вялікі, Уладзімер Максімавіч! Кнігу пра настаўнікаў заканчваў і наўпрост за кампутарам страціў прытомнасьць, трапіў у лякарню. Там уведалі пра новую маю працу – рэпрэсаваных мэдычных і вэтэрынарных работнікаў, дык узялі пэрсанальнае шэфства...”

(Дамашэвіч: ) “Адкуль бяруцца сілы для новага пошуку?”

“Спачатку хацелася адпомсьціць літаратурным катам за дзядзьку, усім гэтым Бэндэ, Кучару й іншым даносчыкам... А цяпер ужо лічу сваім абавязкам аднавіць праўду пра ўсіх, хто трапіў пад кола рэпрэсіяў. Найперш хачу вярнуць з забыцьця культурную эліту Беларусі. Чэкісты думалі: павыразалі – і ўсё! Вось жа не! Вернем у гісторыю ўсіх...”

(Дамашэвіч: ) “Колькі ўжо зроблена?”

“Зь меркаваных 15 тамоў 10 ужо падрыхтавана. На выхадзе два чарговыя: мэдыкі і беларусы ў расейскіх канцлягерах. У апошнім томе будуць і мапы – дзе які лягер знаходзіўся, даведкі – хто быў начальнікам і гэтак далей”.

(Эсэмэс-пытаньне: ) “Колькі прозьвішчаў закатаваных на сёньня ў вашай картатэцы?”

“Аднавіў каля 15 тысячаў прозьвішчаў. У цэлым за пэрыяд сталіншчыны расстраляна ня менш за 50 тысячаў, а рэпрэсавана больш за 700 тысячаў. З тых высланых большасьць не вярнулася. Згадаю адзін толькі прыклад, датаваны 1933 годам. Хоць тады яшчэ масава не расстрэльвалі, са знакамітага вагона-цялятніка, куды запіхнулі мноства вядомых людзей ад Максіма Лужаніна да Міхася Каваля, ацалелі адзінкі. Напрыклад, хто ўцёк у вайну – быў такі шанец. І толькі Лужанін немаведама як вярнуўся празь некалькі месяцаў. Адразу ўладкаваўся на добрай пасадзе ў нашай “дарагой” сталіцы Маскве... Між іншым, тую закрытую рэцэнзію на кнігу майго дзядзькі, якую згадваў шаноўны спадар Дамашэвіч, напісаў менавіта Лужанін. Выразаў, як кажуць, 90 працэнтаў вершаў маладога паэта, якога называлі любімым вучнем Янкі Купалы, які ў 20-гадовым узросьце зьбіраў на свае вечарыны поўныя стадыёны і залі, чэргі ў бібліятэках... А ў яго прысуд: “ня тое, ня так”...

“Для сталіністаў самыя небясьпечныя тыя, хто ўмеюць самастойна думаць”

(Віталь Ругавін, Магілёў: ) “Чаму на Беларусі рэпрэсавалі ў асноўным інтэлігенцыю?”

“Галоўным было зьнішчыць інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Сталін баяўся людзей, як ён казаў, “мыслящих”. Кожны дзень наркамам унутраных спраў БССР у 1937-38 гадох Берману і Наседкіну недзе каля 11-й званілі з Масквы і дапытвалі, колькі расстраляна, колькі арыштавана. Прычым арыштоўваць загадвалася людзей менавіта адукаваных. Паэты Сяргей Грахоўскі і Павел Пруднікаў, якія зьведалі жах той пары, ўзгадвалі: з арыштаванымі на допытах заключаліся своеасаблівыя дамовы – здай ня менш за пяць адукаваных знаёмцаў – і ты вольны... Так нацыю рабілі бяздумнай”.

(Ругавін: ) “Ці ёсьць у вас на гэты конт нейкая статыстыка?”

“У 1920-1930-я гады было ўсяго каля 12 тысяч настаўнікаў. 10 тысяч у пачатковых, сямі- і дзевяцігодках, а каля 2 тысяч у тэхнікумах, інстытутах. Рэпрэсавалі кожнага трэцяга, хоць першапачаткова намячалі кожнага чацьвёртага. Я прыводжу дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэтую статыстыку. Цікавая акалічнасьць: амаль стопрацэнтна пад арышты трапілі выкладчыкі мовы, а вось фізыкаў і матэматыкаў найчасьцей пад увагу ня бралі.

Беларускую вёску таксама цалкам пакінулі і без царквы. Калі ўзяць праваслаўе, дык з 2 тысяч сьвятароў вынішчылі практычна ўсіх...

А якія яшчэ інтэлігенты былі ў перадваеннай вёсцы, акрамя пэдагогаў, бацюшкаў ды ксяндзоў? Атрымліваецца, нацыю хацелі пакінуць ня толькі бяздумнай, але і бездухоўнай”.

(Спадар Алесь: ) “Якое самае страшнае злачынства, на ваш погляд, учынілі сталіністы ў Беларусі?”

“У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі ў менскай турме НКУС (так званая “амэрыканка”) расстралялі каля сотні слынных беларускіх дзеячаў – ніводнага вяскоўца ці рабочага, толькі вышэйшая інтэлектуальная эліта: прафэсары, рэктары, пісьменьнікі...”

(Зьміцер Сава: ) “Чаму ў умовах ваенна-эканамічнага будаўніцтва практыкаваліся масавыя расстрэлы замест выкарыстаньня падазраваных у якасьці бясплатнай рабочай сілы ў сыстэме Гулагу?”

“Геніяльнасьць маньяка, якая дазволіла яму захаваць уладу да самай сьмерці: выразаў любое іншадумства, любое!”

(Эсэмэска: ) “Ці сустракалі вы сталіністаў сёньня?”

“Пасьля выхаду “Ахвяраў і карнікаў” мне хапіла тэлефанаваньняў з пагрозамі: не дабілі тваіх сваякоў, дык прыкончым самога ці дзяцей...”

(Юры Гумянюк, літаратар: ) “Чаму сёньняшнія ўлады імкнуцца ўсяляк замоўчваць пэрыяд рэпрэсіяў?”

“Бо асацыятыўна накладаюць іх на ўласную практыку, баяцца эфэкту памножанага рэзанансу, які пахісьне сыстэму”.
XS
SM
MD
LG